viasna on patreon

Затрыманні і ціск на адвакатаў: хроніка палітычнага пераследу 16-17 лістапада Дапоўнена

2022 2022-11-17T18:51:00+0300 2022-11-17T21:43:45+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/tankashkur_larysa.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 16-17 лістапада збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Палітзняволеную былую выкладчыцу МДЛУ Наталлю Дуліну абвінавачваюць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» 

Па інфармацыі @zerkalo_io, ёй выставілі абвінавачванне паводле арт. 361-4 КК — цяпер выкладчыцы пагражае да шасці гадоў зняволення.

Наталлю затрымалі 3 кастрычніка ў межах крымінальнай справы за ўдзел у пратэстах (арт. 342 КК) і змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна. Затрымлівалі яе мінімум шэсць сілавікоў. Да гэтага цягам года Наталлю затрымлівалі чатыры разы і судзілі па палітычна матываваных адміністрацыйных артыкулах.

15 лістапада Дуліна сустрэла за кратамі сваё 58-годдзе.

Падтрымаць Наталлю: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Наталля Алегаўна Дуліна


У Слоніме ГУБАЗіК затрымаў актывіста Віктара Марчыка 

Віктар Марчык. Фота з сайта

На "пакаяльным" відэа мужчына "прызнаецца" ў тым, што распаўсюджваў «экстрэмісцкія матэрыялы» і абяцае больш гэтага не рабіць.

Віктар — сябра Рады Беларускага нацыянальнага кангрэсу і актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь».


У Маскве за абразу Лукашэнкі затрымалі беларуса — ён спрабаваў схавацца ў гатэлі

40-гадовы Станіслаў Ільін трапіў у вышук на радзіме па артыкуле 368 КК РБ. Каб пазбегнуць крымінальнага пераследу, Ільін вырашыў згубіцца ў Расіі — ён прыехаў у Маскву і пасяліўся ў гатэль.

Як паведамляе @bazabazon, 14 лістапада ў гатэль прыйшлі паліцэйскія — Станіслава затрымалі. Цяпер яму пагражае дэпартацыя і да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў Беларусі.


У "тэрарыстычны спіс" дадалі яшчэ 10 чалавек

Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы яшчэ дзесяці чалавек. Цяпер у ім 951 чалавек, з іх 206 — беларусы.

Сярод іх — Нікіценка Павел, Трафімчык Таццяна, Фаміна Марыя, Фралоў Максім, Нікіцін Сяргей, Плескачоў Дзмітрый, Масевіч Аляксандр, Арцюх Ігар, Янчанка Іван.


Супраць кіроўцы "жывемабіля" распачалі крымінальную справу

Стала вядома, што супраць кіроўцы Андрэя Кулакова, які пасля выбараў з'ехаў з Беларусі, распачалі крымінальную справу і арыштавалі маёмасць.

Андрэй — кіроўца мікрааўтобуса Volkswagen Transporter T3 з бел-чырвона-белай сімволікай, які жыхары Віцебску назвалі «жывемабілем». Андрэя на 11 месяцаў пазбавілі правоў і аштрафавалі на 364,5 рубля за ДТЗ, у якім БЧБ-бусік сутыкнуўся са службовай машынай ДАІ.


Вясковых настаўніц аштрафавалі за падпіскі і прымусілі «каяцца» на відэа

Як паведамляе @flagshtok, гомельскія праўладныя тэлеграм-каналы пачалі выкладаць «пакаяльныя відэа» з затрыманымі за падпіску на «экстрэмісцкія» старонкі. Сярод пакараных — дзве вясковыя настаўніцы, якія атрымалі штраф.

Паведамляецца, што суд Буда-Кашалёўскага раёна пакараў за падпіскі ўжо 17 мясцовых жыхароў — на кожнага накладзены штраф ад 10 да 30 базавых велічынь, а ў семярых з іх канфіскаваныя тэлефоны.


Ціск на адвакатаў

Як стала вядома праекту "Права на абарону", яшчэ два адваката, якія ўдзельнічаюць у палітычных матываваных працэсах выкліканыя ў кваліфікацыйную камісію па пытаннях адвакацкай дзейнасці пры Міністэрстве юстыцыі для праходжання пазачарговай пераатэстацыі 1 снежня 2022 года. Прадстаўленне аб правядзенні пераатэстацыі ўнесена Беларускай рэспубліканскай калегіяй адвакатаў. Гаворка ідзе пра адвакатаў Уладзіміра Пыльчанку і Віктара Мацкевіча. Уладзімір Пыльченко з'яўляецца адвакатам палітзняволеных Марыі Калеснікавай, Эдуарда Бабарыкі, Ірыны Слаўнікавай, Кацярыны Бахвалавай, Лявона Халатрана і іншых. Віктар Мацкевіч з'яўляецца адвакатам Сяргея Ціханоўскага, Ігара Аліневіча, Акіхіра Гаеўскага-Ханада, Яўгена Юшкевіча, Віктара Бабарыкі, Алеся Бяляцкага.

Акрамя гэтага, у камісію выкліканы адвакат Дзмітрый Пігуль, які абараняў аднаго з фігурантаў "Справы студэнтаў", "Буслы ляцяць", палітвязня Арцёма Анішчука і іншых.

З пачатку 2020 года па верасень 2022 года не менш за 38 адвакатаў пазбаўленыя свайго статусу ў выніку працэдуры чарговай або пазачарговай атэстацыі.


Следчы камітэт: "справа TUT.ВY" хутка будзе перададзена ў пракуратуру 

СК завяршыў расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў TUT.ВY. Абвінавачаныя азнаёміліся з ягонымі матэрыяламі, у бліжэйшы час яно будзе перададзена ў пракуратуру для накіравання ў суд.

"Большасць фігурантаў абвінавачваецца ў нявыплаце падаткаў. Амаль усе яны заявілі хадайніцтвы Лукашэнку аб памілаванні, кампенсавалі шкоду ў поўным аб'ёме і ўнеслі крымінальна-прававую кампенсацыю. Большасць абвінавачаных супрацоўнічалі са следствам, таму ім змянілі меру стрымання. Цяпер пад вартай знаходзяцца толькі двое фігурантаў", — паведаміў намеснік старшыні СК Алег Шандаровіч.

Нагадаем, цяпер па "справе TUT.ВY" за кратамі знаходзяцца Марына Золатава і Людміла Чэкіна.


Затрымалі былую палітзняволеную паштальёнку Ларысу Танкашкур

Напачатку 2021 году Ларысу асудзілі да трох месяцаў арышту за перадачу ў тэлеграм-чат дадзеных дзясяткаў міліцыянтаў.

Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, адразу пасля вызвалення Танкашкур даслала дадзеныя свайго суддзі і пракурора ў "Чорную Кнігу Беларусі".

Дапоўнена. Па інфармацыі праваабаронцаў, 17 лістапада над жанчынай адбыўся суд. Яе прызналі вінаватай у "дробным хуліганстве" паводле арт. 19.1 КаАП і арыштавалі на 14 сутак.


У Мінску за ўдзел у пратэстах затрыманы Вальтэр Гома — ГУБАЗіК апублікаваў "пакаяльнае" відэа з ім пад песню "Убили Негра"

Як паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы, «дадзены персанаж з каларытнай знешнасцю аказаўся няўдзячны сваёй новай Радзіме і вырашыў выйсці на вулічныя маршы».

Паводле сілавікоў, Вальтэр удзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту, а таксама дасылаў відэа ў чат-бот Nexta. Яны пішуць, што пасля «сутак» хлопец «магчыма выйдзе на волю».


Віцебскую журналістку Жанну Жалевіч затрымалі і аштрафавалі

Ёй прызначылі 100 базавых штрафу (3 200 рублёў). Пасля суда жанчыну адпусцілі.

Нагадаем, журналістку 15 лістапада выклікалі ў міліцыю з-за допісаў "са сцягам" і "з надпісамі" у сацсетках. Пазней Жанну адпусцілі да суда — ён павінен быў прайсці ў гэтую пятніцу, аднак 16 лістапада раніцай да Жалевіч ламіліся ў кватэру.


У Брэсце затрыманы яшчэ адзін студэнт універсітэту — 21-гадовы Максім Міцкевіч 

Паводле сілавікоў, студэнт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. Пушкіна пакінуў у тэлеграме каментар пра міністра замежных справаў Уладзіміра Макея. За гэтае ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады).

Брэсцкія праваабаронцы знайшлі каментар са скрыншота міліцыянтаў ды высветліла: паведамленне было напісана ў тэлеграм-чаце «Лухтовикинги» яшчэ ў красавіку 2021 года. Ды з'яўлялася адказам на навіну пра інтэрв'ю Макея, згодна з якой чыноўнік заяўляў: беларускія ўлады пры падаўленні пратэстаў выбралі парушаць правы чалавека нібыта дзеля «захавання суверэнітэту».


Фігуранта "справы Ціханоўскага" Арцёма Сакава перавялі ў магілёўскую турму

Фота: сацсеткі

9 лістапада ў судзе Шклоўскага раёна разглядзелі справу аб узмацненні рэжыму палітвязню і пераводзе Арцёма на турэмны рэжым. Па рашэнні суда Сакава перавялі на турэмны рэжым у Магілёў.

Арцём — былы памежнік, сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай і адзін з відэааператараў Youtube-каналу «Страна для жизни». Яго абвінавацілі па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса. 14 снежня ў Гомелі Арцёму прысудзілі 16 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму па "справе Ціханоўскага". Вядома, што адміністрацыя шклоўскай калоніі 19 жніўня змясціла Арцёма ў ПКТ тэрмінам на чатыры месяцы.

Нядаўна суд пастанавіў, што ўсе фігуранты павінны выплаціць 22 мільёны рублёў кампенсацыі "супрацоўнікам Міністэрства ўнутраных спраў за дадатковы час на службе падчас паслявыбарчых пратэстаў".

Падтрымайце палітвязня: Турма №4, 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А, Арцём Мікалаевіч Сакаў

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства