Хроніка пераследу 26-27 лістапада Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 26-27 лістапада збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Праваабаронца Наста Лойка не выйшла на волю пасля чарговых 15 сутак арышту — яна знаходзіцца на перазатрыманні ў Першамайскім РУУС
У РУУС атрымалася перадаць для яе рэчы, лекі і сродкі гігіены.
Нагадаем, Насту затрымалі 28 кастрычніка. Пазней праваабаронцы двойчы прысудзілі па 15 сутак арышту за «дробнае хуліганства» (арт. 19.1 КаАП).
На мінулым судзе Наста распавядала пра катаванні — супрацоўнік ГУБАЗіК ударыў яе электрашокерам, а адзін з супрацоўнікаў ЦІП вывеў яе ва ўнутраны двор і пакінуў без вопраткі на 8 гадзін.
Верхнядзвінская актывістка Валянціна Болбат знаходзіцца пад арыштам
Праваабаронцам стала вядома, што Валянціну асудзілі да арышту на 10 сутак. Але няма звестак пра тое, у чым канкрэтна абвінавацілі актывістку, і не зразумела, калі над ёй адбыўся суд.
Паводле звестак, якімі падзяліліся сябры спадарыні Валянціны, 22 лістапада ў яе адбыўся ператрус, а потым некалькі гадзін актывістку апытвалі пра кіраўніцтва руху «За свабоду», у прыватнасці, пра Юрыя Губарэвіча.
У праваабаронцаў ёсць падставы меркаваць, што асудзіць актывістку маглі паводле арт. 19.11 КаАП. Але высветліць гэта дакладна можна будзе хіба толькі тады, калі Болбат выйдзе на волю.
Пасля 88 сутак арышту на волю не выйшаў святар Уладзіслаў Багамольнікаў
Ён быў затрыманы 31 жніўня і з таго часу знаходзіцца на Акрэсціна, адбыўшы 6 адміністрацыйных тэрмінаў запар. Чакалася, што ён мусіць выйсці сёння, але гэтага не адбылося. Мяркуючы па ўсім, на яго быў складзены новы пратакол і ён зараз у статусе затрыманага чакае чарговы суд.
Святар за кратамі чытае лекцыі па філасофіі для сваіх сукамернікаў — менавіта гэты прадмет ён выкладае і ў Мінскай духоўнай акадэміі. Таксама ён духоўна падтрымлівае іншых зняволеных, сярод якіх карыстаецца вялікай павагай.
Багамольнікаў — выкладнік Мінскай духоўнай акадэміі, абвяшчаў галадоўку ў падтрымку палітвязня Ігара Лосіка, а таксама служыў літыю па забітым сілавікамі Раману Бандарэнку.
Міліцыя апытала бацьку ксяндза Вячаслава Барка
Бацька каталіцкага святара Вячаслава Барка жыве ў Міёрах Віцебскай вобласці. Яго апыталі ў сувязі з удзелам ксяндза ў відэа для канала "Хартыя-97", апублікаваным два месяцы таму.
Пытанні датычыліся таго, ці ўжывае ксёндз Вячаслаў алкаголь і наркотыкі, ці мае маёмасць і калі вернецца ў Беларусь.
Ксёндз Вячаслаў Барок — вядомы каталіцкі святар, аўтар ютуб-канала. У 2021 годзе быў змушаны выехаць у Польшчу ў сувязі з палітычным пераследам. Цяпер кіраўнік беларускай каталіцкай супольнасці ў Варшаве.
Удзельнікі гурта Litesound знаходзяцца на «Валадарцы»
Праваабаронцам стала вядома, што браты-музыкі Дзмітрый і Уладзімір Каракіны знаходзяцца ў СІЗА-1 на Валадарскага.
Паводле папярэдняй інфармацыі, ім інкрымінаваны арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Нагадаем, пра іх затрыманне праўладныя тэлеграм-каналы напісалі 13 кастрычніка — паводле іх, браты «ўдзельнічалі ў незаконных маршах з перакрыццем дарог, заклікалі і агітавалі ў сацыяльных сетках, супрацоўнічалі з экстрэмісцкімі арганізацыямі».
Справу «Вясны» перадалі ў пракуратуру
Дзяржаўная газета «СБ» са спасылкай на СК паведамляе пра тое, што крымінальная справа ў дачыненні да Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковічаперададзена ў пракуратуру для накіравання ў суд.
Паводле ведамства, праваабаронцы нібыта датычныя да кантрабанды 290.000$ праз мяжу Беларусі, а таксама да «аплаты штрафаў тых асоб, якія здзейснілі правапарушэнні». Алесю, Валянціну і Уладзю пагражае да 12 гадоў калоніі.
Падтрымаць палітвязняў: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму, Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу, Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу
Супраць удзельнікаў Аб'яднанага Пераходнага Кабінета распачата «спецвытворчасць» — іх можа чакаць завочны суд
«Мы працягваем фіксаваць супрацьпраўную дзейнасць усіх удзельнікаў [АПК]. Якія б яны новыя назвы не прыдумлялі — сутнасць застаецца такой жа. Яны як былі людзьмі без радзімы і сцяга, такімі і засталіся. Бо ўсё тое, чым займаецца кожны ўдзельнік пераходнага кабінета — гэта экстрэмісцкая дзейнасць, а кожны іх намер — гэта шкода нацыянальнай бяспецы», — распавёў намеснік старшыні Следчага камітэта Анатоль Васільеў.