viasna on patreon

Затрыманне чэмпіёнкі свету, аблава ў Жлобіне, новыя "экстрэмісцкія" матэрыялы: хроніка пераследу 15-16 снежня

2022 2022-12-16T11:38:17+0300 2022-12-16T18:32:09+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/nadzeja-astupczuk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 15-16 снежня збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў

У яго трапілі:

Telegram-каналы «Белое & Черное», «Bielaruski_Partyzan»;
Youtube-канал «Sapraudny_Belarus»;
Старонка ў Аднакласніках «Страна позора»;
TikTok-акаўнты «+Belarusian Battalion +», «Беларусь на теле», «Свежие новости из Польши», «Pavel Latushka/Павел Латушко», «NEXTA», «oppositia_1_».


Супраць палітвязняў Уладзіміра Гундара і Паўла Рэзановіча ўзбуджаны новыя крымінальныя справы

Па інфармацыі праваабаронцаў, супраць фігуранта "справы Аўтуховіча" Уладзіміра Гундара ўзбудзілі крымінальную справу за абразу пракурора паводле арт. 369 КК. Вядома, што бок дзяржабвінавачвання на судзе па "справе Аўтуховіча" падтрымлівалі адразу два пракуроры і пакуль невядома, каго менавіта "абразіў" палітвязень. Абвінавачванне яму яшчэ не прад'явілі, гэта павінна адбыцца на наступным тыдні.

Канал «Право имеют» паведамляе, што, меркавана, крымінальная справа таксама ўзбуджана супраць Паўла Рэзановіча

Нагадаем, Уладзіміра і Паўла 17 кастрычніка асудзілі да 18 і 19 гадоў калоніі адпаведна. Цяпер усе фігуранты справы чакаюць разгляду апеляцыйнай справы.

Адрас для падтрымкі: Турма №1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1 (Уладзімір Тадэвушавіч Гундар, Павел Сяргеевіч Рэзановіч)


У Мінску затрымалі прызёрку Алімпіяды Надзею Астапчук

Як паведамляе @stranafund, стала вядома аб затрыманні чэмпіёнкі свету і Еўропы, прызёркі Алімпійскіх гульняў 2008 Надзеі Астапчук.

На момант вечара 15 снежня Надзея знаходзілася на Акрэсціна. Прычыны затрымання невядомыя. Перадачу для яе не прынялі.


Віцебскі музыка і арт-менеджар Уладзімір Булаўскі, магчыма, затрыманы ДФР

Уладзімір Булаўскі

Раніцай 14 снежня ў Віцебску былі затрыманыя трое асобаў, звязаныя з дзейнасцю гастрапаба ROK’I PUB. Гэта заснавальнікі ўстановы Ілля Кульман і Павел Пятрунін, а таксама нехта Ларкоў, імя і пасада якога пакуль не вядомыя.

Як паведамляе Віцебская Вясна, паводле меркаванняў наведнікаў паба, адной з прычын затрымання мог быць нядаўні канцэрт беларускай спявачкі, якая выступае пад псеўданімам Iva Sativa (сапраўднае імя Яна Смаляга, яна жонка былога палітвязня Лявона Халатрана). Але, верагодна, канцэрт быў толькі нагодай для праверкі дзейнасці ўстановы.

Як высветлілася пазней, УДФР распачаў справу за нясплату падаткаў. Найверагодней, што Булаўскага як арганізатара канцэртнай дзейнасці ў Віцебску, таксама затрымалі ў межах гэтай справы.


Чарговая аблава, цяпер у Жлобіне: затрымалі не менш за пяць чалавек

Як паведамляе Наша Ніва, 15 снежня на праўладных каналах выйшла відэа з затрыманымі, гэтым разам — са Жлобіна. Затрыманыя (на фота злева направа і зверху ўніз): Марына Ляхновіч, Таццяна Дземчанка, Вадзім Кір'янаў, Настасся Татарынава і Кірыл Камароў.

Затрыманыя (прынамсі, частка з іх), мяркуючы па ўсім, знаёмыя між сабой. Сілавікі абвінавачваюць людзей у тым, што яны ўдзельнічалі ў пратэстах у Жлобіне ў жніўні 2020 года.


Сілавікі затрымалі жыхара Астраўца, які збіраўся далучыцца да беларускага добраахвотніцкага палка "Тэрор"

Як паведамляе Белсат, відэа, апублікаваным на канале, блізкім да сілавікоў, малады чалавек кажа, што 24 снежня збіраўся выязджаць ва Украіну, каб узяць удзел у ваенных дзеяннях.

У 2020-м ён спрабаваў патрапіць у полк «Азоў», але яго не ўзялі праз тое, што той замалады. Пасля хлопец спрабаваў трапіць у полк Каліноўскага, але ў выніку запоўніў заяўку на ўступленне ў батальён «Тэрор».


У суд накіравалі крымінальную справу супраць Ціханоўскай і сябраў Каардынацыйнай рады

Справу завялі супраць Святланы Ціхаоўскай, Марыі Мароз, Паўла Латушкі, Вольгі Кавальковай і Сяргея Дылеўскага. Яе будуць разглядаць у рамках "спецыяльнай вытворчасці".


Сёння затрымалі 22-гадовую Паліну Дакімовіч.

Падрабязнасці пакуль невядомыя.

UPD. Паліну адпусцілі і адвезлі на працу. 


Выкладчыка каледжа затрымалі на выхадзе з працы

У Мінску ўвечары 14 снежня затырманы выкладчыка гісторыі Мінскага дзяржаўнага архітэктурна-будаўнічага каледжа Віталя Магучава. Яго затрымалі наўпрост на выхадзе з каледжа. Прычыны затрымання і месцазнаходжанне выкладчыка пакуль невядомыя.


Сайт і ўсе сацсеткі The Village Belarus прызнаныя "экстрэмісцкімі матэрыяламі"

Такое рашэнне прыняў суд Цэнральнага раёна Мінска 12 снежня. 


У праўладным тг-канале сілавікоў з’явілася відэа затрымання ўдзельнікаў чата “Чижовка. Семь Чижей”

Усяго затрымалі 6 чалавек: стваральніка і шэраг яго актыўных удзельнікаў.

У снежні тэлеграм-чат прызналі “экстрэмісцкім фармаваннем”.

Таксама ў відэароліку паказваюць, як сілавікі выкапваюць з зямлі скрутак з нацыяльнальнай сімволікай, які затрыманыя схавалі ў мэтах бяспекі.


У "спіс экстрэмістаў" дадалі яшчэ 18 чалавек. Цяпер у ім 2181 чалавека

16 снежня МУС чарговы раз абнавіла "Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці"

Так, у спіс трапіла палітзняволеная журналістка Ірына Слаўнікава і шмат іншых палітвязняў.


Інфармацыя дапаўняецца

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства