Пачынаецца суд над "рэйкавым партызанам", якому пры затрыманні прастрэлілі калені
Мінскі абласны суд у закрытым рэжыме 5 снежня пачынае разгляд рэзананснай крымінальнай справы ў дачыненні да аднаго з “рэйкавых партызан” – Віталія Мельніка, якому пры затрыманні сілавікі прастрэлілі каленныя суставы.
Судовы працэс будзе весці суддзя Анжаліка Данілава.
У чым абвінавачваюць Мельніка?
Следства канчаткова выставіла абвінавачанне па пяці артыкулах:
- ч. 4 арт. 309 – наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін;
- ч. 2 арт. 295 – незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў;
- ч. 1 арт. 368 – абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
- ч. 3 арт. 295 – незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, здзесненыя групай асоб, альбо паўторна;
- ч. 1 арт. 289 – акт тэрарызму.
Па сукупнасці пакаранняў па прад'яўленых абвінавачаннях яму можа пагражаць зняволенне ад 10 да 20 год.
Што паведамляе пракуратура?
Крымінальная справа знаходзілася ў вытворчасці Следчага камітэта, які ўстанавіў, што 40-гадовы Віталь Мельнік у сакавіку 2022 года на чыгуначным перагоне Навасады-Барысаў падпаліў рэлейную шафу святлафора аўтаматычнай блакіроўкі, чым вывеў са строю сістэму сігналізацыі чыгункі. Супрацьпраўныя дзеянні нібыта стварылі рэальную пагрозу цяжкіх наступстваў у выглядзе аварыі, пашкоджання рухомага складу, гібелі альбо траўмавання людзей.
У ходзе папярэдняга следства ўстаноўлена дачыненне абвінавачванага да ўчынення іншых злачынстваў.
Так, па інфармацыі пракуратуры, у аўтамабілі і па месцы жыхарства мужчыны была выяўленая незарэгістраваная агнястрэльная зброя (пісталеты). У сацыяльных сетках ён неаднаразова публічна абражаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Пры затрыманні фігуранта супрацоўнікі органаў унутраных спраў абгрунтавана ўжылі агнястрэльную зброю – выстралілі па яго ніжніх канечнасцях, паколькі мелася рэальная пагроза ўзброенага супраціву.
Падрабязнасцей па справе пакуль небагата
Вядома, што мужчына пражывае ў вёсцы Хадакова Мінскага раёна, у яго ёсць маленькае дзіця. Сям'я лічыць, што Віталь не мае дачынення да прад'яўленых артыкулаў, і звязвае яго затрыманне з помстай мясцовага суддзі, а таксама тым, што раней у Віталя была судзімасць.
Іншыя падрабязнасці справы пакуль невядомыя. Суд будзе праходзіць у закрытым рэжыме.
Доўгі час праваабаронцам не было вядома, дзе ўтрымліваюць Мельніка. Пазней устаноўлена, што абвінавачаны знаходзіцца ў СІЗА №1 на Валадарскага. Перасоўваецца на мыліцах.