viasna on patreon

Хроніка палітычнага пераследу 9-10 лістапада Дапоўнена

2022 2022-11-10T18:00:00+0300 2022-11-11T07:55:19+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zyve_belarus_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 9-10 лістапада збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Па справе "Чорнай кнігі Беларусі" затрымалі былога спартсмена і супрацоўніка МТС з Брэста Андрэя Цыпака 

У відэа на канале сілавікоў ён кажа, што працаваў у МТС спецыялістам па працы з кліентамі з 2020 па 2021 гады і «меў доступ да канфідэнцыйнай інфармацыі», якую нібыта перадаў каналу «Чорная кніга Беларусі».


Сілавікі затрымалі пару інстаблогераў — Кацярыну і Сяргея Чарэшку

З імі з'явілася "пакаяльнае" відэа на праўладных тэлеграм-каналах. Да блогераў прыйшлі за ўдзел у пратэстах.


10 лістапада ў Полацку затрыманы сын Вольгі Брыцікавай — Ягор

Ён прыйшоў з войска за дзень да яе суда і на судзе прадстаўляў яе інтарэсы. Пасля яе арышту ён штодня наведваў яе ў ІЧУ. Прычына ягонага затрымання невядомая, паведамляе "Свабодны прафсаюз". 

Дапоўнена. Пазней стала вядома, што яго адпусцілі.

Нагадаем, Вольга, якая ў траўні выйшла на волю пасля 75 сутак, напачатку лістапада была зноў арыштаваная на 15 сутак.


У Полацку быў затрыманы Генадзь Бярдзенеў

Ён нядаўна прыехаў з Польшчы, дзе працаваў апошнія тры месяцы і збіраўся ў бліжэйшыя дні зноў вярнуцца назад. Суд будзе заўтра па невядомым адміністрацыйным артыкуле.

Каля пяці гадоў таму Генадзь быў адным з ініцыятараў стварэння пярвічнай арганізацыі @profbelonline сярод ІП на Полацкім рынку.


Палітвязню Аляксею Федаркевічу ўзмацнілі пакаранне і перавялі з "хіміі" ў калонію

У Кастрычніцкім судзе Гродна 7 верасня адбыўся суд па змене пакарання палітвязню Аляксею Федаркевічу. Па рашэнні суддзі Вольгі Бекушавай палітвязню змянілі абмежаванне волі з накіраваннем у ПУАТ на пазбаўленне волі. Але ў якую калонію перавялі Аляксея, пакуль невядома.

Нагадаем, жыхара Салігорска асудзілі 6 ліпеня 2021 года да двух гадоў "хіміі" за абразу начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Ленінскага РАУС. У студзені 2021 года мужчыну затрымалі на 72 гадзіны ў межах крымінальнай справы. Адразу пасля вызвалення мужчына захварэў на кавід у вельмі цяжкай форме — да складанай пнеўманіі. У лякарні ён прабыў з студзеня па сярэдзіну траўня.

2 чэрвеня яго папярэдзілі, што суд над ім адбудзецца заўтра, але палітвязень папрасіў выклікаць яго загадзя праз позву. Суддзя замест гэтага абвясціла абвінавачанага ў вышук. У выніку, мужчына месяц утрымліваўся пад вартай, хоць сам артыкул не прадугледжвае пазбаўлення волі.


«Сказалі звольніць тых, хто пасля нядаўняй "аблавы" апынуўся на "сутках"». Працяг гісторыі з "аблавай" у Акадэміі навук

Паводле інфармацыі крыніцы «Зеркало», вучонага Сяргея Гараніна звольнілі з Акадэміі навук. Да гэтага ён правёў дзесяць сутак на Акрэсціна.

Сяргей Гаранін не адзіны, каго затрымалі падчас "аблавы" ў Акадэміі. Паводле інфармацыі дзвюх крыніц з навуковага асяроддзя, сілавікі тады "дапытвалі" больш за 40 чалавек.

Паводле інфармацыі крыніцы выдання, забралі некалькі чалавек (верагодней за ўсё, пяць), "у каго нешта не спадабалася ў тэлефоне". Паводле інфармацыі, якую ўдалося даведацца "Зеркало", на "сутках" па арт. 19.1 КаАП тады аказаліся яшчэ мінімум двое навукоўцаў.


Затрыманы беларускі сектавед Алег Нагорны — яму пагражаюць крымінальнай справай за антываенныя публікацыі 

Нагорны — адзін з самых вядомых праваслаўных сектаведаў у Беларусі. Раней ён рэгулярна выступаў на розных праваслаўных імпрэзах і форумах.

З пачаткам вайны ва Украіне Нагорны заняў праўкраінскую пазіцыю, у сваіх публікацыях асуджае ўварванне і крытыкуе тых дзеячаў праваслаўнай царквы, якія падтрымалі вайну. ГУБАЗіК прапануе праверыць яго публікацыі на прадмет «распальвання нянавісці да рускіх» і завесці на мужчыну крымінальную справу.


Сілавікі апублікавалі "пакаяльнае відэа" з 71-гадовым акадэмікам-біёлагам і яго жонкай

Алег Давыдзенка з жонкай Наталляй
Алег Давыдзенка з жонкай Наталляй

Як паведамлялася раней, член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар біялагічных навук Алег Давыдзенка і яго жонка Наталля знаходзяцца ў ізалятары на Акрэсціна. На іх заведзеная крымінальная справа — мужа і жонку вінавацяць у «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак, альбо ўдзел у іх» (арт. 342 КК).

Паведамляецца, што затрыманых знайшлі па фотаздымку — яго апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы.


МУС унесла ў нацысцкі спіс вокліч "Жыве Беларусь", які "суправаджаецца ўзняццем правай рукі з выпрастанай далонню"

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства ўнутраных спраў пастановай вызначыла пералік нацысцкай сімволікі і нацысцкіх арганізацый для закона "Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму".

Ён складаецца з 52 пунктаў — сярод іх вокліч, які "суправаджаўся ўзняццем правай рукі з выпрастанай далонню "Жыве Беларусь" і адказ "Жыве".


Сілавікі затрымалі пяць меркаваных арганізатараў "Саюза Беларускага Нацыянальнага Шчыта"

Затрыманыя. Скрыншоты з
Затрыманыя. Скрыншоты з "пакаяльных відэа"

Паводле ГУБАЗіКа, затрыманыя «вялі актыўную экстрэмісцкую дзейнасць у кожным рэгіёне, абмяркоўвалі і планавалі дыверсіі і тэракты, у тым ліку на чыгуначнай дарозе і з выкарыстаннем "кактэйляў Молатава"».

Таксама яны нібыта маюць дачыненне да шэрагу падпалаў, у тым ліку рамкі BelToll у раёне Сеніцы больш за месяц таму.

Адзначым, што 8 лістапада стала вядома, што "Саюз Беларускага Нацыянальнага Шчыта" быў прызнаны "экстрэмісцкім фарміраваннем".


Жыхара Воршы Андрэя Рускіх дэпартуюць з Расіі 

Андрэй Рускіх
Андрэй Рускіх

Санкт-Пецярбургскі гарадскі суд 9 лістапада задаволіў запыт беларускага боку на экстрадыцыю жыхара Воршы Андрэя Рускіх. Мужчына быў у федэральным вышуку за камэнтары ў сацсетках — папярэдне, яму інкрымінуюць абразу Лукашэнкі.

Андрэй — псіхолаг-сэксолаг, псіхатэрапеўт, трэнэр у сфэры трывожных-фабічных і сэксуальных разладаў, якія маюць псіхалагічную аснову. Ён аўтар некалькіх кніг па практычнай псіхалогіі, таксама ён вядзе сайт і старонкі ў сацсетках, дзе публікуе парады па розных псіхалягічных праблемах.


Фігуранту "справы Ціханоўскага" Арцёму Сакаву збіраюцца ўзмацніць рэжым 

Фота: сацсеткі

9 лістапада ў судзе Шклоўскага раёна будзе разглядацца справа аб узмацненні рэжыму палітвязню і пераводзе яго на турэмны рэжым. Вядома, што адміністрацыя шклоўскай калоніі 19 жніўня змясціла Арцёма ў ПКТ тэрмінам на чатыры месяцы.

Арцём — былы памежнік, сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай і адзін з відэааператараў Youtube-каналу «Страна для жизни». Яго абвінавацілі па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса. 14 снежня ў Гомелі Арцёму прысудзілі 16 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму па "справе Ціханоўскага".

Нядаўна суд пастанавіў, што ўсе фігуранты павінны выплаціць 22 мільёны рублёў кампенсацыі "супрацоўнікам Міністэрства ўнутраных спраў за дадатковы час на службе падчас паслявыбарчых пратэстаў".

Падтрымайце палітвязня: ПК № 17, 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8, Арцём Мікалаевіч Сакаў


ГУБАЗіК разграміў кватэру мужа прэс-сакратаркі Палка Каліноўскага Крысціны "Чабор"

На мінулым тыдні сілавікі пахваліліся тым, як разграмілі кватэру самой Крысціны.

Нагадаем, раней ГУБАЗіК публікаваў відэа, на якіх хваліўся, як разграміў кватэры рэдактаркі «Карателей Беларуси» і ютуб-канала «Дзікае паляванне» Яніны Сазановіч, грамадскага дзеяча Вадзіма Пракоп'ева, блогера Андрэя Павука, прадстаўніцы кіберпартызанаў Юльяны Шаметавец.


Палітвязню Дзянісу Барсукову хочуць змяніць рэжым пакарання

У красавіку Дзяніса Барсукова ў Рэчыцы асудзілі за абразу Лукашэнкі ў роліку двухгадовай даўніны на ягоным канале на YouTube. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 368 КК і прызначылі яму два гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Барсукова ўзялі пад варту ў залі суда.

Тэрмін палітвязень адбываў у папраўчай калоніі № 9 у Горках. Учора ў судзе Горацкага раёна адбыўся разгляд справы аб "пераводзе палітвязня ў папраўчую ўстанову іншага тыпу і змене ўмоваў рэжыму". Меркавана, яго хочуць перавесці на турэмны рэжым, але вынік невядомы.

Па дадзеных праваабаронцаў, за апошні год як мінімум 34 палітзняволеных перавялі ў турму, і супраць яшчэ 16 распачалі новыя крымінальныя справы па арт. 411 КК.


Мінскія ўлады адмовілі вернікам Чырвонага касцёла на просьбу маліцца ў касцёле або каля яго.

Каталікі прасілі дазволіць ім збірацца хаця б у зашклёнай галерэі ўнутры святыні або ва ўнутраным дворыку храма на вуліцы. Менгарвыканкам адмовіў, патлумачыўшы гэта «неабходнымі мерапрыемствамі» у сувязі з пажарам у касцёле, піша "Радыё Свабода".

Чыноўнікі таксама нагадалі, што збор людзей на вуліцы будзе расцэнены як «масавае мерапрыемства», а без дазволу ў Беларусі збірацца нельга.

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства