viasna on patreon

У ліку "экстрэмісцкіх" - мастацкая літаратура, новыя затрыманні па ўсёй Беларусі: хроніка пераследу 25-26 кастрычніка Дапоўнена

2022 2022-10-26T10:20:00+0300 2022-10-27T08:29:18+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/rumko-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 25-26 кастрычніка збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Гомелі ГУБАЗіК затрымаў пенсіянера

64-гадовага Аляксандра Румко падазраюць у «рэабілітацыі нацызму» і «распальванні сацыяльнай варожасці» у «Аднакласніках».

Паблік, блізкі да сілавікоў, напісаў, што Аляксандр «распальваў варожасць у дачыненні да міліцыі» і «гераізаваў калабарацыяністаў».

Верагодна, на Аляксандра Румко завядуць крымінальную справу, піша "Гомельская вясна".


Затрыманне ў Мінску

На праўладных тэлеграм-каналах з'явілася пакаяльнае відэа з заснавальнікам кампаніі Astronim Багданам Караўцом.

Паводле сілавікоў, мужчына затрыманы за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту.


Кнігі Арлова і Бродскага прызнаныя "экстрэмісцкімі"

У Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў з’явіліся новыя фігуранты: дзіцячая кніга «Балада пра маленькi буксiр» нобелеўскага лаўрэата Іосіфа Бродскага, выдадзеная ў выдавецтве «Янушкевiч» у гэтым годзе, і папулярнае выданне «Айчына: Маляўнiчая гiсторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкi» аўтарства Уладзіміра Арлова і Паўла Татарнікава.

Адпаведнае рашэнне прынятае 18 кастрычніка судом Цэнтральнага раёна Менска.


Youtube-канал «Вольны хор» прызнаны "экстрэмісцкім".

Адпаведнае рашэнне прынятае 24 кастрычніка судом Ленінскага раёну Брэста.


Інстаграм-акаўнт «Беларусь на целе» прызнаны экстрэмісцкімі матэрыяламі

Улады прызналі інфармацыйную прадукцыю instagram-акаўнта пра татуіроўкі беларусаў — "Беларусь на целе" — "экстрэмісцкімі матэрыяламі".

Адпаведнае рашэнне прынятае Ленінскім судом Брэста 24 кастрычніка. Па інфармацыі брэсцкай "Вясны", рашэнне вынес суддзя Андрэй Канючка.


Рашэннем Мінгарсуда ліквідаваны фонд "Вяртанне"

Гэта адбылося ўчора. Цягам 15 дзён фонд, які шмат гадоў спрыяў развіццю беларускай культуры, адукацыі і навукі, можа падаць скаргу на гэтую пастанову суду, паведамляе by_culture.


У Брэсце затрыманы студэнт — на занятках ён намаляваў выбух на Крымскім мосце

У тэлеграм-канале, звязаным з сілавікамі, выйшла «пакаяльнае відэа» са студэнтам БрДУ імя Пушкіна. Па інфармацыі @viasna_brest, гэта 19-гадовы Аляксей Гарох.

У відэа хлопец кажа, што раскайваецца ў наступным:
у падтрымцы Украіны;
у тым, што ў сацсетцы «Вконтакте» перасылаў паведамленні «аб перамяшчэнні рускіх войскаў і асуджаў гэта»;
у сацсетцы «Вконтакте» перасылаў свастыку;
у абразе «Вашага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі».

Судзячы па паведамленнях сілавікоў, на Аляксея могуць быць складзеныя пратаколы па арт.19.10 КаАП і ч.2 арт.19.11 КаАП («Распаўсюд нацысцкай сімволікі» і «Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» адпаведна).

Акрамя таго, супраць студэнта можа быць распачата справа па артыкуле 368 КК РБ за абразу Лукашэнкі.


"Пакаяльныя відэа" з чатырма студэнтамі ГрДМУ — яны "раскайваліся" ў тым, што падчас вечарынкі танчылі на фоне БЧБ-сцяга

На праўладных тэлеграм-каналах з'явілася «пакаяльныя відэа» з аднагрупнікамі затрыманага супрацоўніка хуткай дапамогі і студэнта ГрДМУ Артура Хлуса. На іх трое дзяўчын і хлопец распавядаюць пра тое, што Артур запрашаў іх да сабе на вечарыны, дзе яны танчылі на фоне БЧБ-сцяга, які вісеў на сцяне. Гэтыя відэа ўбачылі сілавікі пасля затрымання Хлуса.

У канцы "пакаяльнага відэа" студэнты абяцаюць "добра вучыцца, каб потым добра лячыць нашых грамадзян".


ГУБАЗіК прыйшоў у чарговую арганізацыю — на гэты раз у турыстычны "АэраБелСэрвіс"

З'явіліся "пакаяльныя відэа" з дырэктарам кампаніі і двумя супрацоўнікамі. На ім двое затрыманых "прызнаюцца" ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту.

Яшчэ адзін мужчына кажа, што хацеў дапамагчы свайму затрыманаму калегу і праз працоўны кампутар выйшаў з яго Telegram-сесіі на тэлефоне — за гэта яго і затрымаў ГУБАЗіК. Паведамляецца, што былі затрыманыя яшчэ некалькі супрацоўнікаў "АэраБелСэрвіс".

Кампанія "АэраБелСэрвіс" заснавана 4 ліпеня 1994 года і з'яўляецца адным з вядучых беларускіх тураператараў.

Раней сілавікі правялі ператрус у "Белагра" — было затрымана больш за 20 чалавек.


На экс-кіраўніка «прэзыдэнцкага пула» журналістаў АНТ Дзмітрыя Семчанку завялі крымінальную справу за "распальванне нянавісці"

Пра гэта паведаміў блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал. Семчанку затрымалі 15 верасня па адміністрацыйным артыкуле, на волю пасля не выпусцілі. Пазней у кампаніі «Белагра», дзе ён працаваў, прайшлі ператрусы і затрыманні.


Палітзняволеную Яну Пінчук, якую экстрадавалі з Расіі, перавялі на "Валадарку"

Яна Пінчук была затрыманая ў Санкт-Пецярбургу 1 лістапада 2021 года. Па дадзеных следства, яна з верасня 2020 па лістапад 2021 года адміністравала тры пратэсныя тэлеграм-каналы.

Яна Пінчук

9 жніўня 2022 была экстрадаваная з Расіі у Беларусь, нягледзячы на забарону экстрадыцыі Камітэта па правах чалавека ААН. Яне інкрымінуюць тры артыкулы Крымінальнага кодэксу, па якіх ёй пагражае да 12 гадоў зняволення. Напрыканцы кастрычніка дзяўчыну перавялі з віцебскага СІЗА-2 у мінскі следчы ізалятар на Валадарскага.

Падтрымайце дзяўчыну пасылкамі, грашовымі пераводамі і лістамі: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Яна Вітальеўна Пінчук.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства