"Рэйкавага партызана" ў Лідзе пакаралі трыма гадамі калоніі
Суд Лідскага раёна 14 лістапада вынес прысуд Дзмітрыю Мядзвецкаму, якога абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, псаванні шляхоў зносін і абразе прэзідэнта.
Судовы працэс вяла суддзя Наталля Лобан, якая зусім нядаўна, 26 верасня бягучага году, была прызначана суддзёй на 5 гадоў.
Мядзвецкага затрымалі 2 верасня 2022 года, а ўжо 6 верасня 2022 года з'явілася “пакаяльнае” відэа з затрыманнем Дзмітрыя, у якім ён паведамляе, што ў 2020 годзе знаходзіўся ў чаце "Ліда 97%", дзе актыўна пісаў паведамленні. Таксама пісаў аб сваіх дзеяннях у плане "Перамога".
Паводле версіі сілавікоў мужчына заклікаў да страйку, пратэстаў, а таксама прапаноўваў ладзіць дыверсіі на чыгунцы.
Яго вінавацяць адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:
ч. 1 арт. 309 КК РБ – наўмыснае псаванне транспартнага сродку ці шляхоў зносін;
ч.1 арт. 342 КК РБ – арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх;
ч. 1 арт. 368 КК РБ – абраза прэзідэнта.
Суд завяршыўся за адзін дзень. Суддзя Наталля Лобан прызнала Мядзвецкага вінаватым і пакарала яго пазбаўленнем волі тэрмінам на тры гады ва ўмовах калоніі агульнага рэжыма.