Новыя суткі і затрыманні: хроніка палітычнага пераследу 11-12 лістапада Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 11-12 лістапада збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Праваабаронца Наста Лойка не выйшла на волю пасля 15 сутак арышту
Інфармацыі пра яе месцазнаходжанне няма.
Нагадаем, Насту затрымалі 28 кастрычніка. У той жа дзень на праўладных тэлеграм-каналах з'явілася «пакаяльнае відэа», на якім яна «прызнавалася» ў тым, што нібыта «атрымоўвала фінансаванне ад замежных арганізацый».
Пазней Лойцы прысудзілі 15 сутак арышту за «дробнае хуліганства» (арт. 19.1 КаАП).
Праваабаронцам стала вядома, што 28 кастрычніка разам з музыкамі Tor Band быў затрыманы фатограф Андрэй Салаў
Вядома, што ён арыштаваны «за тое, што здымаў кліпы». Падрабязнасці высвятляюцца.
Палітзняволенага Дзяніса Івашына не вызвалілі з карцару
Праваабаронцам стала вядома, што гарадзенскага журналіста-палітвязня Дзяніса Івашына, якога ў пазамінулую пятніцу змясцілі ў карцар на 7 сутак за чарговае «парушэнне правілаў унутранага распарадку», праз тыдзень з яго ўсё ж не выпусцілі, то бок прызначылі дадатковыя суткі «пакарання».
За што ён патрапіў у «няміласць» да адміністрацыі ПУ «Турма №1» гэтым разам, невядома, як і нагода для папярэдняга «пакарання», піша «Гарадзенская праваабарона».
Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў
У яго трапілі:
- Telegram-каналы «СБНШ (Саюз Беларускага Нацыянальнага Шчыта)», «Северный, Лида», «Росляки, Лида», «Ольшанджелес», «Право имеют», «Гомель против лукашизма»;
- Youtube-каналы «Deadfall TV», «SapraudnyBelarus»;
- Відэаролік «Цветы и пули»;
- TikTok-акаунт «lobzkalin»;
- Instagram-старонка «media-polesye».
ГУБАЗіК затрымалі магілёўца, які збіраў подпісы за Святлану Ціханоўскую ў 2020 годзе
Стала вядома, што 10 лістапада сілавікі затрымалі ўраджэнца Магілёўскага раёна Рамана Бараноўскага, які ў 2020 годзе ўваходзіў у ініцыятыўную групу па зборы подпісаў у падтрымку Ціханоўскай.
Вядома, што дома ў яго прайшоў ператрус, пасля якога кватэра апынулася фактычна разгромленая.
Папярэдне, у віну мужчыну ставяць тое, што ён накіраваў некаторыя звесткі ў "Чорную кнігу Беларусі".
Варта адзначыць, што апошнія два гады Бараноўскі знаходзіўся не ў Беларусі, а працаваў у Польшчы і Нідэрландах. Дадому ён вярнуўся ў кастрычніку гэтага года.
Актывіст Генадзь Бярдзенеў арыштаваны на 30 сутак
Генадзя затрымалі 10 лістапада ў Полацку. Ён нядаўна прыехаў з Польшчы, дзе працаваў апошнія тры месяцы і збіраўся ў бліжэйшыя дні зноў вярнуцца назад.
На мужчыну склалі адразу два пратаколы: па арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне) і арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Суд над ім адбыўся сёння. Яго прызналі вінаватым па двух пратаколах і арыштавалі на 30 сутак.
Каля пяці гадоў таму Генадзь быў адным з ініцыятараў стварэння пярвічнай арганізацыі «Свабодны прафсаюз Беларусі» сярод ІП на Полацкім рынку.
Вольгу Брыцікаву зноў арыштавалі за малюнак "Не вайне", за які яна ўжо адбыла "суткі"
Стала вядома, што сёння над старшынёй незалежнага прафсаюза «Нафтан» Вольгай Брыцікавай адбыўся чарговы суд па арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетавання). Падставай для пратакола стаў малюнак "Не вайне" на яе старонцы ў фэйсбуку, за які яна адбыла арышт некалькі месяцаў таму. Але суддзя Зінаіда Балаболава зноў прызнала Вольгу вінаватай і асудзіла яе да 15 сутак арышту.
Вольга аб'явіла галадоўку з 8 лістапада. Пра гэта яна паведаміла начальніку ІЧУ, склаўшы адпаведную заяву на яго імя. Прычынай такога ўчынку стала парушэнне яе правоў, а таксама адмова супрацоўнікаў ізалятара перадаваць ёй перадачы ад сваякоў.
Нагадаем, актывістку з 27 лютага ўтрымлівалі за кратамі 75 сутак. Над ёй прайшлі пяць судоў, а суддзя Балаболава кожны раз арыштоўвала Вольгу на 15 сутак.
Беларуса затрымалі за «дэструктыўныя» падпіскі і за тое, што шукаў адваката, каб абскарадзіць судовае рашэнне
У Чачэрску затрымалі Сяргея Рудзянкова, які нядаўна вярнуўся з Польшчы.
На «пакаяльным» відэа мужчына тлумачыць, што быў затрыманы за падпіскі на «дэструктыўныя» паблікі, а таксама за тое, што шукаў адваката, каб абскардзіць судовыя рашэнні за ўдзел у «несанкцыянаваных» масавых мерапрыемствах.
Сілавікі затрымалі чатырох супрацоўнікаў СТА «Саня поможет»
У 2020 годзе там прапаноўвалі бясплатны рамонт пацярпелым ад рэпрэсій.
«У дачыненні да ўладальніка і яшчэ двух работнікаў узбуджаны крымінальныя справы за экстрэмізм, а яшчэ адзін датычны да педафіліі», — цытуе паведамленне праўладнага тэлеграм-канала "Медыязона".