viasna on patreon

Затрыманні па ўсёй Беларусі 23 лістапада Дапоўнена

2022 2022-11-23T14:12:07+0300 2022-11-23T17:19:49+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/valiancina_bolbat.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 23 лістапада збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Трое кіраўнікоў з Брэсцкага аўтапарку затрыманы за тое, што "распаўсюджвалі бчб-ідэалогію" і эканомілі на простых кіроўцах". Пра гэта паведаміў праўладны блогер

Брэсцкія праваабаронцы паглядзелі ролік блогера Аляксея Голікава, з якога стала вядома, што ў Брэсце былі затрыманы тры супрацоўнікі КУП "Брэсцкі грамадскі транспарт":

  • ідэолаг Ігар Парфянюк
  • начальнік аўтакалоны Сяргей Серада
  • начальнік ПТА Аляксандр Сарока

Блогер знайшоў "пацверджанне" таго, што ў затрыманых пратэсныя погляды – нібыта ўсе яны ў Аднакласніках ставілі "класы" матэрыялам з крытыкай уладаў. Але ў той жа час сцвярджаецца, што прэтэнзіі да іх узніклі "не зусім з-за іх палітычных поглядаў".


Кіраўніка аб'яднання прадпрымальнікаў "Перспектыва" аштрафавалі за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў" 

Нагадаем, Анатоль Шумчанка не вярнуўся з допыта ў Баранавічах, куда ездзіў 21 лістапада. Пазней стала вядома, што яго затрымалі паводле арт. 19.11 КаАП за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў" і пакінулі ў ІЧУ да суда.

Сёння над ім адбыўся суд. Вынік — 15 базавых велічыняў штрафу (480 рублёў).


Затрыманы сузаснавальнік праекта "Разумны Мінск" Сяргей Саўкін

Праўладны тэлеграм-канал канал піша, што ён "навязваў дзецям і іх бацькам палітычны падтэкст". Сілавікі паказалі фота ідэі навагодняй праграмы, дзе ёсць словы "Стары Дзед Мароз стаміўся, таму прыйшоў час выбіраць новага". Акрамя гэтага, на "пакаяльным" відэа ён кажа, што "ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, блакаваў рух транспарту і быў падпісаны на "экстрэмісцкія" тэлеграм-каналы". Паводле інфармацыі "Медиазоны", затрыманага клічуць Сяргей Саўкін.

"Разумны Мінск" – навукова-папулярны праект для дзяцей і іх бацькоў.


У Верхнядзвінску затрыманая грамадская актывістка Валянціна Болбат

Назіральніца з Верхнядзвінску Валянціна Болбат. Фота Еўрарадыё

У Верхнядзвінску 22 лістапада пасля ператрусу затрымалі грамадскую актывістку Валянціну Болбат. Сілавікі вынялі тэхніку і звезлі ў невядомым накірунку. Падставы для затрымання не паведамілі.

Меркавана, затрыманне адбылося ў межах рэйда на былых актывістаў Руху "За Свабоду". Паведамляецца пра факты пераследу ў адносінах да мінімум 13 асобаў. Рух «За Свабоду» быў пазбаўлены афіцыйнай рэгістрацыі 19 лістапада 2021 года.


Затрыманні супрацоўнікаў "СветлагорскХімвалакно"

Паведамляецца, што 22 лістапада ў Светлагорску былі затрыманыя галоўны энергетык "СветлагорскХімвалакно" Канстанцін Дзікун і вядучы эканаміст прадпрыемства Руслан Міхаленка. Па папярэдней інфармацыі, прычынай затрыманняў сталі каментары ў інтэрнэце.


КДБ прыйшоў з ператрусам у баранавіцкага актывіста Юрыя Казакевіча 

Юрый Казакевіч

Казакевіч — гаспадар крамы з нацыянальнай сімволікай "Росквіт" і актывіст руху "За Свабоду".

Па інфармацыі праваабаронцаў, сёння з ператрусам да яго прыйшлі супрацоўнікі КДБ у Баранавічах. Прычыны візіту пакуль высвятляюцца.

Нагадаем, учора таксама праводзілі ператрусы ў Георгія Станкевіча, Аляксея Атрошчанкі і Уладзіміра Кацоры. Сілавікі распытвалі ў іх пра рух «За Свабоду».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства