"Негатыўная ацэнка супрацоўнікаў КДБ": мужчыну ў Брэсце асудзілі па “справе Зельцэра”
У Маскоўскім судзе Брэста 21 кастрычніка вынеслі прысуд Сяргею Мыцу паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса (Абраза прадстаўніка ўлады). Справу разглядаў суддзя Яўген Брэган.
Сяргея Мыца затрымалі па крымінальнай справе, распачатай за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і it-спецыяліста Андрэя Зельцэра.
Як паведамляе “Брэсцкая газета”, справу разгледзелі ўсяго за гадзіну. Судовае пасяджэнне мела выязны фармат і праходзіла ў актавай залі Брэсцкага каледжу прыборабудаўніцтва, куды сабралі навучэнцаў установы. Пасля ім прачыталі лекцыю аб недапушчэнні супрацьпраўных паводзінаў.
Першапачаткова Сяргея абвінавачвалі паводле арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 130 (Распальванне іншай сацыяльнай варожасці). Пазней абвінавачанні па другім артыкуле знялі.
Пасля прагляду відэароліка, знятага ў кватэры Зельцэра, брэстчанін на старонцы ў “Вконтакте” пакінуў каментар: “Чел застрелил бандита, вломившегося в его квартиру”. У той жа вечар Сяргей выдаліў свой каментар, але яго ўсё роўна затрымалі і памясцілі ў СІЗА. Там у Сяргея здарыўся гіпертанічны крыз, пасля чаго мужчыну шпіталізавалі.
Паводле лінгвістычнай экспертызы, каментар Сяргея расцанілі, як “негатыўную ацэнку супрацоўнікаў КДБ”. На судзе Сяргей цалкам прызнаў сваю віну і раскаяўся.
21 суддзя Маскоўскага суда Брэста Яўген Брэган прызнаў Сяргея Мыца вінаватым паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса (Абраза прадстаўніка ўлады) і прысудзіў пакаранне тэрмінам 2 года і 6 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адркытага тыпу ("хатняя хімія") і штраф 2240 рублёў.
Сяргей Мыц працуе вядучым спецыялістам у продажах, пакутуе на некалькі хранічных захворванняў. Таксама Сяргей гадуе двух непаўнагадовых дзяцей.