viasna on patreon

Прызначаная дата суду над адміністратаркай пратэсных чатаў Таццянай Курылінай. Яе вінавацяць па 12 артыкулах Крымінальнага кодэкса

2022 2022-12-16T09:33:32+0300 2022-12-16T09:57:07+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kurylina-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Таццяна Курыліна

Таццяна Курыліна

У Гомельскім абласным судзе прызначаная дата разгляду крымінальнай справы 49-гадовай адміністратаркі пратэсных чатаў Таццяны Курылінай. Судовы працэс пачнецца 28 снежня і будзе адбывацца ў закрытым рэжыме.

Справу будзе разглядаць суддзя Мікалай Доля.

У чым абвінавачваюць Курыліну?

Таццяну Курыліну абвінавачваюць па цэламу шэрагу крымінальных артыкулаў. Жанчыне можа пагражаць да 15 год зняволення:

  • ч.3 арт. 361 – заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь;
  • арт. 369 – абраза прадстаўніка ўлады;
  • ч. 1 арт. 342 – арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх;
  • ч.1 арт.203-1 – незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных;
  • ч.1 арт. 130 – распальванне іншай сацыяльнай варожасці;
  • ч.3 арт. 203-1 –  незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных;
  • арт. 188 – паклёп;
  • ч. 1 арт. 367 – паклёп у дачыненні да прэзідэнта Беларусі;
  • ч. 2 арт.203-1 – незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных;
  • ч.1 арт. 368 – абраза прэзідэнта;
  • ч. 2 арт. 367 – паклёп у дачыненні да прэзідэнт, здзейснены паўторна;
  • ч.2 арт. 366 –  гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак.

Што паведамляе пра справу пракуратура?

Па матэрыялах следства, Таццяна Курыліна з 20 жніўня 2020 года па 20 лютага 2022 года праз Telegram-рэсурсы заклікала ўдзельнікаў чатаў да гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да прадстаўнікоў улады і сілавых структур.

Яна ж без згоды пацярпелых, якімі прызнаныя ў тым ліку пракурорскія работнікі і суддзі, неправамерна збірала, сістэматызавала і распаўсюджвала звесткі аб іх прыватным жыцці, чым прычыніла істотную шкоду іх правам і законным інтарэсам. У такіх паведамленнях змяшчалася загадзя ілжывая інфармацыя.

“Пачынаючы з 20 верасня 2020 года, Курыліна на працягу паўтара года размяшчала ў Telegram-каналах публікацыі, у якіх заклікала да ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах на тэрыторыі Беларусі, аказанні актыўнага супраціву супрацоўнікам праваахоўных органаў, перакрыццю дарог, пашкоджання маёмасці арганізацый і прадпрыемстваў, ухілення ад выплаты падаткаў”, – паведамляе пракуратура.

У тэкставых паведамленнях абвінавачанай у Telegram-чатах таксама ўтрымліваліся абразы з выкарыстаннем ненарматыўнай лексікі, пагрозы гвалтам у дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі, паклёп, спалучаны з яго абвінавачваннем у цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынствах.

13 затрыманых па «справе Рабочага руху». Што пра іх вядома і ў чым іх вінавацяць?

26 верасня па АНТ выйшаў сюжэт пра затрыманых рабочых. У эфіры заявілі, што 21 верасня арганізацыя "Рабочы рух" была прызнана экстрэмісцкай. Таксама паведамілі, што на дадзены момант затрымана 13 чалавек.

Таццяну Курыліну «развялі» беларускія спецслужбы, пацярпеў "Рабочы рух"

Як паведамлялася  ў СМІ, Таццяна Курыліна доўгі час знаходзілася за мяжой. У студзені 2022 года беларускія сілавікі ўзламалі шэраг чатаў «97%». А ў лютым Курыліна «ўсплыла» на беларускім тэлебачанні ў праграме прапагандысткі Ксеніі Лебедзевай. Аказалася, што Курыліна ўжо знаходзіцца ў Беларусі. 

На тэлебачанні, стомленая, яна казала, што чаты не маюць сэнсу, але кантралююцца польскімі спецслужбамі, заяўляла пра шчыльныя кантакты з «Байполам», расказвала нюансы сваёй працы.

Па інфармацыі “Байпол”, Таццяну Курыліну «развялі» беларускія спецслужбы. Гэтую жанчыну спакусіў малады чалавек і папрасіў вярнуцца да яго ў Беларусь, абяцаў вырашыць усе пытанні. Яна вярнулася, але гэта аказалася спецаперацыяй КДБ. І жанчына стала «ўсіх зліваць», — кажа прадстаўнік «Байпола». 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства