viasna on patreon

Асветнік, заступнік, чалавек адраджэння. Што казалі пра Алеся Бяляцкага ў Вільні, у дзень уручэння Нобелеўскай прэміі міру

2022 2022-12-10T21:00:13+0300 2022-12-11T10:38:03+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/pinchuk_nobel_transliacyja_vilnia.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сумесны прагляд анлайн-трансляцыі ўручэння Нобелеўскай прэміі міру прайшоў у Вільні — у Цэнтры беларускай культуры і супольнасці (Беларускім доме). А пасля прагляду прысутныя падзяліліся сваімі ўспамінамі ад знаёмства з Алесем Бяляцкім і бачаннем яго дзейнасці. "Вясна" прыводзіць іх словы.

pinchuk_nobel_transliacyja_vilnia.jpg
Падчас анлайн-прагляду ў Вільні. Замест Алеся Бяляцкага, які ў зняволенні, узнагароду атрымала яго жонка Наталля Пінчук

Сяргей Дубавец, журналіст і літаратар

Алесь Дубавец
Сяргей Дубавец

"Я ехаў на гэтую імпрэзу і разважаў, наколькі ўсё ж файна літоўцам: маюць сваю дзяржаву, якая займаецца забеспячэннем іх правоў. У тым ліку права на нацыянальную ідэнтычнасць.

У Беларусаў сёння сваёй дзяржавы няма (будзем спадзявацца, часова). І функцыі абароны беларусаў і іх правоў бяруць на сябе праваабаронцы. Бярэ на сябе грамадзянская і культурніцкая  супольнасць Беларусі. І на чале гэтага ўсяго мне бачыцца Алесь Бяляцкі, які аб’ядноўвае ў сваёй працы і вакол сябе каласальную колькасць народу.

Алесь Бяляцкі — асветнік. Алесь — чалавек адраджэння. Алесь — заступнік, які заступаецца за свой народ. І пройдзе 50, 100 гадоў, а можа быць і не пройдзе (бо не паспее), калі імя гэтага чалавека мы будзем называць у адным шэрагу з імём, напрыклад, Францішка Скарыны".

Людвіка Кардзіс, дырэктарка Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні

Людвіка Кардзіс
Людвіка Кардзіс

"Выразна памятаю 1989 год, другі сойм моладзевых суполак у Вільні. І Алесь падышоў да мяне і спытаў: “Як ты ставішся да адраджэння беларускага касцёла ў Вільні?” Я кажу: “Станоўча”. І ён сказаў: “Пайшлі”. І я вельмі выразна памятаю, як мы шлі ў стары горад у бок касцёла Святога Мікалая і ўвесь час гаварылі з ім. І фактычна гэта быў штуршок да адраджэння беларускага касцёла ў Вільні. Алесь — не толькі праваабаронца, але і хрысціянін.

Калі Алесь пасля першай сваёй адсідкі прыехаў ў Вільню, мы спаткаліся з ім і таксама гаварылі пра музей. Адразу пайшлі ў мэрыю і гаварылі пра лёс музея ў Вільні.

Я памятаю апошнюю нашу сустрэчу: Мы падышлі да гэтага будынку, на вуліцы Віленскай, 20 — і Алесь адразу выказаў сваё бачанне, як мусіць працаваць музей. Ён казаў, што музей павінен быць абавязкова".

*па адрасе вул. Віленская, 20 (Вільня) і існуе цяпер Беларускі музей імя Івана Луцкевіча.

Алесь Пашкевіч, гісторык

ales-pashkievich.jpg
Алесь Пашкевіч

"Калі Алесь Бяляцкі балатаваўся ў 2003 годзе ў дэпутаты Мінскага гарадскога савета, я запісаўся ў яго каманду. І мы праводзілі папярэднюю дзейнасць: хадзілі па кватэрах, збіралі подпісы, насілі агітацыйныя матэрыялы. І з таго часу мне запомнілася: базавай праблемай у агітацыі было тое, што калі прыходзіш і гаворыш людзям прозвішча, якога яны не ведаюць, і тлумачыш, чым Бяляцкі займаецца — абаронай правоў чалавека — гэта іх не натхняла. Была праблема, хаця нам ўдалося назбіраць подпісаў. Але факт: такія людзі (якія займаюцца праваабаронай — Заўв.) не карысталіся тады адназначным ўхваленнем па змоўчванні.

Цяпер сітуацыя змянілася. Таму што падзеі 2020 года і пасля паказалі, што такое правы чалавека і што такое, калі іх няма. І вялікай частцы людзей, а можа і большасці, ужо не трэба тлумачыць важнасць таго, на што Алесь паклаў сваё жыццё. І гэта адзін з вынікаў яго шматгадовай дзейнасці".

Васіль Санковіч, дырэктар Беларускага Дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава

Васіль Санковіч
Васіль Санковіч

"Пра Алеся я даведаўся ў 1996, калі былі маршы свабоды і першыя сутычкі. Тады з’явіліся людзі, якія сталі запісваць, каго арыштавалі. І тады стала гучаць, што ёсць праваабаронцы —“Вясна”. Потым я даведалася, што ў Мінску існуе беларускамоўная парафія, і там ёсць Алесь Бяляцкі. Асоба Алеся сапраўды была значнай і ў грамадскім, і палітычным жыцці Беларусі.

Значным этапам быў 2011 год, калі Алеся арыштавалі і прысудзілі тэрмін. І ён свядома нікуды не з’ехаў, прайшоў праз адсідку. Для мяне гэты было моцным уражаннем: чалавек за свае ідэалы і каштоўнасці гатовы на такія ахвяры. Бо гэта не проста пустыя словы і не проста прафесійная праца—гэта пазіцыя ўсяго жыцця, а можа быць і больш…

Калі ізноў здарыўся арышт (цяперашні) — гэта было яшчэ адным пацверджаннем таго, на што чалавек гатовы дзеля сваіх ідэалаў".

Васіль Завадскі, праваабаронца і прадстаўнік ініцыятывы "Урачы за праўду і справядлівасць"

Васіль Завадскі
Васіль Завадскі

"Тое, шо людзі змаглі аб’яднацца — гэта заслуга Алеся. Аб’ядналася шмат людзей, нераўнадушных да іншых, гатовых дапамагаць не за нейкую узнагароду. А ўзнагарода, бачыце, якая: гэта турмы, гэта катаванні для многіх, рэпрэсіі, эміграцыя… Але нягледзячы на ўсё тое, што зараз Алесь і яго паплечнікі знаходзяцца ў турмах, справа жыве, і “Вясна” працягвае дзейнічаць, і з’явілася шмат іншых праваабарончых арганізацый. І гэта ўстойлівасць існуе і будзе існаваць. Яна сапраўды прывядзе да вынікаў. І тое, што сёння мы бачым, натхняе. Я ўпэўнены, што змены будуць да лепшага і змены будуць да хуткага".

transliacyja_nobe-vilnia.jpg
Падчас прагляду трансляцыі ўручэння Нобелеўскай прэміі, Вільня

Акрамя прагляду ўрачыстай цырымоніі ўручэння Нобелеўскай прэміі міру, прысутныя мелі магчымасць падпісаць паштоўкі салідарнасці палітвязням.

Алесю Бяляцкаму ўручылі Нобелеўскую прэмію міру. Замест палітзняволенага праваабаронцы яе атрымала яго жонка

У Осла 10 снежня — у Міжнародны дзень правоў чалавека — адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння Нобелеўскай прэміі міру. У гэтым годзе прэстыжную прэмію атрымалі адразу тры намінанты: кіраўнік “Вясны” Алесь Бяляцкі, украінскі “Цэнтр грамадзянскіх свабод” і расійскі “Мемарыял”. Праваабаронца Алесь Бяляцкі не змог асабіста атрымаць узнагароду — ён ужо 17 месяцаў утрымліваецца за кратамі ў межах крымінальнай справы. Таму прэмію замест Бяляцкага атрымала ягоная жонка Наталля Пінчук.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства