Затрыманні за каментары наконт смерці Макея, папаўненне спісу "тэрарыстаў". Хроніка пераследу 1 снежня Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 1 снежня збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Не атэставалі адвакатаў Алеся Бяляцкага, Марыі Калеснікавай, Сяргея Ціханоўскага і Віктара Бабарыкі
Як стала вядома праекту «Право на Защиту», кваліфікацыйная камісія не атэставала адвакатаў Уладзіміра Пыльчанку і Віктара Мацкевіча, выкліканых на пазачарговую атэстацыю 1 снежня.
Уладзімір Пыльчанка з'яўляецца адвакатам Марыі Калеснікавай, Эдуарда Бабарыкі, Ірыны Слаўнікавай, Кацярыны Бахвалавай, Лявона Халатрана і іншых. Віктар Мацкевіч з'яўляецца адвакатам Алеся Бяляцкага, Сяргея Ціханоўскага, Ігара Аліневіча, Акіхіра Гаеўскага-Ханады, Яўгена Юшкевіча, Віктара Бабарыкі.
Стала вядома, што сёння ў Мінску была затрыманая Анастасія Шаўцова
Цяпер жанчына знаходзіцца ў ЦІП на Акрэсціна. Падрабязнасці затрымання невядомыя.
"Справу TUT.BY" перадалі ў суд. Хутка можа адбыцца працэс
Справа супраць найбуйнейшага беларускага незалежнага парталу TUT.BY перададзена ў Мінскі гарадской суд, паведамляе прапагандыстка Гладкая. Цяпер пад вартай утрымліваюцца галоўная рэдактарка Марына Золатава і былая генеральная дырэктарка Людміла Чэкіна. Астатнім змянілі меру стрымання.
Іх абвінавачваюць паводле арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы) і арт. 361 КК (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь) і арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры).
Нагадаем, жанчыны былі затрыманыя 18 траўня 2021 года і з таго часу знаходзяцца на "Валадарцы". Дата суда пакуль не прызначана. Нядаўна Марыну і Людмілу дадалі ў "тэрарыстычны спіс".
Жыхара Скідзеля затрымалі па вяртанні з Польшчы
Міхаіл Мякека жыў у Польшчы паўтара гады і вярнуўся ў Беларусь. Па версіі сілавікоў, менавіта ў Польшчы ён зарэгістраваўся ў плане «Перамога». Таксама ён нібыта пісаў паведамленні з пагрозамі сілавікам.
Сацыялагіню і кандыдатку навук Аксану Шэлест арыштавалі на 15 сутак
У Мінску 29 лістапада супрацоўнікі ГУБАЗіКу затрымалі сацыялагіню і кандыдатку навук Аксану Шэлест разам з архітэктарам і ўрбаністам Кірылам Мальцавым. Сёння над імі прайшлі суды. Іх абвінавацілі паводле арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаванне міліцыянтам).
Суд арыштаваў Аксану на 15 сутак, а Кірыла — на 13 сутак. Цяпер яны знаходзяцца на Акрэсціна.
У палітзняволенага Віктара Бабарыкі новая праца ў калоніі
Праз гэта яго ўмовы знаходжання за кратамі рэзка пагоршыліся. Палітвязень цяпер выпальвае драўняны вугаль. Поўны працоўны дзень (9 гадзін) 6 дзён у тыдзень ён знаходзіцца на вуліцы. Без доступу да побытавага памяшкання, дзе была б магчымасць сагрэцца падчас змены.
Раней Бабарыка працаваў укладчыкам хлебабулачных вырабаў і ўвесь час павінен быў знаходзіцца ў пякарні, у памяшканні практычна без вентыляцыі, з тэмпературай плюс 30.
Палітычным «хатнім хімікам» працягваюць узмацняць жорсткасць рэжыму
Праваабаронцам паведамляюць, што ў некаторых гарадах да тых, хто адбывае палітычную «хатнюю хімію», пачалі часцей прыходзіць міліцыянты з праверкамі — часам прыходзяць нават па начах. Вядома пра выпадкі, калі да людзей прыходзяць двойчы за вечар.
Нагадаем, раней паведамлялася, што ў Баранавічах такім людзям скарацілі вольны час з 2 да 1 гадзіны, кожную нядзелю ім трэба быць на «мерапрыемствах» (раней — раз на два тыдні). Таксама ў людзей узніклі праблемы з камандзіроўкамі. А палітычныя «хатнія хімікі» з Мінску распавядаюць, што ў іх кожны тыдзень начныя праверкі, людзям забараняюць вадзіць дзяцей на кружкі і секцыі.
Вядома, што за парушэнне рэжыму людзям даюць суткі, чаго раней не было.
Бармэна Вальтэра Гома арыштавалі на 13 сутак. Ці выйшаў ён на волю — невядома
Вядома, што Вальтэра Гома затрымалі ў пачатку лістапада ў Мінску — ГУБАЗіК апублікаваў "пакаяльнае відэа" з ім пад песню "Убили Негра". У Савецкім РУУСе на яго склалі пратакол паводле арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаванне міліцыянтам). Паводле пратакола, Вальтэр "адмовіўся выходзіць са службовага аўтамабіля, упіраўся і хапаўся за дзверы аўтамабіля".
Віну сваю мужчына прызнаў і растлумачыў, што адмовіўся выйсці з машыны, бо думаў, што гэта розыгрыш. Пазней, калі ўсё зразумеў, то добраахвотна выйшаў.
У выніку суддзя Савецкага раёна Мінска Вольга Емяльянчанка 11 лістапада прызнала Гома вінаватым і прызначыла яму арышт тэрмінам на 13 сутак.
ГУБАЗіК разграміў кватэру маці загінулага каліноўца Паўла «Волата»
Раней супраць Наталлі Суславай распачалі крымінальную справу за інтэрв'ю тэлеканалу «Белсат».
У канцы свайго роліка сілавікі просяць пакідаць заяўкі на тое, чыю кватэру ім разграміць у наступны раз.
У «тэрарыстычны спіс» дадалі яшчэ чатырох чалавек
Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы яшчэ чатырох чалавек. Цяпер у ім 962 чалавекі, з іх 217 — беларусы.
Сярод іх Андрэй Андрасенкаў, Ілля Гольцаў, Паліна Арэхава і 19-гадовы Ілля Верамееў, якога асудзілі да 6,5 гадоў калоніі за заклікі дзейнічаць супраць вайны.
Адзначым, што ў спісе 963 чалавекі, але там двойчы ўнесена палітзняволеная Вольга Цыбульская — жанчыну дадалі ў тэрарыстычны спіс яшчэ ў верасні, а потым прадублявалі яшчэ раз у лістападзе.
За абразлівы каментар пасля смерці Макея затрымалі яшчэ траіх людзей
Паводле сілавікоў, адзін з мужчынаў ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, пакідаў цынічныя абразы і заклікаў да гвалту і ўкраінскай агрэсіі супраць Беларусі.
На «пакаяльным відэа» другі мужчына кажа, што пакінуў «негатыўныя водгукі ў дэструктыўных тэлеграм-каналах пра смерць кіраўніка МЗС».
Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі «пакаяльным відэа» з чацвёртым затрыманым за каментар пра смерць кіраўніка МЗС. На ім мужчына кажа, што быў падпісаны на «дэструктыўныя» каналы, а таксама пакідаў абразлівыя каментары пра прадстаўнікоў улады.
Такім чынам, гэта ўжо чацвёрты чалавек, пра затрыманне якога за каментар пра Макея паведамілі праўладныя тэлеграм-каналы. Усяго, паводле іх, устаноўлены дадзеныя 20 чалавек, якія знаходзяцца ў Беларусі і напісалі абразлівыя каментары пасля смерці кіраўніка МЗС.Таксама нібыта ўстаноўлена каля 50 чалавек, якія зараз знаходзяцца за межамі Беларусі — сілавікі абяцаюць ім «цёплы прыём пры вяртанні».
Следчы камітэт перадаў справу ў дачыненні Ціханоўскай, Латушкі і прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады ў пракуратуру
Галоўным следчым упраўленнем Следчага камітэта ў парадку спецыяльнай вытворчасці скончана папярэдняе расследаванне ў дачыненні да Святланы Ціханоўскай, Паўла Латушкі, Вольгі Кавальковай, Сяргея Дылеўскага, Марыі Мароз.
Крымінальная справа перададзена Генеральнаму пракурору для накіравання ў суд.