Два гады калоніі прысудзілі за абразу Лукашэнкі былому следчаму ў Бярозе
Бярозаўскім раённым судом 17 кастрычніка асуджаны былы следчы райаддзела СК Максім Куроўскі. Яго абвінавацілі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі па ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса.
Справу разглядала суддзя Наталля Вакульчык.
40-гадовы Максім Куроўскі скончыў мясцовую школу ў Пружанах, пасля Акадэмію МУС. Працаваў оперупаўнаважаным групы наркакантролю і процідзеяння гандлю людзьмі ў Пружанскім РАУСе. Затым — следчым Пружанскага райаддзелу СК. Звольніўся са службы ў 2020 годзе.
Быў затрыманы напрыканцы ліпеня 2022 года.
Згодна з матэрыяламі абвінавачання, Максім Куроўскі ў адным з чатаў месенджара Telegram наўмысна размяшчаў паведамленні ў дачыненні да Лукашэнкі, непрыстойныя па форме і абразлівыя па змесце. Экспертыза выявіла, што каментары змяшчалі негатыўную ацэнку Лукашэнкі, прыніжалі ягоныя гонар і годнасць. Да таго ж Максім карыстаўся пры гэтым беларускай мовай.
Нядаўна адмысловым загадам прэзідэнта Куроўскага пазбавілі службовага звання.
Судовы працэс пачаўся яшчэ 11 кастрычніка.
У якасці акалічнасці, якая змякчае адказнасць абвінавачанага, суд прызнаў раскаянне ў зробленым, а таксама наяўнасць на ўтрыманні Максіма дваіх малалетніх дзяцей.
Тым не меней, прысудам суда Куроўскі прызнаны вінаватым у публічнай абразе прэзідэнта, яму прызначанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін два гады з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
У дачыненні да мабільнага тэлефона, які належыць абвінавачанаму, ужытая спецыяльная канфіскацыя.