viasna on patreon

Заява Платформы "Грамадзянская салідарнасць" з нагоды прысуджэння Нобелеўскай прэміі міру 2022 года тром сябрам Платформы

2022 2022-10-24T12:03:02+0300 2022-10-24T12:03:02+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/civic.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Заява Платформы "Грамадзянская салідарнасць"
з нагоды прысуджэння Нобелеўскай прэміі міру 2022 года
тром сябрам Платформы

24.10.2022

Удзельнікі міжнароднай Платформы "Грамадзянская салідарнасць" вітаюць прысуджэнне Нобелеўскай прэміі міру 2022 года тром актыўным сябрам нашай кааліцыі — Цэнтру грамадзянскіх свабод (Украіна), "Мемарыялу" (Расія) і Алесю Бяляцкаму, заснавальніку і старшыню Праваабарончага цэнтра "Вясна" (Беларусь). Мы сардэчна віншуем нашых лаўрэатаў з заслужаным прызнаннем іх заслуг.

На працягу шматлікіх гадоў дзейнасць Цэнтра грамадзянскіх свабод, "Мемарыяла" і Алеся Бяляцкага разам з ягонымі калегамі па праваабарончым цэнтры "Вясна" накіравана на прасоўванне дэмакратычных каштоўнасцяў, сцвярджэнне справядлівасці і абарону правоў чалавека.

Мужнасць і адданасць справе сёлетніх лаўрэатаў, якія працягваюць сваю шматгадовую працу ва ўмовах жорсткіх рэпрэсій у Беларусі і Расіі і агрэсіўнай вайны супраць Украіны, што здзяйсняецца рэжымам Пуціна пры саўдзеле рэжыму Лукашэнкі, прадэманстравала гатовасць праваабаронцаў насуперак усяму супрацьстаяць спробам незаконна абмежаваць дзейнасць грамадзянскай супольнасці. 

Гэтая ўзнагарода з'яўляецца прызнаннем шматгадовай штодзённай і самаадданай працы лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі і іх служэння вяршэнству права і ідэалам свабоды. Нашы сябры і калегі — натхняльны прыклад для нас і тысяч іншых людзей ва ўсім свеце. 

Мы зычым нашым дарагім партнёрам новых дасягненняў у барацьбе за дэмакратыю, вяршэнства права і правы чалавека і ў нашай агульнай працы па прыцягненні да адказнасці ўсіх вінаватых у парушэннях правоў чалавека, злачынстве агрэсіі, ваенных злачынствах і злачынствах супраць чалавечнасці, якія здзяйсняюцца ва Украіне.

Міжнародная платформа "Грамадзянская салідарнасць" самым рашучым чынам асуджае дзеянні расійскіх і беларускіх улад па сістэматычным ціску на праваабаронцаў, грамадзянскіх актывістаў і няўрадавыя арганізацыі.

Аўтарытарныя рэжымы Пуціна і Лукашэнкі выкарыстоўваюць пераслед праваабаронцаў і незаконнае абмежаванне дзейнасці грамадзянскіх арганізацый у якасці аднаго з ключавых інструментаў для знішчэння грамадскага кантролю за дзеяннямі ўлад і грамадскай падтрымкі людзей, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсій і масавых парушэнняў правоў чалавека. Гэтыя рэжымы стварылі атмасферу страху і пераследуюць кожнага, хто адстойвае каштоўнасці правоў чалавека і асноватворных свабод. Ліквідацыя ўладамі адной з самых старых праваабарончых арганізацый у Расіі, "Мемарыяла", а таксама сотняў няўрадавых арганізацый у Беларусі, у тым ліку праваабарончага цэнтра "Вясна", сведчыць пра экзістэнцыйную пагрозу існаванню грамадзянскай супольнасці ў абедзвюх краінах.

Пасля пачатку шырокамаштабнай ваеннай агрэсіі супраць Украіны сёлета ў лютым маштаб палітычных рэпрэсій у Расіі і Беларусі значна ўзмацніўся. Колькасць людзей, затрыманых за ўдзел у мірных антываенных акцыях ці за тое, што яны іншым спосабам выказалі салідарнасць з Украінай, вымяраецца шматлікімі тысячамі. Сотні чалавек зазналі адміністрацыйны ці крымінальны пераслед за выказванне сваёй антываеннай пазіцыі. Паводле звестак "Мемарыяла", у Расіі сёння налічваецца не менш за 500 палітвязняў. Паводле звестак беларускіх праваабарончых арганізацый, больш за 1300 палітычных зняволеных знаходзіцца ў беларускіх турмах. Закладнікамі Крамля з'яўляюцца тысячы грамадзянскіх асоб, незаконна затрыманых і вывезеных у Расію з тэрыторыі Украіны. Пераважная большасць з іх зазнаюць жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне, збіванні і катаванні. Узмацненне палітычных рэпрэсій у Расіі і Беларусі падчас злачыннай ваеннай агрэсіі супраць Украіны яшчэ больш пацвярджае важнасць працы праваабаронцаў і неабходнасць іх падтрымкі і абароны.

У сваю чаргу, праваабаронцы і няўрадавыя арганізацыі ва Украіне сутыкаюцца з беспрэцэндэнтнымі выклікамі, якія зрабіліся вынікам злачыннай ваеннай агрэсіі супраць іх краіны і масавых ваенных злачынстваў падчас гэтай агрэсіі. На плечы ўкраінскіх праваабаронцаў выпала дакументаванне тысяч ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасці, дапамога мільёнам пацярпелых, праца па інфармаванні сусветнай супольнасці пра тое, што адбываецца ва Украіне, і дзеянні па забеспячэнні правасуддзя і прыцягненні вінаватых да адказнасці. Гэтая самаадданая праца патрабуе прызнання і падтрымкі.

Мы заклікаем кіраўніцтва дэмакратычных краін і міжнародных арганізацый:

  • Распачаць новыя эфектыўныя меры ўздзеяння ў дачыненні да ўлад Расіі і Беларусі за сістэматычнае выкарыстанне рэпрэсіўных мер у адносінах да праваабаронцаў, актывістаў грамадзянскай супольнасці, няўрадавых арганізацый, журналістаў і за парушэнне правоў людзей, якія мірна і законна выказваюць сваю антываенную і праваабарончую пазіцыю, і патрабаваць ад іх неадкладнай адмены незаконных рашэнняў пра ліквідацыю "Мемарыяла", "Вясны" і іншых няўрадавых арганізацый;
  • Патрабаваць неадкладнага вызвалення з-пад варты Алеся Бяляцкага і ўсіх расійскіх і беларускіх палітзняволеных;
  • Патрабаваць спыніць практыку пераследу і арыштаў праваабаронцаў і грамадзянскіх актывістаў;
  • Патрабаваць неадкладнага доступу адвакатаў і міжнародных гуманітарных арганізацый да грамадзянскіх асоб з Украіны, якія былі незаконна затрыманыя і знаходзяцца ў Расіі. Узмацніць ціск на расійскія ўлады з мэтай неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх грамадзянскіх асоб з Украіны, якія незаконна ўтрымліваюцца ў Расіі, і стварэння ўмоў для іх як мага больш хуткага бяспечнага вяртання ва Украіну.

Спіс арганізацый, якія падтрымліваюць заяву:

  1. Цэнтр Грамадзянскіх Свабод
  2. Нідэрландскі Хельсінкскі камітэт
  3. Нарвежскі Хельсінкскі камітэт
  4. Швейцарскі Хельсінкскі камітэт
  5. Хельсінкская асацыяцыя па правах чалавека ў Арменіі
  6. Туркменскі Хельсінкскі Фонд
  7. Беларускі Хельсінкскі камітэт
  8. Аўстрыйская Хельсінкская асацыяцыя
  9. Грамадскае аб'яднанне "Годнасць" ("Қадір-қасиет")
  10. Грамадская арганізацыя "Пачатак"
  11. Austausch e.V. (раней ДРА)
  12. Праваабарончы Цэнтр Азербайджана
  13. Crude Accountability
  14. Інстытут маніторынгу правоў чалавека
  15. Цэнтр па правах чалавека
  16. Харкаўскі абласны фонд "Грамадская альтэрнатыва"
  17. Камітэт "Грамадзянскае садзейнічанне"
  18. Грамадзянскі кантроль
  19. Праваабарончы цэнтр "Вясна"
  20. Аб'яднанне "Разам за міжкультурнае ўзаемадзеянне"
  21. Шведская сетка АБСЕ
  22. Праваабарончы цэнтр ZMINA
  23. Казахстанскае міжнароднае бюро па правах чалавека і выкананні законнасці, Рэспубліка Казахстан
  24. Хельсінкская Грамадзянская Асамблея — Ванадзор
  25. Праваабарончы рух "Бир Дуйно-Кыргызстан"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства