Гарадзенца асудзілі да дзевяці гадоў калоніі паводле дзевяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса
16 лістапада да дзевяці гадоў пазбаўлення волі паводле дзевяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса асудзілі 32-гадовага Сяргея Нялепку.
Суддзя Гродзенскага абласнога суда Віктар Сянько прызнаў мужчыну вінаватым паводле ч. 1 арт. 309 (Наўмыснае прывядзенне ў непрыгоднасць транспартнага сродку або шляхоў сувязяў); ч. 2 арт. 295 (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў); арт. 364 (Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў); ч. 3 арт. 361 (Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь); ч. 1 арт. 293 (Масавыя беспарадкі); ч. 1 арт. 368 (Абраза Лукашенкі); ч. 1 арт. 130 (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы); ч. 2 арт. 366 (Гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак); арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэкса.
Вядома, што пракурор прасіў асудзіць Нялепку да 16 гадоў пазбаўлення волі, але суддзя Сянько абмежаваўся дзевяцю гадамі калоніі.
Сяргея Нялепку ў сакавіку 2022 года затрымаў ГУБАЗ па Гродзенскай вобласці. На камеру ён сказаў, што яго затрымалі за рэгістрацыю ў плане “Перамога”, а таксама за ўдзел у “дэструктыўных чатах”, у якіх мужчына “заклікаў да гвалту над праваахоўнікамі”. У снежні КДБ унёс мужчыну ў "спіс тэрарыстаў", таму яму нельга дасылаць грашовыя пераводы.
Падтрымаць Сяргея лістамі салідарнасці і пасылкамі можна па адрасе: Турма № 1,230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1. Нялепка Сяргей Алегавіч.