viasna on patreon

"Так званая справа". Што вядома пра затрыманых за вывешванне нацыянальных сцягоў Беларусі і Украіны

2022 2022-11-23T10:43:52+0300 2023-02-11T11:19:09+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/nacianalnyja_scjagi.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У сярэдзіне верасня сілавікі затрымалі пяць мінчукоў за тое, што яны вывесілі вялікія нацыянальныя сцягі Беларусі і Украіны на фасадзе дома па вуліцы Лесі Украінкі ў Мінску. Супраць іх узбудзілі крымінальную справу за "злоснае хуліганства, здзейсненае групай асобаў" паводле ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса і змясцілі ўсіх пад варту ў жодзінскую турму. Але пераслед затрыманых на гэтым не спыніўся. Праз два тыдні пасля іх затрымання Міністэрства ўнутраных справаў прызнала "экстрэмісцкім фармаваннем" канал у дадатку Zello, праз які камунікавалі мінчукі пры арганізацыі акцыі. "Вясна" распавядае падрабязнасці справы, а юрыст Павел Сапелка каментуе яе.

Скрыншот з відэасюжэта МУС
Скрыншот з відэасюжэта МУС

Што здарылася?

Напрыканцы жніўня на фасадзе 19-павярховага дома па вуліцы Лесі Украінкі ў Мінску з'явіліся бел-чырвона-белы і блакітна-жоўтыя сцягі. 15 верасня МУС адсправаздачылася аб затрыманні групы "выканаўцаў пратэснай акцыі". Паведамляецца, што "здалі" іх праз чат-бот "Міліцыя Мінска" «неабыякавыя людзі». Супрацоўнікі затрымалі пяць мінчукоў – жанчын і мужчын ва ўзросце ад 35 да 51 года. Гэта Дзяніс Варозаў, Вячаслаў Панцюшэнка, Вольга Церах, Уладзімір Лавор і Кацярына Зарэцкая. Паведамлялася, што "арганізатарка акцыі [Вікторыя Бакуновіч] кіравала з-за мяжы", каб тая размясціла фота ў "экстрэмісцкіх" тэлеграм-каналах. Затрыманыя на дадзены момант змешчаны пад варту ў жодзінскую турму.

МУС апублікаваў "пакаяльнае" відэа з імі, але твары ўсіх трох затрыманых мужчын былі заблюраныя, акрамя Кацярыны Зарэцкай і Вольгі Церах. 

На відэа мужчына з заблюраным тварам кажа, што прымаў удзел у акцыі разам з жонкай.

"Дзяўчына знізу стаяла фатаграфавала", – кажа яшчэ адзін мужчына з заблюраным тварам. 

Таксама ў відэа ўставілі момант затрымання аднаго з фігурантаў: сілавік у цывільным падбег да яго на вуліцы ззаду, ударыў пад калена і зрабіў задушлівы прыём – той паваліўся на зямлю. Да іх падбег яшчэ адзін супрацоўнік у цывільным і пачалі ўжо ўдвох "круціць" мужчыну. 

Затрыманне аднаго з фігурантаў справы
Затрыманне аднаго з фігурантаў справы

"Вядома, што перад выхадам на так званую справу зламыснікі старанна рыхтаваліся: размяркоўвалі ролі, праводзілі рэкагнасцыроўка, вызначалі месцы здымкі, назіралі за аб'ектамі. З мэтай канспірацыі выкарыстоўвалі радыёстанцыі і закрыты, як яны думалі, канал сувязі", – каментуе прадстаўнік ведамства.

У прапагандысцкіх СМІ таксама з'явіўся артыкул пра затрыманых. У ім размешчана фота Уладзіміра Лавора, на лбу якога бачацца пашкоджанні.

Уладзімір Лавор
Уладзімір Лавор

У сюжэце прадаставілі аўдыё перамоваў затрыманых. Верагодна, канал у Zello выкарыстоўваўся як сродак сувязі паміж мінчукамі падчас гэтай акцыі. 

*Zello – мабільны дадатак, які дазваляе абменьвацца галасавымі паведамленнямі ў фармаце рацыі. Ім часта карыстаюцца кіроўцы: напрыклад, дальнабойнікі або таксісты.

А прычым тут "экстрэмісцкае фармаванне"?

Праз два тыдні пасля затрымання мінчукоў – 3 кастрычніка – МУС прызнаў "экстрэмісцкім фармаваннем" канал у дадатку Zello "Xinkalik" з указаннем шасці прозвішчаў яго удзельнікаў і ўдзельніц. Гэта нетыповы выпадак. Упершыню ў Беларусі "экстрэмісцкім фармаваннем» прызналі суполку з дадатку Zello. І ўпершыню пры прызнанні "фармавання" (іх на дадзены момант налічваецца ўжо 99) пазначаныя канкрэтныя прозвішчы ўдзельнікаў і удзельніц. Цяпер афіцыйна забаронена карыстацца каналам "Xinkalik" у Zello.

Для затрыманых гэта можа пацягнуць новую крымінальную справу за стварэнне і ўдзел у "экстрэмісцкім фармаванні" паводле арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса, па якім прадугледжана ад трох да сямі гадоў калоніі.

"Калі няма за што "пасадзіць" чалавека, то можна стварыць для яго "экстрэмісцкае фармаванне"

Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Павел Сапелка падкрэслівае, што цяпер праваабаронцы ацэньваюць не толькі змест крымінальнага артыкула, але і практыку яго прымянення: 

"Сама па сабе норма аб магчымасці прыцягнення да адказнасці тых, хто стварыў "экстрэмісцкае фармаванне" або ўвайшоў у яго склад у мэтах здзяйснення злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці ўжо надзвычай спрэчная – існуючыя вызначэння надзвычай шырокія і нявызначаныя. Акрамя таго, прызнанне групы грамадзян "экстрэмісцкім фармаваннем" адбываецца адвольна, адміністрацыйным рашэннем, без неабходнасці публічнай аргументацыі рашэння. І нарэшце, практыка прымянення гэтага артыкула наогул выходзіць за межы разумнага, і праблема тут не столькі ў тым, калі група прызнаецца экстрэмісцкім фарміраваннем, а ў тым, што любая агульная прыкмета можа быць адвольна ужытая як вызначальная сутнасць фармавання.

Звяртае на сябе ўвагу той факт, што прыцягненне да адказнасці за сам па сабе факт уваходжання ў "экстрэмісцкае фармаванне" занадта часта становіцца адзінай падставай прыцягнення да крымінальнай адказнасці. То бок калі няма за што "пасадзіць" любога чалавека, то можна выбраць з наяўных або стварыць для яго "экстрэмісцкае фармаванне": падпісчыкаў Telegram-канала, аўтараў і чытачоў сайта, прыхільнікаў палітычнай фігуры і так далей. Таму што, вядома, вывешванне сцягоў – гэта дакладна не хуліганства ў дадзеным кантэксце, а пакараць за праяву грамадзянскай пазіцыі вельмі хацелася".

Як можна падтрымаць палітвязняў?

Усе яны ўтрымліваюцца ў жодзінскай турме. Падтрымаць затрыманых можна лістамі, грашовымі пераводамі, пасылкамі і медычнымі бандэролькамі па адрасе: Следчая турма № 8, 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А, Кацярына Уладзіміраўна Зарэцкая, Вольга Андрэеўна Церах, Вячаслаў Аляксандравіч Панцюшэнка, Уладзімір Міхайлавіч Лавар, Дзяніс Мікалаевіч Варозаў.

Дадзеныя для электроннага грашовага пераводу:

УНП: 600039282
BIC: BAPBBY2X
IBAN: BY39BAPB36422180500100000000
Код прызначэння плацяжа: 90401

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства