"Аб'яднаў выяву Лукашэнкі і свастыку": вынесены прысуд жыхару Баранавіч Каспаровічу
У судзе Баранавіцкага раёна і Баранавічы 11 лістапада завяршыўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Андрэя Каспаровіча, які абвінавачваўся ў абразе прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса) і здзеку над дзяржаўнымі сімваламі (арт. 370 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядаў суддзя Мікалай Кміта, дзяржабвінаваўца - старшы памочнік пракурора Аляксандр Ярашэвіч.
Андрэя Каспаровіча затрымалі 28 верасня 2022 года.
Па матэрыялах абвінавачання, Андрэй Каспаровіч 22 студзеня 2021 года пасля прагляду публікацыі, размешчанай у сацыяльнай сетцы "Аднакласнікі", у выглядзе выявы прэзідэнта Лукашэнкі ў ваенным мундзіры на пярэднім плане, а на заднім – выява свастыкі, размясціў гэты малюнак на сваёй адкрытай старонцы, падаўшы да яго доступ неабмежаванаму колу карыстальнікаў сеткі Інтэрнэт, чым прынізіў гонар і годнасць асобы кіраўніка дзяржавы.
Таксама пакінуў надпіс аб тым, што "ўлада карыстаецца нацысцкай ідэалогіяй і не з'яўляецца дэмакратычнай краінай".
Ён жа наўмысна размясціў малюнак Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь унутры свастыкі, выкананай у форме крыжа на сваёй адкрытай старонцы ў адной з сацыяльных сетак, падаўшы да яго доступ для вольнага прагляду і капіравання неабмежаванаму колу карыстальнікаў сеткі Інтэрнэт, тым самым учыніў здзек над сцягам Беларусі.
Сваю віну ў судзе прызнаў цалкам і публічна прынёс прабачэнні Лукашэнку.
Прысудам суда абвінавачаны Каспаровіч прызнаны вінаватым у публічнай абразе прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і на падставе ч.1 арт. 368 яму прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін два гады.
Ён жа прызнаны вінаватым у здзеку над дзяржаўным сцягам і на падставе арт. 370 яму прызначанае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін адзін год.
Па сукупнасці злачынстваў, шляхам паглынання менш строгага пакарання больш строгім, канчаткова прызначанае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін два гады з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.