viasna on patreon

Затрыманне былога следчага, справу Дар'і Лосік перадалі ў пракуратуру: хроніка пераследу 2 снежня Дапоўнена

2022 2022-12-02T17:44:00+0300 2022-12-03T10:28:09+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/magileu-sledchy-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 2 снежня збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларускіх грамадзян – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

 У Магілёве ГУБАЗіК затрымаў былога следчага

Па дадзеных праўладны тэлеграм-каналаў, «у каментарах затрыманы абражаў усю праваахоўную сістэму і вышэйшых службовых асоб Беларусі, а таксама ўступіў у экстрэмісцкае фармаванне», піша @vybory_smotri.

На «пакаяльным» відэа мужчына заявіў, што з 2007 па 2012 год ён праходзіў навучанне ў Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь, а з 2012 па 2015 год працаваў у Следчым камітэце горада Магілёва.


Справу Дар'і Лосік перадалі ў пракуратуру

Пра гэта паведамляюць праўладныя тг-каналы: "У якасці падарунка на дзень народзінаў, яе справа была перададзена пракурору для накіравання ў суд".

Фота

У чым дакладна яе абвінавачваюць, пакуль невядома. Паводле сілавікоў, Дар'ю затрымалі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-4 КК) — нібыта за размову з тэлеканалам «Белсат» вясной 2022 году.

Нагадаем, Дар‘ю Лосік, жонку палітвязня Ігара Лосіка, затрымалі 18 кастрычніка. Дачка Ігара і Дар'і цяпер знаходзіцца ў бабулі з дзядулем.


Палітзняволеную Таццяну Карповіч перавялі ў магілёўскую турму да суда

Таццяна Карповіч — жыхарка Віцебска, якую затрымалі 17 лістапада 2021 года.
Яе абвінавачваюць паводле арт. 130 Крымінальнага кодэксу (Распальванне сацыяльнай варожасці) за перадачу дадзеных сілавікоў, настаўнікаў, суддзяў у тэлеграм-канал "Чорная кніга Беларусі".

Нядаўна Таццяну перавялі ў магілёўскую турму № 4. Хутка над ёй можа адбыцца суд.

Вы можаце падтрымаць яе пасылкамі з рознымі прыемнымі дробязямі і смачняшкамі, а таксама грашовымі пераводамі, тэлеграмамі, паштоўкамі і лістамі салідарнасці.


Двух маладых мінчанак змясцілі да суда пад варту за сарваны дзяржаўны сцяг

Пракуратура Савецкага раёна г. Мінска санкцыянавала прымяненне меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту ў дачыненні да дваіх затрыманых 22 лістапада дзяўчат, якім інкрымінаваны здзек над дзяржсімволікай па арт.370 Крымінальнага кодэкса.

Згодна з матэрыяламі справы, падазраваныя, якім 18 і 19 гадоў сарвалі з фасада будынка інтэрната КТУП «Мінскі Камароўскі рынак» Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь. Убачыўшы супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, падазраваныя кінулі палотнішча сцяга на зямлю.


Падчас «хапуна» ў Мёрах затрымана як мінімум 13 чалавек — сярод іх «Чалавек года Віцебшчыны»

Праваабаронцам стала вядома, што падчас масавага «хапуна» ў Мёрах, што адбыўся 30 лістапада, было затрымана як мінімум 13 чалавек. Вядома, што затрымлівалі людзей на Мёрскім металапракатным заводзе, а таксама ў іншых месцах.

Паводле непацверджанай інфармацыі, затрыманні звязаныя са «злівамі» ў ЧКБ і абразы ў каментарах.

Праваабаронцам вядомы прозвішчы трох затрыманых — гэта Сяргей Ерафееў, а таксама бацька і сын: Вітольд Ермалёнак і Антон Ермалёнак.

Вітольд Ермалёнак — кіраўнік музейнага аб'яднання «Спадчына Міёрскага краю», настаўнік гісторыі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, аўтар больш за 450 публікацый, лаўрэат Прэміі Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне», Чалавек года Віцебшчыны-2010.


Максім Знак адпраўлены ў ПКТ - памяшканне камернага тыпу

Аб гэтым стала вядома сёння, паведамляе пресс-служба Віктара Бабарыкі. Раней яго тройчы змяшчалі ў ШІЗА, паведамляе "Новы Час".


«Спіс экстрэмістаў» папоўніўся

У "Спіс асоб, датычных да экстрэмісцай дзейнасці" дадалі яшчэ 58 чалавек. Цяпер у ім 2117 чалавек.

2 снежня МУС чарговы раз абнавіла «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».


У Слоніме затрымалі інжынера-праграміста

Як паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы, быў затрыманы інжынер-праграміст Слонімскай КПФ Аляксандр Лагута.

Паводле ГУБАЗіКа, 40-гадовы мужчына ўдзельнічаў у пратэстных акцыях, а таксама даслаў у ЧКБ дадзеныя слонімскіх сілавікоў.


Улады пачалі прызнаваць «экстрэмісцкімі» дыяспарскія чаты беларусаў

Суд Ленінскага раёну Гродна 30 лістапада прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» Telegram-чат «Беларусы Вроцлава ЧАТ».

Верагодна, гэта першы чат беларускай дыяспары, які ўлады прызналі «экстрэмісцкім».

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства