Бабруйскага студэнта асудзілі на два гады "хіміі" за сарваны з крамы сцяг
У судзе Бабруйскага раёна і Бабруйска вынесены прысуд студэнту-трэццякурсніку БНТУ Мікіту Маляру, абвінавачанаму ў апаганьванні дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядаў суддзя Антон Дудаль.
Па матэрыялах абвінавачання, 20-гадовы Мікіта Маляр разам з сябрам восеньскім вечарам прагульваўся па Бабруйску і каля адной з крам наўмысна падскочыўшы, рукой схапіўся за палотнішча сцяга Беларусі, усталяванага на дрэўку ў металічным кранштэйне, з сілай пацягнуў яго ўніз. У выніку чаго сцяг разам з фрагментам дзяржала адламаўся ад месца мацавання і ўпаў на тратуарную плітку…
Затым, утрымліваючы яго ў руках за дрэўка, абвінавачаны прабег не менш за 20 метраў, размахваючы ім. На другі дзень палотнішча выкінулі на вуліцу.
Дапытаны ў судовым пасяджэнні абвінавачаны сваю віну па прад'яўленым абвінавачванні прызнаў часткова, паведаміў суду, што не меў намеру апаганіць дзяржаўны сімвал.
Аднак суд, які адбыўся 25 лістапада, прызнаў Маляра вінаватым у здзеку над сцягам, і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады.
Мера стрымання да ўступлення прысуду ў законную сілу адмененая, яго вызвалілі з-пад варты ў зале суда.
Пазней стала вядома, што Мікіта Маляр накіраваны для адбыцця пакарання ў ПУАТ №6.
Адрас для лістоў: ПУАТ-6, 225886, Брэсцкая вобл., Кобрынскі р-н, в. Лушчыкі, вул. Лясная, д. 14.