Мінчанку асудзілі ў Брэсце за абразу ўчастковага інспектара
Суд Маскоўскага раёна Брэста 6 кастрычніка вынес прысуд жыхарцы Мінска Алене Мядзель, абвінаваціўшы яе ў публічнай абразе прадстаўніка ўлады – участковага інспектара УУС Маскоўскага раёна (арт. 369 Крымінальнага кодэкса).
Судовы працэс праходзіў у памяшканні аддзялення ўнутраных спраў Маскоўскага раёна, суддзя – Марыя Аліферук.
Па матэрыялах абвінавачання Алена Мядзель пасля прагляду ў адным з тэлеграм-каналаў фотаздымка і паведамлення пра участковую інспектарку па справах непаўнагадовых з Брэста размясціла ад свайго імя каментар, які ўтрымліваў выказванні ў абразлівай і непрыстойнай форме.
Экспертыза ўстанавіла, што каментар негатыўна ацэньвае супрацоўніцу МУС, прыносіць ёй маральныя пакуты.
Пацярпелая запатрабавала ў Алены кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў, суд пагадзіўся з такой сумай.
У ходзе судовага працэсу абвінавачаная, якая знаходзілася пад падпіскай аб нявыездзе, віну прызнала цалкам, патлумачыла, што каментар пакінула на эмоцыях і цяпер шкадуе пра свой учынак.
Суд пастанавіў прызнаць Алену Мядзель вінаватай і прызначыў ёй пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на адзін год і 6 месяцаў.