viasna on patreon

Напісаў верш з абразай Лукашэнкі ў апеляцыйнай скарзе. Асуджанаму да 8 гадоў калоніі блогеру прызначылі яшчэ 2 гады зняволення

2022 2022-10-28T08:45:27+0300 2022-10-28T10:03:15+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/savin_2022.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Баранавіцкага раёна і г. Баранавіч разгледзелі новую крымінальную справу супраць блогера і прадзюсара Уладзіслава Савіна, якога вясной асудзілі да васьмі гадоў калоніі за "махлярства ў буйным памеры" (ч. 4 арт. 209 Крымінальнага кодэкса), а таксама за арганізацыю і ўдзел у акцыях пратэсту (арт. 342 КК). Цяпер яго судзілі па арт. 368 Крымінальнага кодэкса за абразу Лукашэнкі ў вершы ў апеляцыйнай скарзе на гэты прысуд. Суддзя Вікторыя Пакунова 26 кастрычніка прызначыла яму яшчэ два гады калоніі. Мясцовае дзяржаўнае тэлебачанне здымала ўвесь працэс — нават сведку-сукамерніка з СІЗА-6. "Вясна" распавядае, як праходзіў суд над блогерам Уладзіславам Савіным. 

Уладзіслаў Савін на судзе 25 кастрычніка 2022 года. Скрыншот с відэасюжэта на trkbrest.by
Уладзіслаў Савін на судзе 25 кастрычніка 2022 года. Скрыншот з відэасюжэта на trkbrest.by

Нагадаем, Уладзіслава абвінавацілі ва ўдзеле ў трох Маршах у 2020 годзе і арганізацыю пратэстаў з дапамогай відэаролікаў на сваёй старонцы Instagram, а таксама тое, што ў 2015-2016 годзе ён, паабяцаўшы больш за 100 чалавекам удзел у першых у Беларусі рэаліці-шоў, не забяспечыў ім гэтага. За гэта яму прызначылі восем гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Савіна ўжо накіравалі адбываць пакаранне ў калонію, але супраць яго ўзбудзілі новую крымінальную справу.

Згодна з версіяй абвінавачвання, Савін напрыканцы чэрвеня 2022 года "маючы намер на публічную абразу прэзідэнта, знаходзячыся ў камеры № 49 СІЗА-6, напісаў апеляцыйную скаргу, якая змяшчае непрыстойныя выказванні абразлівага характару ў адносінах да прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, якое паводле экспертызы мае негатыўную ацэнку прэзідэнта, разлічваючы на азнаямленне з ёй шырокага нявызначанага кола асоб, у тым ліку асоб, якія ўтрымліваюцца з ім у адной камеры пад вартай, супрацоўнікаў СІЗА-6 і Мінскага гарадскога суда". Як заявіла абвінавачванне, ён "падаў апеляцыйную скаргу для агляду і азнаямлення для наступнага накіравання ў Мінскі гарадскі суд, тым самым публічна прынізіў гонар і годнасць Лукашэнкі". Гаворка ідзе пра верш, які так і не агучылі на судзе.

Уладзіслаў віну на працэсе прызнаў цалкам.

savin_sud__1_2022.png
Уладзіслаў Савін на судзе 25 кастрычніка 2022 года. Скрыншот з відэасюжэта на trkbrest.by

Доказамі па справе з'яўляліся сама апеляцыйная скарга, ліст намесніка старшыні Мінскага гарадскога суда начальніку ўпраўлення Следчага камітэта па Мінску, рапарт следчага, заключэнне экспертызы, пратакол месца здарэння — то бок камеры ў СІЗА-6.

Савін адмовіўся ад дачы паказанняў, таму на працэсе агаласілі пратакол допыту ад 14 верасня 2022 года ў івацэвіцкай калоніі, дзе ён адбываў свой тэрмін. Паводле яго, Савін раніцай 23 чэрвеня перадаў апеляцыйную скаргу да накіравання ў Мінскі гарадскі суд праз дзяжурнага СІЗА-6, але ў той дзень яе не перадалі, "бо разумелі, што там абразлівыя выказванні ў адносінах да прэзідэнта". Тады ён таксама прызнаў віну.

На судзе дапыталі дзяжурнага СІЗА-6, які забіраў апеляцыйную скаргу ў Савіна, але ён сказаў, што не чытаў яе. Тое самае заявіў і яшчэ адзін супрацоўнік ізалятара.

У якасці сведкі дапыталі сукамерніка Аляксея, асуджанага да пяці гадоў зняволення(па інфармацыі праваабаронцаў, гэта асуджаны не па "палітычным артыкуле"), які цяпер адбывае свой тэрмін у магілёўскай калоніі № 15. Пракурор запытаў у яго, што яму вядома пра напісанне апеляцыйнай скаргі.

Сукамернік Аляксей падчас дачы паказанняў. Скрыншот с відэасюжэта на trkbrest.by
Сукамернік Аляксей падчас дачы паказанняў. Скрыншот з відэасюжэта на trkbrest.by

"Ну, сядзеў чалавек і пісаў апеляцыйную скаргу, каб скараціць тэрмін".

Аляксей на працэсе сказаў, што не памятае "нічога такога мацернага пра Лукашэнку" ў скарзе Савіна. Аднак паводле пратаколу допыту ў калоніі Аляксей распавёў, што падчас азнаямлення са скаргай свайго сукамерніка Савіна ўбачыў верш, дакладныя выразы якога не памятае, але яго сэнс зводзіўся да таго, што Савін "скардзіўся на прэзідэнта і паказваў Лукашэнку з негатыўнага боку".

"Я казаў Савіну, каб ён прыбраў з тэксту скаргі верш пра Лукашэнку, аднак, ці перапісаў Савін скаргу, ці не мне невядома. Ці паказваў камусьці яшчэ Савін скаргу з сукамернікаў, я не ведаю. Пры камунікацыі Савін паказваў, што ён не задаволены дзеяннямі Лукашэнкі", — зачытаў словы Аляксея пракурор.

Сукамернік Савіна на працэсе пацвердзіў гэтыя паказанні і сказаў, што ціск пры гэтым на яго не аказваўся. 

Скрыншот с відэасюжэта на trkbrest.by
Скрыншот з відэасюжэта на trkbrest.by

25 кастрычніка пракурор Вадзім Карачун запрасіў для Савіна два гады зняволення. Уладзіславаў выступіў з моцным апошнім словам:

"Калісьці ў 2015 годзе ў мяне быў праект, за які я атрымаў 8 гадоў пазбаўлення волі. Шэсць гадоў пракуратура Мінска не змагла зрабіць з мяне абвінавачанага, але 23 жніўня 2020 года гэтая справа была ўзнята, у гэтым жа годзе з мяне зрабілі абвінавачанага, абвясцілі ў вышук і 30 сакавіка 2022 года я стаў вінаватым у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 4 арт. 209 Крымінальнага кодэкса. Я авантурнага складу чалавек і авантурнага складу розуму. Таму сваю скаргу я пісаў так, як абараняў, абараняю і буду абараняць сябе ў будучыні.

Што тычыцца прэзідэнта, то ў скарзе ўсё пазначана. Вершы я пісаў, бо я сябе лічу паэтам. І мяне многія лічуць паэтам. Вершы я буду пісаць. У вершах я адлюстраваў сваё асабістае меркаванне. Віну я прызнаў, безумоўна, паколькі ўсё было напісана маёй рукой. Калі прысуд суда будзе павялічваць мой тэрмін, гэта, канешне, будзе непрыемна, але я хачу сказаць, што я вынясу гэтае пакаранне. Адзінае, што я хачу папрасіць, паколькі злачынства было здзейснена, калі я яшчэ не быў асуджаны (да ўступлення ў законную сілу) пакінуць мне ўзмоцнены рэжым і вярнуць мяне ў тую калонію, дзе я знаходзіўся, бо ў мяне там рэчы засталіся [калоніі № 22]. Калі не то не.

Калі я быў камандзірам аддзялення роты ганаровай варты, то служыў пры Аляксандры Лукашэнку. Тады я быў яго прыхільнікам, і я б ніколі ў жыцці не падумаў, што такая сітуацыя ў маім жыцці магчымая. Але ў жніўні 2020 года я прыняў рашэнне выказацца ў адносінах таго, што адбываецца. І я лічу тое, што ў маім жыцці цяпер адбываецца і адбылося — гэта вынік майго выбару: маўчаць ці сказаць тое, што я думаю. Я шкадую, калі я абразіў людзей, якія чыталі гэтую скаргу ў СІЗА-6 і калі яна абразіла старшыню суда. Але я хацеў толькі выказаць асабістае меркаванне. І на сённяшні момант я лічу, калі Лукашэнка выканае сваё абяцанне, што ён гатовы выпусціць людзей на волю, і няхай гэта буду не я, няхай гэта будуць іншыя людзі, з якімі я сядзеў ( у мяне вельмі шмат сяброў сядзіць у калоніях). І калі ён вызваліць гэтых людзей, то я забяру свае словы назад. Я прызнаю віну і раскаюся".

26 кастрычніка суддзя Вікторыя Пакунова прызначыла яму менавіта такі тэрмін, які прасіў пракурор — два гады зняволення.

Суддзя Вікторыя Пакунова. Скрыншот с відэасюжэта на trkbrest.by
Суддзя Вікторыя Пакунова. Скрыншот з відэасюжэта на trkbrest.by

У выніку частковага складання з папярэднім прысудам Савіну засталося адбываць сем за паловай гады калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Адрас для падтрымкі: СІЗА-6, 225413, Баранавічы, Брэсцкая, 258 В, Уладзіслаў Сяргеевіч Савін (18.10.1978)


Чытаць пра першы суд над Уладзіславам:

Блогера і прадзюсара Савіна асудзілі да 8 гадоў калоніі за махлярства ў рэаліці-шоў і арганізацыю пратэстаў

У судзе Заводскага раёна Мінска 30 сакавіка пасля чатырох месяцаў судовых разбіральніцтваў агучылі прысуд 43-гадоваму прадзюсару і блогеру Уладзіславу Савіну. 

"Навязваў падпісчыкам Instagram сваё скажонае і аднабокае меркаванне". Блогеру Савіну запрасілі 8 гадоў калоніі

У судзе Заводскага раёна Мінска чатыры месяцы разглядаецца крымінальная справа супраць 43-гадовага прадзюсара і блогера Уладзіслава Савіна. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства