Суд у Ваўкавыску адправіў на "хімію" былога актывіста за знявагу дзяржаўнага сцяга
Суд Ваўкавыскага раёна вынес прысуд работніку ААТ “Беллакт”, грамадскаму актывісту Юрыю Піваварчыку, якога абвінавацілі ў знявазе дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядаў суддзя Мікалай Сяргейка.
З матэрыялаў абвінавачання вынікае, што Юрый Піваварчык у супольнасці “STOP LUKA”, якая прызнаная “экстрэмісцкімі матэрыяламі” і знаходзіцца ў вольным доступе для іншых карыстальнікаў сацыяльнай сеткі Інтэрнэт, “дзейнічаючы наўмысна, разлічваючы на наступнае ўспрыманне іншымі асобамі інфармацыі, якая размяшчаецца ім, усведамляючы абразлівы характар сваіх дзеянняў у дачыненні да дзяржаўнай сімволікі – дзяржаўнага сцяга, размясціў ягоную выяву на фоне нацысцкай сімволікі (свастыкі), сэнсавым зместам малюнка якога з'яўляецца аўтарскае меркаванне, што ва ўпраўленні Рэспублікі Беларусь выкарыстоўваецца нацысцкая ідэалогія, што не прымальна з пункту гледжання сучаснай культуры, паколькі ў ім прысутнічаюць элементы скажэння грамадска-палітычнай рэчаіснасці…”
Дапытаны ў судзе абвінавачаны Піваварчык віны сваёй фактычна не прызнаў, ён растлумачыў, што не меў намеру на здзек з дзяржаўнага сцяга і толькі выпадкова “лайкнуў”.
Напачатку на Піваварчыка завялі адміністрацыйную справу па ч. 2 арт. 19.11 КаАП і пакаралі штрафам, а пазней ўзбудзілі яшчэ і крымінальную справу.
Юрый Піваварчык мае непаўнагадовае дзіця, станоўча характарызуецца, мае шэраг заахвочванняў, і нават у шэрагу выпадкаў сфатаграфаваны на фоне сцяга Рэспублікі Беларусь.
Суд Ваўкавыскага раёна 5 верасня прызнаў Піваварчыка вінаватым і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу (“хімія”) тэрмінам на адзін год.
Апеляцыйная скарга на прысуд калегіяй Гродзенскага абласнога суда 27 кастрычніка пакінутая без задавальнення.