viasna on patreon

Уладзімір Лабковіч: “Вясна” – гэта унутраны свет, які ёсць у кожнага з нас"

2022 2022-10-22T10:44:54+0300 2022-10-22T10:50:15+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/labkovich-00.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Лабковіч, сябра Рады ПЦ "Вясна". Фота: DW

Уладзімір Лабковіч, сябра Рады ПЦ "Вясна". Фота: DW

22 кастрычніка палітзняволенаму праваабаронцу “Вясны” Уладзю Лабковічу спаўняецца 44 гады. Але паколькі ён не можа даць паўнавартаснае інтэрв’ю праз краты, таму мы знайшлі некалькі ягоных цытат з інтэрв'ю і ўспамінаў, якія не губляюць актуальнасці і цяпер. Так ягоны голас будзе гучаць побач, пакуль ён не выйдзе на волю і не распавядзе нам ужо новыя гісторыі.

Пра праваабарончую місію 

— Аднойчы паміж мной і Алесем Бяляцкім адбылася дыскусія адносна таго, што ёсць праваабарончая дзейнасць. Ён таксама запытаўся, што гэта значыць для мяне. Я тады адказаў, што для мяне праваабарончая дзейнасць і праца ў «Вясне» — гэта адна з формаў змагання з тым рэжымам, які існуе ў Беларусі. Ёсць рэчы, якія я магу зрабіць добра — і гэта мая «лінія фронту», мой унёсак у тыя змены, якія, безумоўна, павінны адбыцца ў Беларусі. На гэта Бяляцкі зазначыў, што раней таксама так лічыў, але зараз ён разумее, што праваабарона ёсць значна шырэй: гэта не толькі змаганне з уладай, гэта змаганне за людзей і дапамога людзям. Гэта спроба і жаданне быць карысным людзям. Зараз я думаю, што ён абсалютна правы, і цяпер гэта асноўны матыў маёй дзейнасці. Як бы пафасна гэта ні гучала. Вельмі часта тое, што ты робіш, нават немагчыма вымерыць нейкім пазітыўным вынікам, таму што пры той сістэме, якая ёсць у Беларусі, ты часта бываеш бяссільны. Але ж адчуванне таго, што людзі табе ўдзячныя, — дарагога вартае.  

labkovich_siamia.png
Архіўнае фота. З сям'ёй на Дні народзінаў дачкі

Пра “Вясну”

— Што такое “Вясна”? Правы быў Харытон – супрацоўнік Мінюста, які з маніякальным задавальненнем адмаўляў нам тройчы ў рэгістрацыі, а затым дэманстраваў палёт свайго хваравітага розуму ў судовых пасяджэннях: “Вясна” – гэта не пара года, гэта штосьці іншае, вядомае толькі яго заснавальнікам”. Так і ёсць, толькі нам вядома, што такое “Вясна”. Гэта не назавеш сям’ёй, бо гэта не паглынае ўсю сутнасць нашай каманды. Калі пасадзілі Алеся Бяляцкага, я позна ўначы вярнуўшыся дадому, толькі тады зразумеў, што “Вясна” – гэта той унутраны свет, які ёсць у кожнага з нас. “Вясна” – гэта мы.

“Вясна” прымала мяне цяжка. Прыглядалася да мяне, мацала на вытрымку і здольнасць. Бывалі моманты, калі я падыходзіў да свайго сябра Валянціна і казаў, што мне цяжка, што, напэўна, я не здолею ўвайсці ў каманду, але ён прасіў пачакаць, казаў, што ўсё зменіцца. Дзякуй яму за тую падтрымку.


Пра набліжэнне змрочных часоў

 — Новы, 2006 год мы сустракалі ў вельмі трывожным настроі. Ужо пачаліся прэзідэнцкія выбары, і з 1 студзеня набывалі моц змяненні і дапаўненні ў Крымінальны кодэкс Беларусі, дзе ўводзіўся артыкул 193 – дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Нельга сказаць, што гэтыя змены нас не турбавалі: мы разумелі, што “Вясна”, якая ўжо два гады дзейнічала без рэгістрацыі, можа патрапіць пад удар рэпрэсій. Таму вырашылі Новы год сустракаць тэматычна: кожны павінен быў асабіста ці ў групе выканаць песню трыццатых гадоў – гэта быў намёк на набліжэнне ў Беларусі змрочных часоў. Іра Тоўсцік і я выканалі песню “Если завтра война”.


Пра стаўленне да працы

— Так, мы працуем прафесійна. І не таму, што нас хтосьці гэтаму вучыў, і не таму, што ў такіх умовах працуем фактычна з моманту ўтварэння “Вясны”, а таму, што мы верым у тое, што робім, верым у кожнага, хто побач, бо “Вясну” мацуюць не правілы ўнутранага распарадку, не статут ці пагроза рэпрэсіяў, а менавіта сяброўства і павага адзін да аднаго. Я сапраўды шчаслівы, што стаў “вясноўцам”, я шчаслівы, што за мой час на “Вясне” я быў поруч з такімі цудоўнымі людзьмі.

labkovich_akcyia.png
Архіўнае фота з акцыі. Побач — Алесь Бяляцкі, ягоны сын Адам, Валянцін Стэфановіч

Пра кар’еру

— Нейкі час, калі гэта стане магчымым (і гэта, можа быць, будзе адрозніваць мяне ад маіх калегаў па арганізацыі), я хацеў бы папрацаваць на дзяржаву. Безумоўна, не ў тых дзяржаўных інстытутах, якія ёсць сёння, бо для мяне прынцыпова немагчыма ніякая праца ў цяперашнім дзяржаўным апараце. Але ж у дэмакратычнай краіне, асабліва на этапе, калі мы ўжо будзем мець дэмакратычны ўрад, дэмакратычны парламент і (я часта пра гэта думаю) нам трэба будзе мяняць усё, і ўсяму трэба будзе вучыцца амаль што з нуля. Бо ў нас усё настолькі разбурана і знішчана, што давядзецца шмат што адбудоўваць. І пры наяўнасці на гэта палітычнай волі кіраўніцтва дзяржавы я б хацеў нейкі час папрацаваць на дзяржаву.

Нейкі час я марыў увайсці ў следчую камісію па расследванні злачынстваў сённяшняга рэжыму (усміхаецца). На дадзены момант я з задавальненнем больш бы засяродзіўся на забеспячэнні правядзення першых-другіх-трэціх (і пакуль мне гэта будзе цікава) дэмакратычных, свабодных выбараў у краіне.

Алена Танкачова і Уладзімір Лабковіч у Еўрапарламенце. Брусель, 19 чэрвеня 2013 г..
Алена Танкачова і Уладзімір Лабковіч у Еўрапарламенце. Брусель, 19 чэрвеня 2013 г..

Пра лісты і арышт Алеся

— Вось ужо восем месяцаў, як за кратамі знаходзіцца Алесь Бяляцкі. У першыя дні пасля яго арышту Саша Кулаева з FIDH сказала мне, што трэба абавязкова навучыцца пісаць яму лісты. Але я так і не навучыўся, хоць стараюся пісаць іх шмат. Мне ўвесь час падаецца, што я пішу не тое і не пра тое, затое адчуваю вялікую радасць ад кожнага ягонага ліста. Нам усім вельмі не хапае Алеся Бяляцкага, якога раней мы ніколі не называлі “шэфам”, а зараз называем. І нават адтуль, з-за кратаў, ён падтрымлівае нас больш, чым мы яго.

Хутка будзе “Вясна”.


Уладзімір Лабковіч нарадзіўся ў 1978 годзе. У актыўнай грамадскай дзейнасці з 1996-га года, калі разам з людзьмі, з якімі сябруе дагэтуль, стваралі «Малады Фронт». У 1997-м годзе ў «Маладым Фронце» ўваходзіў, а потым і ўзначальваў праваабарончую камісію, асноўнымі функцыямі якой былі збор інфармацыі і дапамога тым маладафронтаўцам, якія прыцягваліся да адміністрацыйнай ці крымінальнай адказнасці. З 1998-га года як валанцёр далучыўся да працы Праваабарончага цэнтра «Вясна». У 2000-м годзе скончыў юрыдычны факультэт недзяржаўнага Інстытута сучасных ведаў. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2001-га года звязаў сваю працу з праваабаронай.

Падтрымаць Уладзіміра лістамі салідарнасці, грашовымі пераводамі і пасылкамі можна па адрасе:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Уладзімір Мікалаевіч Лабковіч

У тэксце выкарыстаныя матэрыялы кніг "20-я вясна", "Наша вясна"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства