viasna on patreon

На дзяржаўным тэлебачанні выйшаў сюжэт з калоніі пра першага асуджанага беларуса за жаданне ваяваць на баку Украіны

2022 2022-12-21T19:18:01+0300 2022-12-29T10:31:27+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/voicyk_seirhei-2022-12-21-v-16.25.28.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Дзяржаўны тэлеканал АНТ зняў рэпартаж пра затрыманых беларусаў, якія хацелі далучыцца да добраахвотнікаў ва Украіне пасля ўварвання расійскіх войскаў на тэрыторыю Украіны 24 лютага 2022 года. 37-гадовы айцішнік з Брэста Сяргей Вайцюк — адзін з іх. Ён стаў першым чалавекам у Беларусі, якога асудзілі за жаданне ваяваць на баку Украіны пасля пачатку поўнамаштабнай вайны. Сяргею прызначылі 2,5 гады калоніі і адправілі адбываць тэрмін у івацэвіцкую калонію "Воўчыя норы". Ён, як і іншыя палітычныя зняволеныя, пазначаны жоўтай біркай "экстрэміста". На волю ён мусіць выйсці 11 красавіка 2025 года.

Сяргей Вайцюк у калоніі. Скрыншот з відэасюжэта АНТ
Сяргей Вайцюк у калоніі. Скрыншот з відэасюжэта АНТ

Сяргей Вайцюк быў затрыманы 14 красавіка 2022 года ў вёсцы каля беларуска-ўкраінскай мяжы — ён хацеў патрапіць ва Украіну і далучыцца да беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць на баку Украіны. На судзе мужчына распавядаў, што зрабіў гэта пасля сваркі з жонкай. Спярша Сяргей даехаў да вёскі Лукава Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці. Там ён спрабаваў знайсці сабе правадыра, які бы нелегальна правёў яго праз мяжу, але не знайшоў. Тады Сяргей паехаў у Дзяржаўны пункт пропуску "Макраны". З рэчаў у яго з сабой было толькі пасведчанне кіроўцы, цыгарэты, тэлефон і піва. Беларускія памежнікі паглядзелі на гэты набор, на нецвярозы стан Сяргея, "разгарнулі" яго і папрасілі вяртацца дадому.

Вайцюк на таксі ад'ехаў ад пераходу "Макраны". Але праехаўшы дзесьці кіламетр, папрасіў кіроўцу спыніцца. Адпраўляцца дадому ён не хацеў, таму пешшу праз поле і канавы ён дайшоў да нейкай вёскі. Зайшоў у адзін дом, а пажылы гаспадар на нечаканага "госця" выклікаў міліцыю. Так Сяргей быў затрыманы. Спачатку яму прысудзілі 10 сутак за "дробнае хуліганства" паводле арт. 19.1 КаАП, а таксама "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў" па арт. 19.11 КаАП. А 24 красавіка мужчыну змясцілі пад варту па падазрэнні ў "найміцтве" па артыкулу 133 Крымінальнага кодэкса. Пазней абвінавачванне перакваліфікавалі на крыху больш мяккае: замах на ўдзел ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі іншай дзяржавы (ч. 1 арт. 14 і ч. 1 арт. 361-3 Крымінальнага кодэкса).

Сяргея Вайцюка вядуць па калоніі. Скрыншот з відэасюжэта АНТ
Сяргея Вайцюка вядуць па калоніі. Скрыншот з відэасюжэта АНТ

28 ліпеня Сяргею прызначылі ў Брэсцкім абласным судзе два з паловай гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Гэта першы чалавек у Беларусі, якога асудзілі за тое, што хацеў стаць добраахвотнікам ва Украіне пасля 24 лютага 2022 года. Па інфармацыі праваабаронцаў "Вясны" ўжо восем беларусаў былі асуджаныя паводле ч. 1 арт. 14 і ч. 1 арт. 361-3 Крымінальнага кодэкса за жаданне дапамагаць Украіне ў барацьбе з агрэсіяй расійскіх войскаў. Усе яны прызнаныя палітычнымі зняволенымі. Генеральная пракуратура кажа пра сем асуджаных чалавек, якім прызначаныя турэмныя тэрміны ад двух да чатырох гадоў зняволення.

Прапагандысты з дзяржаўнага тэлеканала АНТ з'ездзілі ў калонію № 22 вядомую пад назвай "Воўчыя норы", каб паразмаўляць там з Сяргеем Вайцюком. У сюжэце мужчына распавядае, што батальён імя Кастуся Каліноўскага — адзінае аб'яднанне беларускіх добраахвотнікаў, пра які ён ведаў на той момант. Рашэнне далучыцца прыняў літаральна за адзін дзень.

На грудзях у Сяргея — жоўтая бірка. Гэта значыць, што палітвязень стаіць на ўліку, як схільны да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці, што цягне пэўныя абмежаванні для яго.

Жоўтая бірка Сяргея Вайцюка. . Скрыншот з відэасюжэта АНТ
Жоўтая бірка Сяргея Вайцюка. Скрыншот з відэасюжэта АНТ

"Тут пачынаеш цаніць, насамрэч, простыя рэчы. Больш часу было падумаць у СІЗА, дзе ў жыцці быў зроблены няправільны паварот", — кажа Сяргей.

Падтрымайце палітвязня лістамі і тэлеграмамі: ПК № 22, 225295, Брэсцкая вобласць, г. Івацэвічы, арт. Даманава, а/с 20, Сяргей Віктаравіч Вайцюк

«Прафулік па экстрэмізме — гэта свет Оруэла». Экс-палітвязні і юрыст — пра жоўтыя біркі

Былыя палітвязні расказалі «Вясне», як прафулік уплываў на іх умовы ўтрымання ў СІЗА, калоніі і «хіміі», а юрыст Павел Сапелка пракаментаваў такую практыку.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства