viasna on patreon

У Мінску распачаўся суд па справе "АГСБ": распавядаем падрабязнасці Дапоўнена

2022 2022-10-19T17:15:00+0300 2022-10-20T13:00:08+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/agsb_kastrych.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Мінскім абласным судзе 19 кастрычніка распачаўся суд па справе "Атрады грамадзянскай самаабароны Беларусі", якую ў Беларусі прызналі тэрарыстычнай арганізацыяй. Па справе праходзяць адразу пяць чалавек — Дзмітрый Сасноўскі, Аляксей Глотаў, Наталля Мацвеева, Вадзім Гулевіч, Кірыл Ашурак. Агулам іх судзяць па дзесяці артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку, за тэрарызм. Ім інкрымінуюцца тры эпізоды – спроба падрыва вузла сувязі Вайскова-марскога флоту Расеі ў Вілейцы, замах на прапагандыста Рыгора Азаронка і спроба знішчыць лесанарыхтоўчую тэхніку ў лясгасах. Пра затрыманне ўдзельнікаў "АГСБ" і гэтыя эпізоды стала вядома з выступа Лукашэнкі да Дня незалежнасці ў 2021 года. Ва ўсіх эпізодах былі задзейнічаны "падстаўныя" саўдзельнікі-сілавікі. Справу прызначаны разглядаць сумнавядомы "палітычны" суддзя Сяргей Епіхаў. Суд пакуль праходзіць у адкрытым рэжыме. Усім фігурантам пагражаюць вялікія тэрміны зняволення.

Першы суд па справе
Першы суд па справе "АГСБ" 19 кастрычніка

"АГСБ"  тэрарыстычная арганізацыя

Тэлеграм-канал і чат "Атрады грамадзянскай самаабароны" (АГСБ) узніклі ў верасні 2020 года. Праз год — 18 жніўня 2021 года — супольнасць "Атрады грамадзянскай самаабароны Беларусі" па рашэнні Вярхоўнага суда была прызнана тэрарыстычнай. Заяўлялася, што мэтай фарміравання было аб'яднаць "радыкальна настроеных грамадзян для ўдзелу ў мерапрыемствах па гвалтоўнай змене дзяржаўнай улады і тэрактах у Беларусі". Дзейнасць "АСБ " на тэрыторыі краіны забароненая. Прызнанне "АГСБ" тэрарыстычнай арганізацыяй ініцыяваў генпракурор Андрэй Швед.

Эпізод 1: спроба падрыва вузла сувязі Вайскова-марскога флоту Расеі ў Вілейцы

Па справе спробы падрыва вузла сувязі Вайскова-марскога флоту Расеі ў Вілейцы праходзяць тры чалавекі — Вадзім Гулевіч, Кірыл Ашурак і Аляксей Глотаў. Упершыню іх прозвішчы сталі вядомыя з выступу Лукашэнкі 2 ліпеня 2021 года. Паводле яго, "Атрады самаабароны" спрабавалі падарваць вузел сувязі Вайскова-марскога флоту Расеі ў Вілейцы. З ягоных словаў, нядаўна ў СМІ абмяркоўвалася нейкае здарэнне ў гэтым раёне, аднак, што менавіта здарылася, зразумела так і не стала. Па словах Лукашэнкі, ён распавёў аб гэтай падзеі ў тэлефоннай размове з Уладзімірам Пуціным.

"Мы вельмі сур'ёзна абмеркавалі і гэтую праблему. Вынік гэтага абмеркавання вы разумееце. Усе ўдзельнікі тэракту, у тым ліку тыя, хто ажыццяўляў і арганізоўваў, на працягу двух сутак былі знойдзеныя і арыштаваныя".

Тады Лукашэнка назваў і прозвішчы затрыманых: Гулевіч, Ашурак, Глотаў, Гаспадароў (ягоны лёс невядомы). Яны хацелі збегчы ў Украіну і Літву, але спробы не ўдаліся.

Дзяржаўны тэлеканал АНТ выпусціў фільм «20 Террор 21», дзе распавядаюцца падрабязнасці справы "АГСБ". Па сутнасці, словы Лукашэнкі, прапагандысцкі відэасюжэт і прэс-рэлізы дзяржаўных ведамств — адзіныя (абвінаваўчыя) крыніцы інфармацыі па справе. Пазіцыі саміх фігурантаў па справе невядомыя.

Мяркуючы фільму АНТ, 35-гадовы Вадзім Гулевіч, быў затрыманы супрацоўнікам КДБ пры спробе ўстанаўлення выбухоўкі на вузле радыёсувязі ў Вілейскім раёне (43-ы вузел сувязі ВМФ Расеі, адзін з двух вайсковых аб'ектаў РФ у Беларусі). Па словах яго маці ў інтэрв'ю "Нашай Ніве", Вадзім быў затрыманы 28 чэрвеня 2021 года каля ўкраінскай мяжы.

У фільме сцвярджалася, што затрыманым КДБ напарнікам Гулевіча пры спробе падрыву станцыі пад Вілейкай быў 44-гадовы Аляксей Глотаў. Паводле інфармацыі прапагандыстаў, у абавязкі Глотава таксама ўваходзіла перадача пісталета для нападу на Рыгора Азаронка — зброю канфіскавалі пры затрыманні.

23-гадовы Кірыл Ашурак у фільме АНТ называецца першапачатковым выканаўцам задання па падрыву аб'екта ў Вілейцы, аднак у выніку адмовіўся ад удзелу і толькі дапамог выведаць мясцовасць. Аляксандр Лукашэнка згадваў Ашурку ў ліку людзей, якія нібыта хацелі збегчы ў Украіну і Літву, аднак былі затрыманыя групай КДБ "Альфа". Вядома, што Кірыл затрымліваўся і быў жостка збіты 9 жніўня 2020 года — пра гэта ён распавядаў "Імёнам".

Кірыл Ашурак
Кірыл Ашурак. На працэсе ён у кофце колераў дзяржаўнага сцяга

Згодна версіі абвінавачвання, якую агучылі на судзе, Гулевіч і Глотаў, "апрануўшыся ў камуфляжную форму і узяўшы агнястрэльную зброю, боепрыпасы для акту тэрарызму, праніклі на тэрыторыю ваеннага аб'екта. Глотаў зафіксаваў выбуховыя прылады, які валодалі паражаючым дзеяннем у радыусе не менш за 11 метраў. Пасля ўстаноўкі яны адышліся на бяспечную адлегласць".

Па заключэнні эксперта, ініцыяванне выбуховых прылад праходзіла запаволеным дзеяннем. Адно выбуховае прыстасаванне не здэтанавала адначасова з іншымі, пазней яно было абясшкоджана і канфіскавана органамі дзяржбяспекі.

Матэрыяльную шкоду ацанілі на суму больш за 26 тысяч беларускіх рублёў

Аляксей Глотаў
Аляксей Глотаў

Таксама ў судзе была агучаная інфармацыя, што Вадзім Гулевіч, "планаваў пасля выехаць на тэрыторыю Украіны, каб там праходзіць падрыхтоўку для ўдзелу ў баявых дзеяннях". Быў затрыманы супрацоўнікамі ў Брэсце 28 чэрвеня 2021 года.

Гулевіч прызнаў віну часткова.

Эпізод 2: спроба знішчыць лесанарыхтоўчую тэхніку ў лясгасах

Гэта інкрымінуецца 39-гадовай Наталлі Мацвеевай. Таксама пра гэты эпізод упершыню стала вядома ад Лукашэнкі 2 ліпеня 2021 года. Тады ён заявіў, што літаральна нядаўна спрабавалі знішчыць вялікую колькасць лесанарыхтоўчай тэхнікі ў лясгасах. 

Наталля Мацвеева
Наталля Мацвеева

"Прозвішча выканаўцы, якая сама падахвоцілася, — Н. Мацвеева. Перахопленая групай "Альфа", арыштаваная і дае паказанні. У бліжэйшы час мы вас азнаёмім з імі. Якая мэта — падпаліць калону аўтамабіляў ноччу, выкласці гэта ў інтэрнэце і паказаць: глядзіце, мы жывыя, мы змагаемся і зрынем гэты рэжым. Гэта было 8 чэрвеня  яе затрыманне. Замах не ўдаўся".

Згодна версіі абвінавачвання, увечары 8 чэрвеня 2021 года разам з нібыта саўдзельнікам, які на самай справе выконваў заданне органаў дзяржаўнай бяспекі, прыбыла да лясгаса. Яна ўдзельнічала ў вырабе кактэйляў Молатава, пры дапамозе якіх павінны былі падпаліць тэхніку. Аднак была затрыманая да здзяйснення злачынства, гэта значыць не давяла свае дзеянні да канца.

Ёй інкрымінуюцца ч. 2 арт. 290-4 (удзел у дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі), ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 289 (падрыхтоўка да акта тэрарызму), ч. 2 арт. 295-3 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Мацвеева на судзе прызнала віну па ўсіх артыкулах.

Эпізод 3: замах на Азаронка

32-гадовы жыхар Ліды Дзмітрый Сасноўскі быў затрыманы 1 чэрвеня 2021 года. Яго абвінавачваюць у замаху на прапагандыста Рыгора Азаронка. У фільме АНТ паказваюцца кадры нападу, праўда, на іх Сасноўскі бяззбройны. Нібыта Глотаў мусіў перадаць яму зброю. Сам напад на Азаронка здзяйсняе чалавек, які, як мяркуецца, быў сілавіком.

Дзмітрый Сасноўскі
Дзмітрый Сасноўскі

У чым цяпер абвінавачваюць фігурантаў справы?

У верасні 2021 года Дзмітрый Сасноўскі, Аляксей Глотаў, Наталля Мацвеева, Вадзім Гулевіч, Кірыл Ашурак унесеныя ў Пералік фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці.

Цяпер фігурантаў справы абвінавачваюць па наступных артыкулах Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь:

  • Наталлю Мацвееву – ч. 2 арт. 290-4 (удзел у дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі), ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 289 (падрыхтоўка да акта тэрарызму), ч. 2 арт. 295-3 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь;
  • Вадзіма Гулевіча – ч. 2 арт. 290-4 (удзел у дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі), ч. 2 арт. 289 (акт тэраррызму), ч. 1 арт. 290-2 (садзейнічанне тэрарыстычнай дзейнасці), ч. 1 арт. 13 і арт. 290-3 (падрыхтоўка да праходжанне навучання ці іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў тэрарыстычнай дзейнасці), ч. 4 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь;
  • Кірыла Ашурка – ч. 2 арт. 290-4 (удзел у дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі), ч. 6 арт. 16 і ч. 2 арт. 289 (памагаты ў акце тэрарызму) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь;
  • Аляксея Глотава – ч. 2 арт. 290-4 (удзел у дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі), ч. 2 арт. 289 (акт тэрарызму), ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 359 (падрытхтоўка да ўдзелу ў акце тэрарызму ў адносінах да дзяржаўнага або грамадскага дзеяча), ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 295, ч. 4 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь;
  • Дзмітрыя Сасноўскага – ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім), ч. 2 арт. 290-4 (удзел у дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі), ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 359 (падтрыхтоўка да акта тэрарызму ў адносінах да дзяржаўнага або грамадскага дзеяча), ч. 6 арт. 16, ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 295, ч. 1 арт. 14 і ч. 4 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў), ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцыяў), ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Крымінальная справа знаходзілася ў вытворчасці следчага ўпраўлення Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Абвінавачаным пагражаюць вялікія тэрміны зняволення. Усе фігуранты ўтрымліваюцца ў СІЗА КДБ.

Што адбываецца на судзе?

32-гадовы Дзмітрый Сасноўскі з Ліды, калі суд высвятляў яго асобу, заявіў, што хоча адмовіцца ад грамадзянства Беларусі, таму што "не мае дачынення да тэрарызму". Ён падзякаваў сваякоў, якія прыйшлі ў залю суда, каб падтрымаць яго, і заплакаў.

Пацярпелы Азаронак у залу суду не з'явіўся, суд пачаў судовае следства без яго.

Як вынікае з абвешчанага абвінавачвання Мацвеевай, у арганізаваную групу тых, каго кіраўнік "АГСБ" Дзяніс Хромаваў-Хофман наймаў для здзяйснення акту на тэрыторыі Беларусі, быў укаранёны аператыўны супрацоўнік па прозвішчы Гардзееў, пра што не ведалі ні сама Мацвеева, ні Хромаў-Хофман. Мацвеевай зачытвалі абвінавачванні гадзіну. Віну яна прызнала цалкам.

У матэрыялах справы 15 тамоў. За першы дзень не паспелі зачытаць усім абвінавачванні.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства