viasna on patreon

Другі дзень суда па "справе Рабочага Руху": усе 10 палітвязняў не прызналі віну ў здрадзе дзяржаве

2022 2022-11-10T17:16:35+0300 2022-11-10T17:16:57+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/rabochyruh_sud90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Гомельскім абласным судзе працягваецца разгляд "справы Рабочага Руху", фігурантамі якой праходзяць адразу дзесяць палітзняволеных — Сяргей ШэлестУладзімір Жураўка, Андрэй Пагерыла, Ганна АблабАляксандр ГашнікаўСяргей ДзюбаІгар МінцВалянцін Цераневіч, Сяргей ШамецькаАляксандр Капшуль. Іх усіх абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве, а таксама па шэрагу іншых артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Усе не прызналі віну. Ім пагражае да 15 гадоў зняволення. Па справе 38 тамоў, адзін з якіх — "сакрэтны". Працэс вядзе суддзя Аляксандр Піскуноў. Суд праходзіць у адкрытым рэжыме.  

rabochyruh_sud90.jpeg
Аляксандр Гашнікаў, Сяргей Дзюба

Што адбываецца на судзе 10 лістапада?

У першы дзень судовага следства пракуроры некалькі гадзін па чарзе зачытвалі абвінавачванні. Як піша "СБ. Беларусь сегодня", 10 лістапада ўсе дзесяць палітвязняў не прызналі сваю віну ў здрадзе дзяржавы і стварэнні і ўдзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні. Толькі адзін Андрэй Пагерыла прызнаў віну паводле арт. 188 КК (паклёп).

Дзяржабвінавачанне падтрымліваюць два пракуроры. У абвінавачванні, якое абвяшчаецца ў судзе, гаворыцца, што абвінавачаныя абмяркоўвалі планы блакавання шэрагу буйных прадпрыемстваў краіны (у тым ліку "Гродна Азот", "БМЗ"), актыўна ўзаемадзейнічалі з экстрэмісцкай структурай BYPOL, штабам Ціханоўскай і заходнімі спецслужбамі.

На працэсе пачалі даследаваць матэрыялы справы — па справе ўсяго 38 тамоў, адзін з якіх "сакрэтны". Допыт абвінавачаных, пацярпелых і сведак адбудзецца пазней.

У Гомелі распачаўся суд па рэзананснай "справе Рабочага Руху" — судзяць адразу 10 палітвязняў

Працэс вядзе суддзя Аляксандр Піскуноў. Суд праходзіць у адкрытым рэжыме.

У чым іх абвінавачваюць?

Згодна з матэрыяламі справы ўдзельнікі "Рабочага руху", "ажыццяўлялі супрацьпраўную дзейнасць па зборы і наступнай перадачы замежнай дзяржаве і арганізацыі, іх прадстаўнікам (у тым ліку спецслужбам ЗША і Літвы) службовай інфармацыі абмежаванага характару ў дачыненні да беларускіх суб'ектаў гаспадарання пра спосабы абыходу мер абмежавальнага характару (санкцый), а таксама механізмах процідзеяння такім спосабам". Паведамляецца, што некаторыя абвінавачаныя планавалі варыянты блакавання вытворчасці на "Гродна Азот" і "БМЗ".

18 кастрычніка 2021 года — амаль праз месяц пасля затрымання фігурантаў справы — "Рабочы Рух" быў прызнаны экстрэмісцкім фарміраваннем. Гэта стала першым экстрэмісцкім фарміраваннем у Беларусі — цяпер іх 98.

Крымінальная "справа Рабочага Руху" знаходзілася ў вытворчасці следчага аддзела ўпраўлення КДБ па Гомельскай вобласці.

Падтрымайце палітвязняў па адрасе: СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства