“Я баюся за сваё жыццё”, – заявіў суду асуджаны на два гады калоніі Аляксандр Патапаў
У судзе Віцебскага раёна 16 лістапада завяршыўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да 68-гадовага жыхара в. Хатоля Віцебскага раёна палітвязня і ўраджэнца Украіны Аляксандра Патапава. Мужчыну абвінавацілі ў абразе прэзідэнта (ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса).
Судовы працэс вяла суддзя – Наталля Траццякова, дзяржабвінаваўца – пракурор Барысенка.
Палітзняволены Аляксандр Патапаў быў затрыманы міліцыяй 25 жніўня 2022 года і ўзяты пад варту па падазрэнні ў абразе Лукашэнкі праз каментары ў сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі”. Раней Аляксандра ўжо затрымлівалі ў межах адміністрацыйнай справы па арт. 19.11 КаАП, тады яму прызначылі штраф.
Цяпер Патапаў утрымліваецца ў Віцебскім абласным следчым ізалятары №2 і мае патрэбу ў маральнай падтрымцы і матэрыяльнай дапамозе.
У першы дзень судовага працэсу было агучана абвінавачанне. Ураджэнец Украіны ў Беларусі пражывае з 1997 года. Пасля гібелі ва Украіне ад рук расійскіх вайскоўцаў ягонай дачкі Аксаны і ранення пляменніцы, знаходзячыся пад уплывам эмоцый, 8 і 16 ліпеня 2022 года размясціў у сацыяльнай сетцы два каментары, якія экспертыза палічыла "абразлівымі".
Суддзя забараніла палітвязню Аляксандру Патапаву выкарыстоўваць у апошнім слове ўкраінскія словы
15 лістапада ў судзе адбыліся спрэчкі бакоў. Дзяржабвінаваўца запрасіла пазбаўленне волі тэрмінам на два гады ва ўмовах агульнага рэжыму. Адвакат настойвала на арышце, паколькі Патапаў прызнаў сваю віну і такая мера прадугледжана санкцыямі артыкула 368 Крымінальнага кодэкса.
На чарговым судовым пасяджэнні Патапаў заявіў, што ў яго пастаянна дрэннае самаадчуванне, цяжкасць у галаве, слабасць і ён вымушаны прымаць абязбольныя сродкі. Яму абяцалі абследванне ў медыцынскім стацыянары, але апошнія 94 дні ён знаходзіўся ў жорсткіх умовах зняволення ў ШІЗА.
“Я баюся за сваё жыццё”, – заявіў Патапаў суду.
Суд абвясціў перапынак і запрасіў даведку аб стане здароўя абвінавачанага. Медык СІЗА №2, якога выклікалі ў суд, паведаміў, што Аляксандру аказваецца належная медыцынская дапамога, змяшчэнне ў стацыянар не патрабуецца. Даведку далучылі да матэрыялаў справы.
Тым не меней, гэта не паўплывала на рашэнне суда: прызнаць Аляксандра Патапава вінаватым і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі волі тэрмінам на 2 гады ва ўмовах агульнага рэжыму.