viasna on patreon

"Думаў, што здохну там, калі шчыра", — экс-палітвязень распавёў пра збіванні і чатыры месяцы на "Валадарцы"

2022 2022-10-21T13:09:08+0300 2022-10-21T13:32:43+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/ershov_konstantin_48l.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Збіванне сілавікамі ў пад'ездзе ўласнага дома, шпіталізацыя з РУУС з цяжкімі траўмамі, доўгае аднаўленне і зноў жорсткае затрыманне са шчытамі і аўтаматамі, катаванні ў ГУБАЗіКу, крадзеж грошай пры затрыманнях, 11 сутак у карцары на Акрэсціна, чатыры месяцы на "Валадарцы", суд за ўдзел у Маршах праз фота са "зніклага" ў міліцыі тэлефона і эміграцыя з Беларусі. Гэта сціслая гісторыя за два гады жыцця 34-гадовага фітнэс-трэнера Канстанціна Яршова. Былы палітвязень распавёў "Вясне" падрабязнасці свайго пераследу.

Канстанцін Яршоў. Фота з сацсетак
Канстанцін Яршоў. Фота з сацсетак

"На*уй вы яго сюды прывезлі? Чаго вы яго па дарозе не выкінулі? А раптам ён тут памрэ?"

У адзін з вечароў узімку 2020 года Канстанціну, які толькі адхварэў на COVID-19, трэба было адвезці бацьку ў лякарню ежу і рэчы. Але да яго мужчына так і не даехаў. Калі выйшаў з пад'езда, то ўбачыў характэрны бус з АМАПам. Канстанцін вырашыў паехаць пазней і хацеў вярнуцца дадому, але не паспеў.

"Мяне моцна збілі ў пад'ездзе ўласнага дома. За мной зайшоў ціхар і стукнуў па галаве. Я паваліўся проста каля ліфта. Пасля забеглі пяць ці шэсць сілавікоў. Калі я яшчэ трошкі быў у свядомасці, то паспеў сказаць ім, што я толькі перахварэў на COVID, але яны адрэагавалі на гэта ўдарамі ў вобласць сэрца і лёгкіх, каб я, напэўна, дыхаць не мог. Усярэдзіне пад'езда няма камер, таму "ніхто не бачыць — можна біць!" Мяне адштурхалі вельмі жорстка. Мяне настолькі цяжка збілі, што ў стане непрытомнасці мяне адцягнулі ў бусік. У машыне мяне яшчэ трошкі білі: я то прыходзіў у свядомасць, то адключаўся.

У бусе таксама апынулася знаёмая дзяўчына з суседняга пад'езда. Ёй нацягнулі шапку на галаву і таксама збівалі. Яе білі ў галаву кулаком ці нагой, яна казала, што адразу "зоркі з вачэй" пасыпаліся. Тое, што адбывалася потым са мной, я дазнаваўся ад яе. Яна распавяла, што нас [з іншымі затрыманымі] кінулі на падлогу і працягвалі біць. У мяне ўся вопратка была ў крыві, парвалі скураную куртку. Але, хутчэй за ўсё, яны да мяне хутка цікавасць страцілі, бо я быў у непрытомнасці: пабілі трохі і ўсё.

Па дарозе ў РУУС з бусіка мяне перакінулі ў аўтазак — жалезны МАЗ. Нейкі хлопец прывёў мяне ў прытомнасць. Ён быў увесь у крыві — яго таксама цяжка збілі. Ён папрасіў сцерці з ягонага лба пазнаку — намаляванае маркерам кола з чымсьці. Я быў амаль у стане непрытомнасці — я з апошніх сіл сцёр гэту пазнаку і зноў выключыўся. Мне трапілі кудысьці ў сэрца і, мяркуючы па ўсім, у мяне была трэшчына ў рабры.

Калі дзверы аўтазака адчыніліся, я выпаў. І калі я стукнуўся галавой аб падлогу, то апрытомнеў. Калі нас прывезлі ў РУУС, мяне выцягнулі і сказалі ісці самому. Я паспрабаваў зрабіць крок на правую нагу і зразумеў: штосьці не то. Нага дзіка балела і не слухалася. Пасля ў лякарні высвятлілася, што ў мяне разрыў мышцы ў сцягне. Супрацоўнікі, калі пабачылі мой стан, пачалі крычаць: "Выклікайце хуткую! На*уй вы яго сюды прывезлі? Чаго вы яго па дарозе не выкінулі? А раптам ён тут памрэ? Што вы з ім зрабілі, ідыёты?" Я ляжу і гэта ўсё чую. Я не ведаю, як я выглядаў, але па вопратцы пасля зразумеў, што выглядаў вельмі дрэнна: у мяне быў збіты твар, на шчацэ быў след ад бота — хтосьці на мяне ставіў нагу ў бусіку, відаць".

"Мы нават зрабілі генеральную даверанасць на распараджэнне маёй маёмасцю"

Канстанцін мяркуе, што яго тады збівалі супрацоўнікі АМАПа. Пасля выкліку з РУУС прыехала хуткая.

"Але дактары, калі прыехалі на выклік, штурхнулі мяне нагой і сказалі: "Уставай". Потым яны мяне неяк прывялі ў прытомнасць. У мяне былі пашкоджаны рэбры (злева), калена, локаць, плячо і наогул увесь правы бок, ныркі, кардыяграма была дрэнная. Напэўна, праз праблемы з сэрцам я і губляў прытомнасць".

У лякарні мужчына правёў каля трох тыдняў. Першыя пяць дзён Канстанціна трымалі пад кропельніцамі.

"Было вельмі цяжка. Максімальна. Я хадзіць не мог. Я дыхаць не мог. Я кашляць не мог. Смяяцца я таксама не мог. У нейкі момант мы нават зрабілі генеральную даверанасць на распараджэнне маёй маёмасцю, таму што дактары вельмі панікавалі, што ў мяне могуць пайсці тромбы — і тады ўсё…"

У Канстанціна таксама было зафіксавана запаленне лёгкіх і былі адбітыя ныркі.

"Тады не было столькі крымінальных спраў па фатаграфіях"

Калі мужчыну з РУУС забрала хуткая, то заплечнік з рэчамі застаўся ў міліцыі. У ім былі грошы і тэлефон. Дзесьці праз месяц пасля затрымання сваякі Канстанціна змаглі забраць заплечнік па фатаграфіі, аднак там не было тэлефона і грошай, якія яму не вярнулі дагэтуль, — яны проста "зніклі". У кашальку не апынулася вялікай сумы — замест папяровых банкнот насыпалі цэлую кішэню дробных капеек. Сваякі заяўлялі ў міліцыю, што знік тэлефон Канстанціна, але сілавікі яго так і не аддалі.

"На тэлефоне былі фатаграфіі, праз якія мяне потым і затрымалі ў межах крымінальнай справы".

Аднак ні на судзе, ні падчас следства ў Канстанціна не атрымалася высветліць, дзе той тэлефон, з якога былі здабытыя фота з акцый пратэсту, праз якія ён праходзіў абвінавачаным паводле крымінальнай справы.

"Гэта бардак! На судзе пракурор пытаецца: «Вашы фатаграфіі?» Я кажу: «Напэўна». Пракурор ізноў пытае: «То бок тэлефон у вас быў?» Я адказваю: «Быў!» Пракурор удакладняе: «Дзе ён?» Я кажу: «У вас!» Пракурор дзівіцца: «Як гэта ў нас? У нас яго няма!» Дык і ў мяне яго няма!"

Канстанцін цяпер узгадвае, што думак пакінуць Беларусь пасля таго, як тэлефон з ягонымі фатаграфіямі апынуўся ў сілавікоў, не было.

"Тады не было столькі крымінальных спраў праз фатаграфіі. У мяне не было думак з'язджаць, бо я люблю бязмежна сваю краіну. Цяпер, праўда, ненавіджу — пасля таго, як яна са мной абыйшлася. Я не думаў, што так усё павернецца. Ну, максімум — "суткі". Я быў гатовы да гэтага. У мяне сябар адседзеў сумарна 45 сутак арышту".

"Зранку да мяне заехала "метро" дадому"

Як потым Канстанцін даведаўся з матэрыялаў справы, сілавікі вырашылі, што ён з'яўляецца арганізатарам пратэсных акцый, таму некалькі месяцаў за ім сачылі. Аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы ў дачыненні да яго праводзіліся з лістапада, але прыйшлі да Канстанціна толькі сёлета 24 студзеня.

"Зранку да мяне заехала "метро" дадому: гляджу ў вочка і бачу шчыты, а па баках ліхтарыкі. У іх таксама была зброя. Сілавікі настойліва "папрасілі" адчыніць дзверы. Я жыў не адзін, а з сястрой і ейным мужам. Далей стандартна: мордай у падлогу ўсіх. Ішлі канкрэтна па мяне — паказалі тыя самыя фатаграфіі са "зніклага" тэлефона. На фота я быў у масцы".

Як распавядае мужчына, са слоў сілавікоў, яго затрымлівалі, у тым ліку, сілавікі з "Алмазу". Дома забралі ўсю тэхніку, флэшкі, іншыя электронныя носьбіты і буйную суму грошай. У мужчыны нават забралі вялікі пачак таблетак для суставаў "глюказамін хандраіцін" — ён іх пачаў піць пасля затрымання ўзімку 2020 года. Мужа сястры таксама затрымалі, таму што ў тэлефоне на ягоным воблаку знайшлі здымак з акцыі пратэсту.

"Прыехалі па аднаго, а забяром двух".

Канстанцін меў з сабой буйную суму грошай з продажу матацыкла. Сілавікі засунулі іх у дзве кішэні.

"І па дарозе ў ГУБАЗ грошы з адной кішэні зніклі. Я не ведаю, у які момант гэта адбылося. Я ім кажу: «А дзе мае грошы з кішэні?» А яны адказваюць: «Якія грошы? Мы не бачылі ніякіх грошай»".

Так у Канстанціна знікла каля 800 даляраў. Па дарозе супрацоўнікі казалі: "О, крута, зараз мы купім сабе новыя тачкі!"

Канстанцін Яршоў. Фота з сацсетак
Канстанцін Яршоў. Фота з сацсетак

"Здзекаваліся як маглі, сказалі, што грошы я свае больш не пабачу ніколі".

У ГУБАЗіКу мужчыну збівалі і катавалі, думаючы, што ён арганізатар пратэсных акцый.

"Было такое, што ежу нам давалі толькі адзін раз на дзень"

Аднак супраць мужчыны распачалі крымінальную справу за ўдзел у акцыях пратэсту паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. У карцары № 8 у ІЧУ на Акрэсціна Канстанціна пратрымалі 11 сутак. 

"Дзірка ў падлозе, бетонная халодная падлога, пад'ём два разы за ноч, каб мы не маглі адпачыць, увесь час уключанае яркае святло, 6-7 чалавек у камеры, стандартны бомж. Але нам пашанцавала! Нам закінулі мужчыну ў камеру, думаючы, што ён бомж, але ён прыстойны бяздомны — ён ні на што не хварэў, чысты. Але з карцара ўсё адно ўсе прыязджалі з вошамі, давялося потым усе рэчы пераправяраць.

Спалі мы, як і ўсе, на бетоннай падлозе. Але было вельмі халодна, таму што была зіма. Было дрэнна. Праз пыл ва ўсіх пачыналіся праблемы з дыханнем, з горлам і лёгкімі. Нават для мяне, цёртага калача, там было цяжкавата.

Часам нас не кармілі. Было такое, што ежу нам давалі толькі адзін раз на дзень. Мы хавалі хлеб, каб потым пагрызці сухары ў такіх выпадках. Дакументы па справе нам не давалі ў карцар, выкідвалі каля ўваходу, таму мы намагаліся схаваць, каб на ёй потым спаць і не застудзіць сабе ўсё канчаткова.

Нам давалі нейкае мыла — яно нават не гаспадарчае, не ведаю, з чаго яны яго робяць. Ім не тое што валасы нельга было вымыць, ім нават рукі нельга вымыць было.

У ІЧУ да нас было свінскае стаўленне. Я так разумею, нічога не змянілася з 2020 года. Супрацоўнікі там з нізкім узроўнем інтэлекту. Зранку і ўвечары жорстка праводзілі шмоны. Галаву трэба было апусціць да падлогі — чым ніжэй, тым лепш. Пры гэтым маглі стукнуць дубінкай, нагой, з кулака. Камусьці нават прыляцела рубам металашукальніка — вось гэта было балюча".

"Было цяжка — я думаў, што здохну там, калі шчыра"

На адзінаццатыя суткі Канстанціна перавезлі ў СІЗА-1, абраўшы ў якасці меры стрымання знаходжанне пад вартай. Мужчына быў вельмі хворы на той час.

"Калі мяне перавозілі ў СІЗА-1, то мне было ўжо зусім дрэнна. На той момант сінякі ўжо сышлі, але я захварэў на Акрэсціна, як і ўсе. Там жудасная антысанітарыя, мы ўсе спім на халоднай падлозе. Хутчэй за ўсё, там я падхапіў COVID. Я не адчуваў пахаў, была высокая тэмпература і кашляў крывёй. Было цяжка — я думаў, што здохну там, калі шчыра. Акрамя гэтага, у мяне вельмі запаліліся вочы — не расплюшчваліся вочы зусім. У мяне быў кан'юктывіт, прычым у вельмі цяжкай форме. І дагэтуль ён у мяне не прайшоў.

Сістэма на "Валадарцы" такая: каб цябе прынялі, не павінна быць пабояў і ты павінен быць здаровы. Сінякі да таго часу сышлі — яны ва ўсіх да этапу сыходзяць. У мяне маглі застацца толькі кропкі ад электрашокера. Перад адпраўкай мяне нашпігавалі гарачкапаніжальнымі, таму я хутка прайшоў медагляд.

У камеру пасля "адстойніка" (часовай камеры да накіравання ў асноўную) патрапіў я толькі ўвечары. Я кашляў, быў з вялікай барадой з каўтунамі, валасы заблытаныя, брудны, у ботах з вялікім слоем пылу. Сукамернікі падумалі, што да іх закінулі бамжа. Калі я закашляў, яны пачалі панікаваць і думалі, што ў мяне сухоты і яны ўсе памруць, распавядаў потым сукамернік. Мне было наогул дрэнна — я ледзь на нагах стаяў. І я цьмяна памятаю, як у камеры пачаліся хваляванні. Усе 23 чалавекі пачалі панікаваць. Але потым я сказаў, што я заехаў паводле 342-га артыкулу..."

Сукамернікі дапамаглі Канстанціну акрыяць ад прастуды сродкамі са сваіх перадачак, а для вачэй знайшлі ў кагосьці пад ложкам нейкія пратэрмінаваныя кроплі — яны трошкі дапамаглі.

"З лекамі было спачатку цяжка, але хлопцы дапамаглі. Я ачуняў дзесьці на пяты дзень. Тым часам я ўжо пачаў нармальна цяміць, хоць трымалася тэмпература і ўсё яшчэ кашляў крывёй".

"За дзень там скурваюць мінімум 1 200 цыгарэт"

Канстанцін Яршоў. Фота з сацсетак
Канстанцін Яршоў. Фота з сацсетак

Былы палітвязень утрымліваўся ў 24-мясцовай камеры 135 дзён — чатыры з паловай месяцы — у так званым "Шанхаі":

"Камера максімальна маленькая — месца не было зусім. Такіх толькі тры ў СІЗА. Гэтыя камеры прызначаны для асуджаных людзей, якіх адпраўляюць адбываць пакаранне. Гэта такі перавалачны пункт. То бок людзі стала жыць не павінны там. А наогул гэта былыя складскія памяшканні, пераробленыя ў камеры. Ніякай вентыляцыі і святла там не было — гэта падвал. Дзённага святла мы не бачылі ў прынцыпе".

Канстанцін сядзеў у адной камеры з былым судмедэкспертам, патолагаанатамам Паўлам Мякішам, якога асудзілі да пяці гадоў калоніі.

"Ён вельмі добры чалавек. Пашка навучыўся маляваць у СІЗА. Я захапляўся ім! Пры канцы ён ледзь не фатаграфічныя малюнкі рабіў. І ён малюнкі адпраўляў сваім дзецям. Памятаю, у мяне дракончыка браў перамалёўваць".

Канстанцін распавядае, што ў СІЗА вельмі шмат чытаў, напрыклад, Рэмарка, "Гары Потара" на ангельскай, Дэна Браўна, кнігі пра бізнэс.

"У сярэднім у мяне ішло адзін-два дні на кнігу. Я шмат чытаў".

Былы палітвязень адзначае, што ў камеры вельмі шмат курылі, таму яму, спартоўцу, які не меў гэтай звычкі, было вельмі цяжка там:

"Я лічыў, што за дзень там скурваюць мінімум 1 200 цыгарэт. У камеры няма вентыляцыі, таму там увесь час стаяў кумар, як у фільмах, дзе пускаюць дымавуху. Таму на першы тыдзень майго знаходжання, як толькі ледзь ачуняў, я пачаў наводзіць парадкі з гэтай нагоды, так бы мовіць. З маёй падачы мы ўвялі правілы: падчас сняданку, абеду і вячэры катэгарычна ніхто не курыць, а таксама падчас "спорту" з 15:30 да 17:30. Нейкі ўнёсак для здароўя людзей я ўсё ж зрабіў, і гэта мяне цешыць. Курэнне гэтае на маім здароўі вельмі моцна адбілася".

Канстанцін, як і шматлікія былыя палітвязні, адзначае дрэнную сітуацыю з лістамі ў СІЗА-1:

"Бывала такое, што яны наогул не даходзілі ні да каго. Мне неяк каля двух месяцаў лісты не даходзілі. Чацвяргамі там праходзяць праверкі, і на адной з іх я падняў сітуацыю з лістамі. З намі быў хлопец — Арцём Салавей — яму наогул лісты не даходзілі. І пасля таго, як я пасварыўся ў «залаты чацвер», то яму прыйшлі ўпершыню за паўгода пара лістоў. Гэта, вядома, усё скасавалася пасля, але хоць трошкі…

У нашай камеры шмат каму не даходзілі лісты — у асноўным, "палітычным". Але людзі не актыўныя ў барацьбе за іх: напэўна, баяцца патрапіць у карцар.

"Палітычным" лісты ходзяць дрэнна, але калі яны даходзяць, гэта так прыемна!"

"Былі думкі, што расчыняцца дзверы і нас з "калаша" пачнуць расстрэльваць" 

Канстанцін Яршоў ва ўкраінскіх Карпатах. Фота з сацсетак
Канстанцін Яршоў ва ўкраінскіх Карпатах. Фота з сацсетак

24 лютага Канстанцін дазнаўся пра напад Расіі на Украіну з тэлевізара ў СІЗА:

"Усе былі ў прыгнечаным стане, бо ніхто ў камеры, акрамя аднаго чалавека, не падтрымлівалі гэту вайну. Мне было вельмі сумна, таму што ў мяне і ва Украіне, і ў Расіі шмат сяброў. Хлопцы былі настроеныя не здавацца без бою. У нас былі думкі, што цяпер расчыняцца дзверы і нас з "калаша" пачнуць расстрэльваць. Таму што нас зрабілася 80% "палітычных" у камеры. У нейкі момант на "Валадарцы" ў прынцыпе скончыліся месцы, гэта нам сказалі тыя, хто там працуе. Але мы вырашылі: калі што, будзем прарывацца да апошняга".

«"Хімія" — гэта рабская праца»

Канстанціна Яршова на пачатку чэрвеня асудзілі паводле шасці эпізодаў у судзе Маскоўскага раёна Мінска. Суддзя Таццяна Пірожнікава прызнала мужчыну вінаватым згодна з ч. 1 арт. 342 КК і асудзіла да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ — "хіміі". Канстанціна вызвалілі ў зале суда да накіравання ў папраўчую ўстанову. Але, як прыгадвае былы палітвязень, спадзеву на тое, што ён выйдзе на волю пасля суда, не было.

"Калі мяне азнаёмілі з матэрыяламі справы, то мяне вельмі моцна накрыла".

Былы палітвязень адзначае, што пасля суда, калі ён выйшаў на волю, яго абуялі дрэнныя пачуцці.

"Я проста тэлепартаваўся з зімы ў лета. Калі шчыра, я адчуваў негатыўныя эмоцыі, таму што былі два прысуды, якія мяне задавальнялі: "хатняя хімія" і калонія. У апошняй няма нічога страшнага, там хоць можна вучыцца і займацца спортам. А "хімія" — гэта рабская праца. Гэта нашмат горш за калонію".

Пасля суда да апеляцыі Канстанцін яшчэ каля трох месяцаў жыў і працаваў у Беларусі — яму трэба было аддаць пазыкі, у тым ліку за адваката. Цяпер былы палітвязень пакінуў Беларусь і спрабуе ўладкавацца ў новай краіне.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства