viasna on patreon

Хацеў перашкодзіць руху цягніку з тэхнікай расейскіх войскаў. "Рэйкавага партызана" са Стоўбцаў асудзілі да 11 гадоў калоніі

2022 2022-10-19T12:37:11+0300 2022-10-19T13:26:08+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/hlebka_siarhei.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Мінскім раённым судзе 17 кастрычніка вынеслі прысуд па крымінальнай справе супраць палітзняволенага "рэйкавага партызана" Сяргея Глебкі — 11 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у 300 базавых велічыняў (9600 рублёў). Ён быў затрыманы ў ноч з 1 на 2 сакавіка ў Стоўбцах разам з жонкай за падпал бярвення з мэтай перашкоды руху цягнікоў з тэхнікай і боепрыпасамі расейскіх войскаў. Пасля затрымання Сяргея збівалі — гэта бачна на "пакаяльных відэа". Палітвязня абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 289 (акт тэрарызму) і ч. 4 арт. 309 (наўмыснае прывядзенне чыгуначных шляхоў зносін у непрыдатны для эксплуатацыі стан у мэтах учынення акту тэрарызму) Крымінальнага кодэкса. Справу два месяцы ў адкрытым рэжыме разглядаў суддзя Антон Колабаў. 

Згодна з матэрыяламі справы Глебка ў сакавіку 2022 года ў Стоўбцах "у мэтах дэстабілізацыі нармальнай працы чыгуначнага транспарту распаліў вогнішча на галоўным шляху непасрэдна перад праездам пасажырскага цягніка". Лакаматыўная брыгада не паспела своечасова прымяніць экстранае тармажэнне і цягнік праехаў над агнём. Машыніст грузавога чыгуначнага саставу з вуглём, які ехаў праз некаторы час, паспеў спыніць цягнік перад месцам узгарання дзякуючы папярэджанню дыспетчарскай службы Беларускай чыгункі.

Як сцвярджае абвінавачванне, дзеянні Глебкі "стварылі рэальную пагрозу надыходу цяжкіх наступстваў у выглядзе аварыі, пашкоджанні рухомага складу, гібелі альбо траўміравання людзей".

"Абвінавачаны здзейсніў злачынства пад уплывам дэструктыўных Telegram-каналаў і навінавых сайтаў, каб аказаць уздзеянне на рашэнні, якія прымаюцца органамі ўлады Беларусі".

На "пакаяльным відэа" пасля затрымання бачна, што Сяргей збіты.

"Паклаў два палены на шляхі, так як нагледзеўся тэлеграм-каналаў і быў не згодны, хацеў як бы выказаць сваю падтрымку і падпаліў гэтыя палены", — казаў мужчына на відэа.

7 ліпеня КДБ унёс Сяргея Глебку ў спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці.


Падтрымаць палітвязня можна па адрасе:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2,
Сяргей Сяргеевіч Глебка

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства