Палітвязня Аляксандра Патапава судзяць у Віцебску за абразу прэзідэнта Дапоўнена
У судзе Віцебскага раёна 10 лістапада пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да 68-гадовага жыхара в. Хатоля Віцебскага раёна палітвязня Аляксандра Патапава. Мужчыну абвінавачваюць у абразе прэзідэнта (ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса).
Судовы працэс вядзе суддзя – Наталля Траццякова, дзяржабвінаваўца - пракурор Барысенка.
Палітзняволены Аляксандр Патапаў быў затрыманы міліцыяй 25 жніўня 2022 года і ўзяты пад варту па падазрэнні ў абразе Лукашэнкі праз каментары ў сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі”. Раней Аляксандра ўжо затрымлівалі ў межах адміністратыўнай справы па арт. 19.11 КаАП, тады яму прызначылі штраф.
Цяпер Патапаў утрымліваецца ў Віцебскім абласным следчым ізалятары №2 і мае патрэбу ў маральнай падтрымцы і матэрыяльнай дапамозе.
У першы дзень судовага працэсу было агучана абвінавачанне: Ураджэнец Украіны ў Беларусі пражывае з 1997 года". Пасля ранення і гібелі во Украіне ад рук расійскіх вайскоўцаў ягонай дачкі Аксаны і пляменіцы, знаходзячыся пад уплывам эмоцый, 8 і 16 ліпеня 2022 года размясціў у сацыяльнай сетцы два каментары, якія экспертыза палічыла "абразлівымі".
У Патапава цяжкі псіхалагічны стан, ён моцна ўзрушаны і часта плача. Суддзя яго час ад часу супакоўвае.
Наступнае судовае пасяджэнне прызначанае на аўторак, 15 лістапада.
Падтрымайце палітвязня лістом альбо паштоўкай: СІЗА-2, вул. Гагарына, 2, 210026 г. Віцебск, Аляксандру Фёдаравічу Патапаву.