"У апошнім слове на судзе Сяргей сказаў, што хоча хутчэй гэта ўсё забыць, патрапіць дамоў і убачыць дачку", — сястра палітвязня Сяргея Далівелі пра брата
Палітзняволенага Сяргея Далівелю 7 кастрычніка асудзілі паводле арт. 130 Крымінальнага кодэкса на 2 гады калоніі за каментары ў інтэрнэце па “справе Зельцэра”. “Вясна” пагаварыла з сястрою Сяргея Аленай пра падрабязнасці яго затрымання, умовы ўтрымання ў СІЗА. А таксама, як Сяргей пачаў займацца музыкай.
Вобшук, збіццё, затрыманне
Сяргея арыштавалі 29 верасня 2021 года на працы. Яго родным пра затрыманне не сказалі. Пазней Сяргееў кіраўнік паведаміў аб гэтым сям’і. “Толькі 30 верасня мы даведаліся, дзе знаходзіцца Сяргей. Яго адвезлі на Акрэсціна”, – распавядае Алена. На наступны дзень яе брата прывезлі дамоў на вобшук. Па знешнім выглядзе мужчыны было зразумела, што яго моцна збівалі: “У яго быў разбіты нос і надарванае вуха. Сяргей выглядаў моцна збітым”, - дзеліцца назіраннямі жанчына.
Працяглы час ні адвакат, ні родныя Сяргея не мелі з ім ніякай сувязі. Лісты не даходзілі, перадачы не прымалі: “Паўтара месяца яго трымалі ў тым адзенні, у якім забралі пасля вобшуку. Некалькі разоў я спрабавала перадаць Сяргею рэчавыя перадачы, медыкаменты. Але супрацоўнікі СІЗА ў мяне іх не прымалі, спасылаючыся на каранавірус”, – абураецца Алена.
“Калі адвакат убачыла Сяргея праз паўтара месяца пасля затрымання, ён быў шэрага колеру і вельмі худы. Яны былі знаёмыя яшчэ да затрымання. Таму адкават добра ведае, як той выглядаў да затрымання. Не хочацца аб гэтым думаць, але мяркую, што Сяргея там трымалі ў вельмі дрэнных умовах.”
Лісты з-за кратаў і турэмная цэнзура
У лістах Сяргей распавядае, што вельмі сумуе па трохгадовай дачцэ Арыне. Шмат якія лісты адцэнзураваныя: у іх заштрыхаваныя некаторыя словы ці сказы.
“У Сяргея 20 лютага быў дзень народзінаў. Яму споўнілася 40 гадоў. Я прапанавала ў чаце сваякоў палітвязняў даслаць брату паштоўкі з нагоды юбілею. Як пазней высветлілася, шмат якія паштоўкі з віншаваннямі яму так і не дайшлі. Я думаю, адміністрацыя СІЗА наўмысна так робіць, каб палітвязень думаў, што ён нікому не патрэбны”.
Алена спрабавала дасылаць Сяргею лісты ад былога сукамерніка. Але мужчына іх таксама не атрымаў.
7 кастрычніка суддзя Віцебскага абласнога суда Галіна Бондал прызнала вінаватым Далівелю Сяргея паводле ч. 1 арт. 130 (Распальванне іншай сацыяльнай варожасці) і прызначыла яму пакаранне тэрмінам на 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
“У апошнім слове на судзе Сяргей сказаў, што хоча хутчэй гэта ўсё забыць, патрапіць дамоў і убачыць дачку”.
Беларускага музыку асудзілі на 2 гады калоніі за каментары па справе Зельцэра
Сяргей і музыка
Алена распавядае, што музыкай Сяргей пачаў займацца яшчэ ў падлеткавым ўзросце. У яго дома стаяла барабанная ўстаноўка, узмацняльнік, электрагітары. Ён граў і дома, і ў школьным ансамблі. Захапляўся рускім рокам, у прыватнасці, гуртом “Агата Крысці”. Пазней Сяргей далучыўся да музычнага гурта “Бандэроль” і стаў яго фронтмэнам.
Алена кажа, што Сяргей вельмі любіць дзяцей. Раней ён працаваў у музычнай краме, дырэктар якой ладзіў выязныя канцэрты ў дзіцячых дамах. Сяргей заўсёды актыўна ў іх удзельнічаў.
Гурт “Бандэроль” быў заснаваны 29 сакавіка 2009 года. Першапачаткова ў складзе гурта было пяць чалавек з розных калектываў. Сяргей Далівеля далучыўся да гурта ў чэрвені ў якасці бэк-вакаліста. Раней ён быў салістам гурта LCD. “Бандэроль” даваў канцэрты ў вядомых мінскіх клубах: Rock House, Графіці, RClub. Ужо напрыканцы лістапада Сяргей Далівеля стаў фронтмэнам і басістам гурта.
З 2011 гурт скончыў сваё існаванне. А ў 2019 годзе ў троху іншым складзе аднавіў музычную дзейнасць.
Падтрымайце Сяргея Далівелю пасылкамі, грашовымі пераводамі і тэлеграмамі: СІЗА-2, Гагарына 2, 210026, Віцебск, Беларусь (Сяргей Уладзіміравіч Далівеля).