Качарга, тлусты шрыфт і размова ў паліклініцы. Як у Мастах судзілі за абразы "прадстаўнікоў улады"
Праваабарончаму цэнтру "Вясна" сталі вядомыя некалькі прысудаў паводле дыфамацыйных артыкулаў, вынесеныя судом Мастоўскага раёна (Гродзенская вобласць) на пачатку 2022 года. Усе асуджаныя з'яўляюцца ўраджэнцамі ці жыхарамі Мастоў або Мастоўскага раёна. Іх імёны пакуль невядомыя, але "Вясна" распавядае пра тое, як выглядаў іх крымінальны пераслед.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, самым распаўсюджаным інструментам рэпрэсій сёння з'яўляецца крымінальны пераслед па дыфамацыйных артыкулах: за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады, суддзяў, а таксама за здзек з дзяржаўных сімвалаў (арт. 368, 369, 370, 391 КК).
Шматдзетны бацька і начальнік наркакантролю. Як "хімія" ператварылася ў калонію
18 студзеня 2022 года быў асуджаны бацька траіх непаўнагадовых дзяцей. Ён родам з Мастоў, але жыў у іншым горадзе. Гэта не першы ягоны прысуд паводле дыфамацыйнага артыкулу.
Раней мужчыну асудзілі да 3 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (ПУАТ) — т. н. "хімія". Гэта было зроблена на падставе абвінавачвання адразу паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса Беларусі:
- арт. 188 — "Паклёп"
- арт. 189 — "Абраза"
- ч. 1. арт. 366 — "Пагроза гвалтам"
- арт. 369 — "Абраза прадстаўніка ўлады"
Да моманту другога прысуду (18 студзеня 2022 года) мужчына ўжо паспеў адбыць 4 месяцы і 27 дзён.
Цяпер жа, 18 студзеня, яго прызналі вінаватым у падбухторванні да гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (ч. 5. арт. 16 КК і арт. 364 КК). За гэта суд прызначыў яму пакаранне ў выглядзе зняволення тэрмінам на 2 гады. А з улікам папярэдняга пакарання (шляхам частковага складання) мужчына атрымаў канчатковае пакаранне на тэрмін 2 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
У віну ж шматдзетнаму бацьку паставілі ягоны каментар у адным з тэлеграм-каналаў. Мужчына, выкарыстоўваючы нікнэйм "Псіхо3%", напісаў на адрас начальніка Аддзялення па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі паведамленне са словамі:
"У дачыненні да рудавалосага чалавека варта здзяйсняць нейкія дзеянні моцна разагрэтай качаргой".
Абвінавачванне палічыла такое паведамленне падбухторваннем да гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў. Абвінавачаны з гэтым не пагадзіўся і сваёй віны ў здзяйсненні злачынства не прызнаў. На судзе ён не адмаўляў, што размясціў гэтае паведамленне, але аспрэчваў, што яно змяшчае падбухторванне да гвалту. Лінгвістычная экспертыза ж прыйшла да высновы, што ў паведамленні "няма выказванняў заахвочвальнага характару, якія заклікаюць да гвалтоўных дзеянняў".
Тым не менш суд вырашыў, што паведамленне ўсё ж утрымлівае заклік да ўжывання гвалту ў дачыненні да міліцыянта, бо гэта "вынікае з кантэксту паведамлення, што з'яўляецца відавочным як для самога абвінавачанага, гэтак і для тых, хто чытае дадзенае паведамленне". І менавіта таму абвінавачаны ўсведамляў, што заклікае людзей ужыць гвалт да міліцыянта — да такой высновы прыйшоў суд.
Сам "пацярпелы" міліцыянт таксама палічыў, што паведамленне заклікае да гвалту. І што яно "абумоўлена помстай за тое, што ён працуе ў міліцыі, і накіравана на ягоныя маральнае прыгнечанне, вымушэнне да звальнення" — усё гэта вынікае з "агульнага сэнсу паведамлення", адзначыў "пацярпелы" міліцыянт.
Удавец і амапаўцы. Як праз "Аднакласнікі" ўгледжваецца "грамадская небяспека"
1 лютага выхадца і жыхара адной з вёсак Мастоўскага раёна асудзілі да 1 года і 6 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ ("хатняй хіміі"). Вядома, што мужчына з'яўляецца ўдаўцом.
Яго прызналі вінаватым у "абразе прадстаўніка ўлады" (арт. 369 КК).
Паводле абвінавачвання, мужчына, "выкарыстоўваючы ў якасці прылады здзяйснення злачынства мабільны тэлефон", напісаў у сацыяльнай сетцы "Аднакласнікі" каментар пад фота двух амапаўцаў, чым "зняважыў іх гонар і годнасць".
Абодва амапаўцы заявілі пазовы аб матэрыяльнай кампенсацыі іх маральных пакут ад каментара — па 1 500 беларускіх рублёў кожны. Суд іх задаволіў. Такім чынам, акрамя абмежавання волі, удавец мае выплаціць 3 000 беларускіх рублёў.
Сваю віну на судовым працэсе ён прызнаў, а з пазовамі пагадзіўся.
А суд у сваім рашэнні дадаў, што здзейсненае "злачынства" ў выглядзе каментара нясе грамадскую небяспеку, бо "абвінавачаны дзейнічаў схавана, усведамляючы сваю беспакаранасць". Мяркуючы па ўсім, суд меў на ўвазе тое, што мужчына пісаў каментар з акаўнта "Аднакласнікі", дзе быў паказаны нікнэйм, які не супадаў з ягоным сапраўдным імем.
Вясковы жыхар і Лукашэнка. Як ДТЗ прывяло да "абразы"
22 лютага жыхара адной з вёсак Мастоўскага раёна асудзілі за "публічную абразу прэзідэнта" (ч. 1. арт. 368 КК) да абмежавання волі тэрмінам на 2 гады без накіравання ў ПУАТ. Да суда мужчына знаходзіўся пад хатнім арыштам.
Мужчына "абразіў прэзідэнта" не праз інтэрнэт, а жыўцом — "у грамадскім месцы". Як высветлілася на судзе, ён здзейсніў дарожна-транспартнае здарэнне, праз што супрацоўнік Мастоўскага РАУС даставіў яго ў паліклініку, каб ён прайшоў медыцынскі агляд (на прадмет утрымання алкаголю ў крыві). Каля прыёмнага аддзялення абвінавачаны і выказаўся на адрас Лукашэнкі.
На судзе мужчына сказаў, што дрэнна памятае, як гэта было. Ён пагадзіўся з тым, што быў нападпітку, і наогул прызнаў сваю віну.
Суд жа палічыў, што словы абвінавачанага значна падарвалі аўтарытэт Лукашэнкі ў вачах навакольных і стварылі ягоны "негатыўны вобраз". А праз тое, што мужчына выказаўся ў прысутнасці пабочных грамадзян, то "ягоныя дзеянні насілі публічны характар".
Інжынер і Лукашэнка. Як абразіць тлустым шрыфтам праз відэаролік
17 сакавіка за "абразу прэзідэнта" (ч. 1 арт. 368 КК) асудзілі і ўраджэнца адной з вёсак Мастоўскага раёна, які працуе інжынерам па ахове працы. Яму прызначылі 1 год і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ.
Да суда мужчына знаходзіўся пад хатнім арыштам.
Пераслед пачаўся з адміністрацыйнай справы. У яе межах супрацоўнікі Мастоўскага РАУС забралі ў мужчыны ноўтбук і тэлефон. Зазірнуўшы ў прылады, міліцыянт пабачыў старонку ў "Аднакласніках", дзе мужчына размясціў відэаролік. Назва гэтага роліка і была кваліфікаваная як абраза прэзідэнта. Як палічыў суд, яна з'яўляецца "непрыстойнай і носіць абразлівы характар".
Акрамя таго, суд палічыў, што мужчына "прадбачыў грамадскую небяспеку сваіх дзеянняў" і нават "жадаў іх надыходу". Бо "назва відэафайла выканана тлустым шрыфтам", таму падчас яго размяшчэння абвінавачаны "свядома разумеў абразлівы змест яго назвы".
Сам абвінавачаны на судзе прызнаў сваю віну: ён пацвердзіў, што сапраўды апублікаваў у сябе на старонцы гэты відэаролік.
Акрамя абмежавання волі, суд пастанавіў канфіскаваць у абвінавачанага тэлефон як "сродак здзяйснення злачынства". Аднак ноўтбук яму вярнулі.
Дыфамацыйныя артыкулы ў Крымінальным кодэксе Беларусі: адказваем на пытанні