viasna on patreon

Звальненні, ціск на палітвязняў, затрыманне за надпісы: хроніка пераследу 24-26 снежня Дапоўнена

2022 2022-12-26T15:38:53+0300 2022-12-26T20:40:28+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/merkis-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 24-26 снежня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

26 снежня

У Мінску затрымалі Уладзіслава Чаховіча 

Мужчына — вядучы тэлеграм-канала «Спадчына», рэдактар Вікіпедыі, Twitter-блогер.

На «пакаяльным відэа» ён «прызнаецца» ў тым, што «супраць дзеючай улады і падтрымлівае Украіну».


За ўдзел у пратэстах ГУБАЗіК затрымаў брата і сястру — Міхаіла і Аляксандру Разуванавых

Паводле ГУБАЗіКа, Міхаіл і Аляксандра ў 2020 годзе ўдзельнічалі ў паслявыбарчых акцыях пратэсту. Мяркуючы па паведамленні сілавікоў, супраць брата і сястры распачалі крымінальную справу.


Затрыманні ў Мінску

23 снежня ў Мінску былі затрыманыя Ігар Каролік (24.03.1992 г.н.) і Дзмітрый Лапацін. 26 снежня затрымалі Паўла Дзятко (07.03.2001 г.н.) і Аляксандра Логінава (08.09.1998 г.н.) Падрабязнасці затрыманняў невядомыя. 


З Нацыянальнага мастацкага музея звольнілі 18 чалавек.

Пра гэта Zerkalo паведамілі чытачы і знаёмыя звольненых. Паводле інфармацыі выдання, рашэнні аб звальненні 18 чалавек былі прынятыя ў адзін дзень — 23 снежня 2022 году. За тыдзень да гэтага, 17 снежня, у адным з прапагандысцкіх рэсурсаў з'явіліся абразлівыя нататкі пра намесніцу дырэктара Нацыянальнага мастацкага музею па навуковай і асветнай рабоце Святлану Анейку і кіраўніцу аддзелу беларускага мастацтва XX–XXI стагодздзяў Кацярыну Ізафатаву.

У выніку абедзьвюх супрацоўніц звольнілі. Таксама страціў сваю пасаду намеснік дырэктара па агульных пытаннях і рэстаўрацыі Сяргей Вечар. У выніку ў гендырэктара Уладзіміра Пракапцова, які падпісаў загады аб звальненьні, не засталося ніводнага намесніка.


 Палітзняволенага анархіста Сяргея Раманава адправілі ў ПКТ

Актывіста анархічнага руху Сяргея Раманава на 4 месяцы змясцілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ). Увесь час адміністрацыя ваўкавыскай калоніі цісне на палітвязня: яго ўжо некалькі разоў змяшчалі ў штрафны ізалятар, на месяц адпраўлялі ў ПКТ, а таксама пазбавілі рэжымнай перадачы і званкоў.


Палітзняволенага Яўгена Меркіса змяшчалі ў карцар за тое, што ён не пагаліўся 

Яўген Меркіс. Фота: БелСАТ.

Гомельскі краязнаўца і журналіст Яўген Меркіс правёў чацвёра сутак у карцары СІЗА-3. Палітвязня пакаралі жорсткімі ўмовамі ўтрымання за тое, што «не пагаліўся». Цяпер ён знаходзіцца ў звычайнай камеры, адчувае сябе нармальна.


25 снежня

Не выйшаў на волю Сяргей Чыгрын

Пасля сямі сутак арышту, якія мінулі 23 снежня, на волю не выйшаў на волю слонімскі краязнаўца, журналіст і пісьменнік Сяргей Чыгрын. Яго затрымалі 16 снежня, пасля чаго яму было прысуджана 7 сутак адміністрацыйнага арышту. Паводле атрыманай інфармацыі, на пісьменніка складзены новы пратакол паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП.

Upd: cтала вядома, што яго пакінулі ў ізалятары на выходныя і ў панядзелак правялі чарговы суд. Вердыкт — 15 сутак арышту. За час зняволення ён пазбавіўся працы ў драмтэатры.


24 снежня

У Брэсце супраць 68-гадовай жанчыны завялі крымінальную справу за надпіс фламастарам «Не вайне»

Жанчына нанесла надпісы «Жыве Беларусь» і «Не вайне» на рэкламных банерах на прыпынку грамадскага транспарту «Кавалёва» на вуліцы Валгаградскай у Брэсце. На яе заведзеная крымінальная справа за апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці.


Насце Лойцы прад’яўлены абвінавачванні па двух артыкулах — яе перавялі на «Валадарку»

Адзін з артыкулаў, які інкрымінуюць ёй, — арт. 342 КК РБ ("Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у такіх дзеяннях). Праваабаронцу перавялі ў СІЗА-1.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства