Пачаўся суд над музыкам Уладзіславам Плюшчавым, якога 3 месяцы таму асудзілі да 2 гадоў калоніі
У судзе Фрунзенскага раёна Мінска 10 лістапада пачалі разглядаць новую крымінальную справу супраць гітарыста «Крамбамбулі» і Pomidor/off Уладзіслава Плюшчава. Тры месяцы таму, 4 жніўня, Плюшчава ўжо асудзілі да двух гадоў калоніі з канфіскацыяй яго асабістага аўтамабіля, а таксама прызначылі штраф у памеры 6 400 рублёў. Гэтым разам музыку вінавацяць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады); арт. 188 (Паклёп); ч. 3 арт. 203-1 (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных). Справу разглядае суддзя Андрэй Млечка.
Абвінавачаны Уладзіслаў Плюшчаў — знакаміты беларускі музыка, які граў у гуртах "Крамбамбуля", ZET, Pomidor/off и Hasta la Fillsta. Палітвязня затрымалі 12 красавіка гэтага года. Сілавікі пад прымусам запісалі з ім "пакаяльнае" відэа і арыштавалі на 25 сутак за тое, што "хадзіў на маршы ў 2020-м" і быў падпісаны на "экстрэмісцкія" каналы. Але па сканчэнні сутак гітарысту прад'явілі абвінавачванні па арт. 188 Крымінальнага кодэкса, арт. 369 Крымінальнага кодэкса і ч. 1 арт. 179 Крымінальнага кодэкса. Пазней праваабаронцам стала вядома, што ў траўні з яго справы выключылі абвінавачванне па ч. 1 арт. 179 "Незаконны збор альбо распаўсюд інфармацыі аб прыватным жыцці".
4 жніўня суддзя Фрунзенскага раёна Мінска Алена Бушава прызнала Плюшчава вінаватым па арт. 188 Крымінальнага кодэкса (Паклёп) і арт. 369 Крымінальнага кодэкса (Абраза прадстаўніка ўлады) і прысудзіла яму два гады зняволення ва ўмовах агульнага рэжыму. Таксама суддзя прызначыла палітвязню штраф у памеры 6 400 рублёў і прыняла рашэнне аб канфіскацыі яго асабістага аўтамабіля.
У канцы кастрычніка стала вядома, што супраць Уладзіслава ўзбудзілі новую крымінальную справу паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса (Абраза прадстаўніка ўлады), арт. 188 Крымінальнага кодэкса (Паклёп), ч.3 арт. 203-1 Крымінальнага кодэкса (незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных). А 28 кастрычніка ў Мінскім гарадскім судзе разглядзелі апеляцыйную скаргу палітвязня, але рашэнне суддзі Бушавай пакінулі без зменаў, а скаргу без задавальнення.
Новую крымінальную справу Плюшчава сёння зноў разглядаюць у судзе Фрунзенскага раёна Мінска, суддзя — Андрэй Млечка.
Падтрымаць Уладзіслава грашовымі пераводамі, пасылкамі і тэлеграмамі:
СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2
Уладзіслаў Яўгенавіч Плюшчаў