Блакіроўка Patreon і новыя затрыманні: хроніка пераследу 13-14 снежня Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 13-14 снежня збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Былога галоўнага лекара санаторыя «Беларусь» Андрэя Кобеля затрымалі за шпіянаж на карысць Літвы
10 гадоў ён быў галоўным лекарам санаторыя «Беларусь» у Літве, потым на той жа пасадзе працаваў у Сочы, а пазней узначаліў аддзел РНПЦ у Мінску.
Дзяржаўныя СМІ паведамляюць, што нібыта «літоўцы абклалі яго па ўсіх правілах шантажу: пагражалі крымінальнай справай за махінацыю з зямельным участкам, крадзеж сродкаў пры рэканструкцыі санаторыя — маўляў, пазбавяць яго і членаў сям'і пасведчання на жыхарства, а сыну падкінуць у аўтамабіль наркотыкі».
Затрыманы віцебскі музыка і арт-менеджар Уладзімір Булаўскі
Падрабязнасці высвятляюцца. Гэта ўжо пятае затрыманне Уладзіміра з 2020 году.
Сілавікі затрымалі айцішніка з Брэста Паўла Петручэню — ён нібыта «зліваў» асабістыя дадзеныя супрацоўнікаў Дэпартамента аховы
У роліку СК ён кажа, што працаваў у Дэпартаменце аховы да 2018 года, затрыманы за перадачу асабістых звестак супрацоўнікаў Дэпартамента. Звесткі ён нібыта ўзяў з кнігі тэлефоннага даведніка, да якога ў яго быў доступ.
Следчы камітэт у сваім паведамленні распавёў, што Паўлу ўжо прад'яўлена абвінавачанне па ч.6арт.16 і ч.3арт.130 (дапамога ў распальванні варожасці і варажнечы, учыненая групай асоб) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, мужчыну падазраюць у перадачы дадзеных у «Чорную кнігу Беларусі».
У Віцебску 14 снежня раніцай адбыліся затрыманні
Праваабаронцам вядома, што сярод затрыманых Пятрунін, Кульман, Ларкоў — паводле папярэдняй інфармацыі, усе яны былі звязаныя з мясцовым гастрапабам ROK’I PUB.
Затрыманні ў Мінску
У Мінску затрыманыя Віктар Карагода і Анастасія Князева. Па папярэдняй інфармацыі, Віктар знаходзіцца на Акрэсціна. Прычыны затрымання пакуль невядомыя.
У Беларусі заблакавалі Patreon
Пры заходзе на сайт у карыстальнікаў унутры Беларусі з'яўляецца плашка пра тое, што доступ да рэсурсу абмежаваны Міністэрствам інфармацыі. Платформу Patreonдля збору данатаў выкарыстоўваюць абсалютна розныя людзі і ініцыятывы.
Праваабаронца Наста Лойка 13 снежня не выйшла на волю пасля чарговых 15 сутак адміністрацыйнага арышту
Інфармацыі аб яе месцазнаходжанні няма. Гэта яе чацвёртае перазатрыманне.
Нагадаем, палітзняволеная Наста Лойка была затрымана 28 кастрычніка і пазней тройчы асуджана да адміністрацыйнага арышту. На адным з судоў праваабаронца распавядала пра катаванні — супрацоўнік ГУБАЗіК ударыў яе электрашокерам, а адзін з супрацоўнікаў ЦІП вывеў яе ва ўнутраны двор і пакінуў без вопраткі на 8 гадзін.
Дапоўнена. 14 снежня, як і ў папярэднія разы, Лойку асудзілі паводле арт. 19.1 КаАП («дробнае хуліганства»). За кратамі Наста правядзе як мінімум 60 сутак — ёй чатыры разы запар прызначалі 15 сутак арышту.
Суполка ва "Укантакце" "Добрый Жлобин" прызнаная "экстрэмісцкімі матэрыяламі"
Адпаведнае рашэнне прынятае судом Жлобінскага раёну яшчэ 27 верасня, але толькі сёння яно з'явілася ў "Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў".
Адзначым, што на суполку падпісана больш за 25 тысяч чалавек.
У Баранавічах затрыманы мужчына — ён толькі на днях вярнуўся з Польшчы
28-гадовы Пугач Анатоль быў затрыманы 13 снежня раніцай. Вядома, што з яго тэлефону пасля гэтага сядзелі сілавікі.
За дзень да гэтага мужчына вярнуўся з Польшчы ў Беларусь на медычнае абследванне: у яго знайшлі анкалагічнае захворванне.
Затрыманы супрацоўніка «Брэстгазаапарат». Яго арыштавалі наўпрост падчас працы
34-гадовы Максім Дарковіч быў затрыманы 6 снежня. Як вядома берасцейскай "Вясне", з заводу яго выводзілі ў кайданках.
Падставай меркавана з'яўляецца нейкі інтэрнэт-каментар. Мужчыну ўжо змясцілі ў СІЗА №7.
Супраць Ціханоўскай, Сахашчыка і Азарава распачалі новую крымінальную справу — на гэты раз за стварэнне "экстрэмісцкага фармавання" "Паспалітае рушэнне"
Як паведамляе МУС, гэтая ініцыятыва "праводзіць работу па арганізацыі замахаў на тэрытарыяльную цэласнасць, суверэнітэт, асновы канстытуцыйнага ладу і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь".
У ведамстве кажуць, што "пасля падрыхтоўкі ўдзельнікі фармавання павінны вярнуцца ў Беларусь, каб сфармаваць ужо навучаную "пятую калону" для вядзення дыверсійнай, тэрарыстычнай і агентурнай працы".
Паведамляецца, што следчымі распачаты крымінальныя справы за стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім у дачыненні да Сахашчыка, Ціханоўскай, Азарава і іншых асоб — усяго па крымінальнай справе правяраецца больш за 200 чалавек.
Палітзняволенага мастака і сірату Андрэя Раптуновіча з тэмпературай этапавалі ў віцебскі СІЗА
У Мінскім гарадскім судзе вынеслі прысуд 20-гадоваму палітзняволенаму мастаку і сіраце Андрэю Раптуновічу — чатыры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Яго асудзілі за намер паехаць ва Украіну і далучыцца да батальёна Каліноўскага (ч. 1 арт. 13 арт. 361-3 КК), а таксама за рэгістрацыю ў плане «Перамога» (ч. 3 арт. 361-1 КК).
Суд праходзіў у закрытым рэжыме, таму падрабязнасці судовага пасяджэння і пазіцыя палітвязня па справе невядомыя. Пад вартай хлопец утрымліваецца ўжо больш за сем месяцаў.
Стала вядома, што днямі Андрэя перавялі ў СІЗА-2 да рязгляду апеляцыйнай скаргі. Падчас этапу хлопец быў хворы, з тэмпературай.
Падтрымайце палітвязня грашовымі пераводамі, пасылкамі, тэлеграмамі: СІЗА-2. 210026, г. Віцебск, вул. Гагарына, 2, Андрэй Сяргеевіч Раптуновіч