Новыя "экстрэмісцкія" матэрыялы, затрыманні, ціск на палітвязняў: хроніка пераследу 15 лістапада
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 15 лістапада збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
ГУБАЗіК затрымаў адміністратара telegram-чата "ГОБК"
Паводле сілавікоў, 38-гадовы Дзмітрый Сцяпанаў адміністраваў чат «ГОБК», «які з'яўляўся структурным падраздзяленнем экстрэмісцкага фармавання "dzechat"».
Праўладныя тэлеграм-каналы пішуць, што ў чаце нібыта неаднаразова публікаваліся заклікі здзяйсняць гвалтоўныя дзеянні над супрацоўнікамі праваахоўных органаў.
Палітзняволены Дзяніс Івашын 10 дзён знаходзіцца ў карцары. Падтрымайце яго!
Палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына 4 лістапада змясцілі ў карцар на 7 сутак за чарговае "парушэнне правілаў унутранага распарадку". Але праз тыдзень яго так і не выпусцілі. Гэта значыць, што яму дадалі чарговыя "суткі".
Нагдаем, 15 жніўня ў Гродзенскім абласным судзе ў закрытым рэжыме распачаўся разгляд справы журналіста. Праз месяц суд прызнаў Івашына вінаватым паводле арт. 365 (умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў) і ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве) і асудзіў яго да 13 гадоў і 1 месяца калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Вы можаце падтрымаць палітвязня грашовымі пераводамі, пасылкамі і тэлеграмамі.
Падтрымайце палітвязня: Турма №1, 230023, Гродна, Кірава, 1, Дзянісу Яўгенавічу Івашыну
Напісаць анлайн
Чарговае папаўненне Спіса "экстрэмісцкіх" матэрыялаў
У яго трапілі:
Telegram-каналы «Germanische ᚢ Tradition», «Вороново Chat»;
Youtube-канал «ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ»;
Telegram-стыкеры «Adolf Hitler»;
Facebook-суполка «Пинск – это Родина».
Затрымана віцебская журналістка Жанна Жалевіч
Як паведамляе "Віцебская Вясна", яе праз тэлефон выклікалі на гутарку ў райаддзел Першамайскага раёну. На пытанне, ці браць з сабой нейкія рэчы, міліцыянт параіў: «Вазьміце на ўсялякі выпадак». З кароткай тэлефоннай размовы жанчыне стала зразумелым, што ў яе сацыяльных сетках знайшлі допісы «са сцягам» і «з надпісамі» – так патлумачыў супрацоўнік міліцыі.
Праз 3 гадзіны знаходжання ў РАУС Жалевіч не выйшла з будынка, яе тэлефон не адказвае.
У апошнія гады Жалевіч у якасці журналісткі супрацоўнічае за выданнем «Витебский курьер», у асноўным піша пра культурніцкія падзеі Віцебска. Таксама яна вядомая ў Віцебску зоаабаронца.
Інфармацыя дапаўняецца