Тры гады "хатняй хіміі" прысудзілі жыхару Смалявіцкага раёна за ўдзел у акцыі пратэсту ў 2020 годзе
Суд Партызанскага раёна Мінска 17 кастрычніка вынес прысуд жыхару Смалявіцкага раёна Максіму Дзіваку, абвінаваціўшы яго ва ўдзеле ў маршы пратэсту ў верасні 2020 года ў Мінску.
Справу разглядаў суддзя Міхаіл Макарэвіч.
Па матэрыялах абвінавачання, Максім Дзівак, у адзін з вераснёўскіх дзён прыняў актыўны ўдзел ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, чым, на думку следства, здзейсніў злачынства, прадугледжанае ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.
Знаходзячыся ў Мінску на вуліцы Максіма Багдановіча “разам з іншымі нявысветленымі ўдзельнікамі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства, груба парушаў грамадскі парадак, не падпарадкоўваўся законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, рухаўся па праезнай частцы дарогі, блакаваў і заступаў шлях транспартным сродкам, у выніку чаго вышэйпаказаныя дзеянні пацягнулі парушэнне працы гарадскога транспарту”.
Пад час ператрусу дома ў Дзівака канфіскаваныя пратэсныя ўлёткі з выявай сцяга бел-чырвона-белага колеру, каляндар з надпісам “Пагоня”, 2 фрагменты палатна бел-чырвона-белага колеру.
У судовым працэсе сваю віну прызнаў цалкам.
Суд пастанавіў прызнаць Дзівака вінаватым і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін тры гады (“хатняя хімія”).