viasna on patreon

"Быў дзень, калі я ўжо ў думках развіталася з усімі роднымі", — былая арыштантка Акрэсціна

2022 2022-12-26T18:39:56+0300 2022-12-27T13:41:30+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/okrestino.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Ужо больш за два гады працягваюцца катаванні нечалавечымі і жорсткімі ўмовамі ўтрымання затрыманых па палітычных матывах у ЦІП і ІЧУ на Акрэсціна. Арыштантам не перадаюць перадачы, а з сабой ім забараняюць браць з дому асабістыя рэчы, мыльныя прыналежнасці, зубную шчотку і пасту. У ізалятар па-ранейшаму не пускаюць адвакатаў, спасылаючыся на антыкавідныя меры. Былая арыштантка Акрэсціна (імя не называецца ў мэтах бяспекі) распавяла "Вясне" пра ўмовы ўтрымання ў сумнавядомай камеры № 15 у лістападзе, пра "кантрольных" сукамерніц і чаму важна апублічваць інфармацыю пра затрыманых.

Ілюстрацыйнае фота spring96.org
Ілюстрацыйнае фота spring96.org

"У камеры нас было 18 чалавек, і мы сталі выключацца ад недахопу паветра" 

Адразу да адміністрацыйнага суда дзяўчыну ўтрымлівалі трое сутак у ІЧУ ў перапоўненай камеры.

"Ноччу я спала пад сталом, бо ў нас проста не было месца. У двухмясцовай камеры ІЧУ нас магло знаходзіцца да 10 чалавек. Туалет быў часткова закрыты — туды не пападалі відэакамеры. Было вельмі халодна, таму мы прыціскаліся адна да адной, каб неяк сагрэцца. Калі да нас прыходзілі людзі не па палітычным артыкулам, то яны давалі нам курткі, каб мы крыху сагрэліся".

Пасля суда дзяўчыну перавялі з ІЧУ ў ЦІП "і там пачалася жэсць". Там яна захварэла праз нервы, паслаблены імунітэт, хворыя сукамерніцы і, канешне, жорсткія ўмовы. У сумнавядомай двухмясцовай камеры № 15 у ЦІП на Акрэсціна пры ёй знаходзілася адначасова ад 11 да 18 чалавек.

"У ЦІП адразу пачаліся крыкі. Мяне папярэджвалі, што ў камеры будзе горача і душна, але я не думала, што настолькі. Я зайшла нібыта ў парылку ў лазні. Ты заходзіш, а на цябе — хваля пота і спякоты. Там стаіць тэмпература дзесьці каля +36-40 градусаў. Памяшканне наогул не праветрываецца, вентылятар не уключаецца зусім, "кармушку" не адчыняюць. У ІЧУ мы хоць крыху маглі дыхаць, а тут — не. Мы прасілі адкрываць нам хаця бы "кармушку". Быў дзень, калі я ўжо ў думках развіталася з усімі роднымі, бо думала, што памру. Тады ў камеры нас было 18 чалавек, і мы сталі выключацца ад недахопу паветра. У нас кандэнсат сцякаў па сценках. Тады зайшоў супрацоўнік за смеццем і ўбачыў гэта ўсё — тады ўключылі выцяжку.

У нас у камеры проста фізічна не было месца. Мы спалі, хто дзе: хто пад нарамі, хто каля туалету. Мы ўсе там хадзілі і спалі ў станіках, бо было вельмі спякотна. Там поўзалі клапы, якія мяне пакусалі і ў мяне пачалася алергія. Таксама там поўзалі макрыцы. Дзяўчаты, якія спалі на нарах, былі ў сіняках, бо жалезныя пруты ўпіваліся ў скуру. Таму самым лепшым варыянтам лічылася спаць на падлозе".

Пратэст камеры №15: за што змагаюцца жанчыны, якія абвясцілі галадоўку ў ЦІП на Акрэсціна

Былыя арыштанткі распавялі, што адбывалася ў камеры №15 ЦІП на Акрэсціна восенню 2021 года.

"Уся сістэма выбудавана так, каб прынізіць тваю асобу"

Дзяўчына адзначае, што стаўленне да кантрольных (менавіта так называюць на Акрэсціна затрыманых па палітычных матывах) было розным і залежала ад змены і канкрэтных асобаў, а таксама загаду супрацоўнікаў ГУБАЗіКа.

"На Акрэсціна былі пэўныя супрацоўнікі, якія па-рознаму спрабавалі здушыць тваю волю: пырхалі, рыкалі. Там уся сістэма выбудавана так, каб прынізіць тваю асобу, каб цябе зламаць і ты адчуваў сябе нікчэмнасцю. Напрыклад, адзін моцна мацярыўся і называў нас увесь час бабкамі. Усяляк прыніжаў нас.

Людзей было шмат, і ўсе яны былі розныя. Усе вельмі адукаваныя: былі праграмісткі, бухгалтаркі, медсёстры, натарыус, праваабаронца, юрысткі, дзяўчаты са сферы маркетынгу і продажу. Палітычныя затрыманыя — таксама вельмі розныя. Многіх людзей ламаюць на першыя-другія суткі. Праз відэакамеры ў камерах супрацоўнікі бачаць, хто як трымаецца. І хто добра трымаецца — яны даюць дадатковыя пратаколы. Гэта маё меркаванне.

Шмат людзей збіваюць пры затрыманні. Былі людзі, якіх збівалі патэльняй, і я бачыла ў іх сляды і гематомы. Многія запужаныя і не хочуць нічога апублічваць. Людзям пагражаюць, каб нічога нікому не распавядалі. На многае на Акрэсціна ўплываюць супрацоўнікі ГУБАЗіКа. Яны кажуць, каму пагоршыць умовы. Але я лічу, што агалоска ўсё ж такі вельмі ўплывае на твае ўмовы там — яны ўсё ж такі пабойвацца. Тыя людзі, якія там працуюць і якімі б ідыётамі яны ні былі, разумеюць, што гэта не можа працягвацца бясконца і калісьці яны панясуць адказнасць за свае дзеянні. І гэта іх стрымлівае".

У ЦІПе па-ранейшаму не выключаецца святло цэлыя суткі — гэта адзін са спосабаў здзекаў з вязняў. Але былая арыштантка ўзгадвае, што ў адрозненні ад ЦІПа ў ІЧУ па начах не будзяць.

"Ніякіх асабістых рэчаў у цябе з сабой няма. Мне нічога не аддалі са словамі: "Такі ў нас загад на Вас". Калі мяне прывялі, то адразу забралі куртку і правялі паглыблены дагляд з прысяданнямі.

Нам не давалі матрацы. У ІЧУ было крыху лепш, бо там нары драўляныя, а ў ЦІПе — металічныя. Днём нам забаранялі на іх ляжаць".

"Там працуе адна неадэкватная фельчарка — падаецца, яна ненавідзіць усіх навокал"

Ілюстрацыйнае фота spring96.org
Ілюстрацыйнае фота spring96.org

Дзяўчына асобна адзначае крытычную сітуацыю з медыцынскай дапамогай на Акрэсціна. У мясцовых медыкаў амаль няма ніякіх сваіх лекаў — яны выдаюць толькі тое, што перадаюць сваякі затрыманых. Калі ім, канешне, атрымліваецца перадаваць.

"Адзін-два разы на дзень прыходзіў медыцынскі супрацоўнік і прыносіў лекі, якія перадалі сваякі. Калі ў ІЧУ маглі прыняць гематагенкі, то ў ЦІПе, калі мне іх перадалі, супрацоўніца раззлавалася, бо мне нібыта шакаладкі перадаюць. Яна аддала іх супрацоўніку, які называў нас бабкамі, і ён занёс іх на склад. Там працуе адна неадэкватная фельчарка — падаецца, яна ненавідзіць усіх навокал. Калі дзяўчатам не перадавалі сваякі лекі, то яна нават не прапаноўвала ім лекі. Яна проста шпурлялася гэтымі лекамі ў нас. Памятаю, як у мяне быў вельмі моцны кашаль, а яна сказала кашляць у сябе.

Калі ў цябе няма сваякоў ці яны не могуць перадаць лекі, то табе вельмі цяжка прыйдзецца там. У маіх родных не хацелі прымаць лекі".

Паводле былой арыштанткі, у ЦІП на Акрэсціна часта кралі лекі:

"У людзей проста яны знікалі. Напрыклад, у мяне было дзве пласцінкі лекаў ад горла. З 10 таблетак да мяне дайшлі толькі пяць. Гэта вельмі частая з'ява. Мне не аддалі пырскалку для горла, бо яна была металічная, а можна толькі пластмасавую".

"Правяраючы сказаў "Твари"

Паводле дзяўчыны, яны мылі падлогу хлоркай, каб неяк пазбавіцца ад клапоў, але ж потым спалі на гэтай падлозе. Арыштанткі з іншых камер ЦІП распавядалі, што ў іх камерах было вельмі шмат прусакоў. Там дзе ёсць клапы няма прусакоў, і наадварот.

"Кармілі проста агідна. На сняданак, абед і вячэру давалі толькі кашы — суцэльныя вугляводы. Таксама давалі катлеты, але яны цалкам былі з хлебу. Супы таксама былі не самай лепшай якасці. Вады давалі вельмі мала: раніцай давалі халодную гарбату, а на абед які-небудзь кісель ці кампот 100 мл. Таму ваду мы пілі з-пад крану. Яна была з хлоркай, таму ў нас ва ўсіх балелі страўнікі.

У ЦІПе нас будзілі шмонамі па два разы на ноч — мы мусілі ўстаць і прадставіцца. Неяк у ЦІП ноччу прыехала праверка. Нас тады будзілі тры разы на ноч. І нейкі галоўны, які туды прыехаў, запытаў, дзе кантрольныя (так на Акрэсціна называюць затрыманых па палітычных матывах). Яму паказалі некалькі камер і я пачула, як правяраючы сказаў "Твари".

"Насту аднойчы выгналі ў дворык за тое, што яна напісала скаргу"

Дзяўчына распавяла і пра праваабаронцу Насту Лойку, якая на Акрэсціна правяла 60 сутак запар:

"Бывала ўсялякае. Бывала, што яна плакала. Распавядалі, што Насту аднойчы выгналі ў дворык за тое, што яна напісала скаргу на тое, што тых, хто ездзіў на працу на сметніцу, доўга трымалі ў дворыку на марозе, то бок трымалі ў неналежных умовах. На гэта міліцыянт Цішачкін сказаў, што яна цяпер пойдзе і паглядзіць сама, як гэта. Яе адправілі на 5-6 гадзін у гэты дворык. Ён прасіў потым Насту, каб яна не пісала скаргі.

Аднойчы яна хацела абвясціць галадоўку, але ёй не далі паперу і асадку, каб напісаць заяву. ГУБАЗіК ёй абяцаў крыміналку. Адразу сказалі, што пасадзяць па адміністрацыйцы і будуць шукаць, як яе ўжо пасадзіць надоўга. Канешне, мы стараліся адна адну падтрымліваць".

Да гэтага часу актыўна выкарыстоўваецца практыка "засялення бамжоў у камеру да палітычных".

"Да нас закідвалі знакамітую Алу Ільінічну, а таксама яшчэ адну жанчыну. Іх спецыяльна да нас прывозілі".


Калі вы пацярпелі ад катаванняў з боку сілавікоў ці сутыкнуліся з бесчалавечным і жорсткім абыходжаннем у СІЗА, парушэннем правоў чалавека — калі ласка, пішыце на: Telegram: @ViasnaDOC | Email: viasnadoc@spring96.org. Уся інфармацыя можа быць ананімнай ці публічнай. Мы працуем анлайн і максімальна бяспечна.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства