viasna on patreon

Заява праваабаронцаў Беларусі аб прызнанні 8 новых палітычных зняволеных

2022 2022-10-21T19:22:00+0300 2023-01-26T14:49:51+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/area-6402943_1280.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Заява праваабарончай супольнасці Беларусі

Мінск, 21 кастрычніка 2022 г.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, адзначаем, што прыцягненне да крымінальнай адказнасці за распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы (арт.130 КК) следствам і судамі селектыўна і дыскрымінацыйна ўжываецца выключна для абароны інстытутаў улады, прычым вылучэнне прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, вайскоўцаў і г.д. у якасці сацыяльных груп, якія падпадаюць пад абарону ў гэтым кантэксце, нам уяўляецца неабгрунтаваным.

Мы настойваем на недапушчальнасці прымянення закона, які абараняе прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў правапарадку і суддзяў ад пагроз у сувязі з правамерным выкананнем імі сваіх службовых абавязкаў, для пакарання тых грамадзян, якія выказаліся ў сувязі з відавочным парушэннем прадстаўнікамі дзяржаўных інстытутаў Канстытуцыі і закона, уцягнутасцю прадстаўнікоў улады, пракурораў і суддзяў у працэс катаванняў і ў стварэнне атмасферы беспакаранасці за катаванні і іншыя грубыя парушэнні правоў чалавека, якія часта маюць прыкметы злачынстваў супраць чалавечнасці.

Нам вядома аб асуджэнні:

Юрыя Станеўскага паводле ч. 1 арт. 368 – абраза А. Лукашэнкі, арт. 370 – здзек з дзяржаўных сімвалаў, ч. 2 арт. 366 – пагроза гвалтам у дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, арт. 369 – абраза прадстаўніка ўлады, ч. 1 арт. 130 – распальванне іншай сацыяльнай варожасці, ч. 1 арт. 366 – пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак, – да сямі гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі за каментары ў «дэструктыўным» тэлеграм-чаце ў бок А. Лукашэнкі, прадстаўнікоў улады, расейскіх вайскоўцаў;

Валерыя Зізы, які мае інваліднасць першай групы, паводле арт. 130 КК за распальванне сацыяльнай варожасці ў каментарах і ч. 1 арт. 209 КК – да пазбаўлення волі на тэрмін адзін год у папраўчай калоніі; асуджэнне па ч. 1 арт. 209 не перашкаджае прызнанню палітвязнем, паколькі ў адсутнасць палітычнага матыву такія дзеянні караюцца, як правіла, без пазбаўлення волі;

Аляксандра Колпака па ч. 1 арт. 130 ч. 1 арт. 342 КК – да пазбаўлення волі тэрмінам на 4 гады ў папраўчай калоніі за негатыўныя каментары ў адрас супрацоўнікаў АУС і прадстаўнікоў улады, заклікі да правядзення акцый пратэсту шляхам запаволення руху, перакрыцця дарог, сабатавання выхаду на працу, а таксама да супраціву разгону акцый пратэсту;

Валерыя Барзенкі па ч. 3 арт. 130 ч. 2 арт. 295 КК – да сямі гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі за перадачу ў тэлеграм-боты «дэструктыўных каналаў» звесткі аб сваім былым начальніку, а таксама за захоўванне патронаў да агнястрэльнай зброі; апошняе абвінавачванне не перашкаджае прызнанню палітвязнем, паколькі ў адсутнасць палітычнага матыву такія дзеі звычайна караюцца без пазбаўлення волі;

Міхаіла Корзуна па ч. 1 арт. 130 КК – да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі за распальванне "сацыяльнай варожасці" ў каментарах у сетцы Інтэрнэт, якія ўяўлялі сабой выказванне меркавання аб бягучых падзеях;

Дзмітрыя Шабетніка па арт. 130 КК – да трох гадоў пазбаўлення волі за размяшчэнне ў сетцы Інтэрнэт спасылак на навіны аб расейскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны, якія змяшчаюць каментары, што маюць абразлівы характар, у адрас расейскіх войскаў, вайскоўцаў і паліцыянтаў;

Андрэя Сачэўку, які мае псіхічную хваробу, паводле ч. 1 арт. 130 ч. 1 арт. 293 КК – да шасці гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі за размяшчэнне ў сетцы інтэрнэт каментароў з заклікамі да ўдзелу ў пратэсных акцыях.

Эдварда Вільчэўскага па ч. 1 арт. 130, ст. 369, ч. 1 арт. 293, ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293, арт. 364 КК – да дзевяці гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі за публікацыю каментароў у сеткі інтэрнэт з заклікамі аказваць супраціў разгонаў пратэстных акцый, абразу прадстаўнікоў улады, арганізацыю масавых беспарадкаў і падрыхтоўка да масавых беспарадкаў.

Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, мы прыходзім да высновы аб існаванні ў кожным з іх палітычнага матыву пераследу абвінавачаных. Судовыя рашэнні прынятыя па палітычных матывах у парушэнне асноватворных прынцыпаў справядлівага правасуддзя.

У чарговы раз падкрэсліваем, што ў шэрагу пералічаных выпадкаў характар дзеянняў абвінавачаных быў вынікам сістэматычных шырока распаўсюджаных парушэнняў правоў чалавека, адсутнасці магчымасці свабоднага выказвання меркавання, быў выкліканы адсутнасцю расследавання злачынстваў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў і іншых ахвяр жорсткага абыходжання і катаванняў, расчараваннем у здольнасці ўладаў выкарыстоўваць сілу закона для абароны парушаных правоў грамадзян, адсутнасцю справядлівага суда і ўмоў для дэмакратычнай і канстытуцыйнай змены ўлады на сапраўдных выбарах.

У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця «палітычны вязень», палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая волі, калі пры наяўнасці палітычных матываў яго пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:

  1. a) пазбаўленне волі было ўжыта ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных пактам або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
  2. d) асоба пазбаўлена волі выбіральна у параўнанні з іншымі асобамі.

Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем аб прызнанні палітычнымі зняволенымі Юрыя Станеўскага, Валерыя Зізы, Аляксандра Колпака, Валерыя Барзенкі, Міхаіла Корзуна, Дзмітрыя Шабетніка, Андрэя Сачэўкі, Эдварда Вільчэўскага.

У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

перагледзець вынесеныя ў дачыненні да названых палітвязняў прысуды пры выкананні права на справядлівае разбіральніцтва і ліквідацыі фактараў, якія паўплывалі на кваліфікацыю дзеянняў, выгляд і памер пакарання;

вызваліць названых палітвязняў, ужыўшы іншыя меры для забеспячэння іх прыходу ў суд;

неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, перагледзець палітычна матываваныя прысуды і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Беларускі Хельсінкскі камітэт;

Прававая ініцыятыва;

Lawtrend;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Беларускі ПЭН.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства