viasna on patreon

"Там, калі выжывеш, ужо будзе добра", — хірург, якая збегла з Беларусі ад "хіміі"

2022 2022-12-27T17:02:54+0300 2022-12-28T10:08:52+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/valadarka_minsk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Хірурга Алену (імя зменена) асудзілі да трох гадоў “хіміі” за ўдзел у акцыях пратэсту 2020 года. Жанчыну затрымалі на працы. Яна правяла да суда ў СІЗА чатыры месяцы, дзе даведалася пра жахлівы стан медычнай дапамогі. Пасля суда была звольнена і вымушана была з’ехаць з краіны. Алена распавяла “Вясне” пра затрыманне і ўмовы ўтрымання ў няволі, пра тое, як следчы прасіў не згадваць яго прозвішча, пра медычную і псіхіятрычную дапамогу ў СІЗА і пра чытво ў ізалятары. Жанчына вырашыла адстойваць свае правы і з дапамогаю супрацоўнікаў Юрыдычнай службы “Вясны” даслала зварот у Камітэт па правах чалавека.

CІЗА №1 па вул. Валадарскага ў Мінску. Фота ПЦ

Летась узімку да Алены на працу прыйшлі міліцыянты. Ёй паставілі ў віну ўдзел у пратэстах у 2020 годзе і павезлі ў кватэру на вобшук. Кватэру не грамілі. Міліцыянты папрасілі, каб Алена сама ім аддала нацыянальную сімволіку, калі такая маецца. У выніку забралі маленькі сцяжок з гербам “Пагоня” і майку з уласным дызайнам, у якой Алена ўдзельнічала ў Маршах. Тэлефон у жанчыны забралі яшчэ на працы. На кампутары заўважылі пратэсныя стыкеры, яго таксама вынялі “дзеля далейшага вывучэння”. Пазней у змесціве кампутара сілавікі знайшлі фотаздымкі з пратэстаў.

“Следчы, які падпісваў дакументы па справе, загадаў нікому не называць яго прозвішча”

Пасля Алену павезлі на допыт у Першамайскі РАУС Мінска. У тэлефоне ейнай сяброўкі, якую затрымалі раней, знайшлі фотаздымкі з Маршаў. Міліцыянты дапытвалі Алену, ці гэта яна на фатаграфіях, чаму і калі яна хадзіла на акцыі.

На дзіва, пасля допыту Алену адпусцілі, але загадалі прыйсці ў аддзяленне на наступны дзень, дзе жанчыну ўжо чакалі супрацоўнікі следчага камітэту. У аддзяленні Алену зноў дапытвалі каля шасці гадзін, пасля чаго павезлі ў СК. Следчы, які падпісваў дакументы па справе, загадаў нікому не называць яго прозвішча.

Чакаючы пераводу ў СІЗА, Алена правяла 8 дзён у ізалятары на Акрэсціна.

“Камера была двухмесная, але нас там было ад шасці да васьмі асобаў. Ноччу было занадта халодна, на вуліцы снежань месяц. Бялізну і матрасы не выдавалі. Да нас на пару дзён падсаджвалі бяздомную. Але я лекарка і ў мяне высокі парог чуллівасці. У пэўны момант амаль уся камера захварэла. Лекі амаль не давалі, ібупрафен ці парацэтамол прыйшлося ледзь не выпрашваць. Зараз, дарэчы, палова камеры з Акрэсціна разам са мною ў краіне, куды я выехала”.

Алена прыгадвае гісторыю, якая таксама паказвае ўзровень медычнай дапамогі ў ізалятары.

“Мая каляжанка патрапіла ў ізалятар разам з мужам, які хварэе на бранхіяльную астму. Сілавікі дазволілі яму ўзяць з дому лекі, якія затым у камеру так і не перадалі”.

Жанчына таксама ўзяла з дому неабходныя лекі, якія, паводле праваахоўнікаў, “згубіліся падчас транспартыроўкі”.

Перад Новым годам жанчыну пачалі этапаваць у СІЗА.

valadarka_10.jpg
Фота: скрыншот "Замок на замке. Специальный репортаж".

“А 4-й раніцы ты скрозь сон спрабуеш зразумець, што адбываецца і дзе ты знаходзішся. А цябе прывезлі ў камеру чакання (у будынку СІЗА) і ты думаеш, што цяпер гэта твая камера назаўсёды. Гэта стандартнае памяшканне на шэсць ложкаў, але з вокнамі без шыбаў. Яно знаходзіцца ў сутарэннях, на вуліцы зіма, таму было вельмі халодна. У камеры не агароджаны туалет, які да таго ж забіты вільготнымі сурвэткамі. Месца зусім непрыдатнае для чакання. Псіхалагічна было цяжка”.

Алену перавялі ў сталую камеру вечарам таго ж дня.

“У новай камеры вакно закрывалася не звычайнымі “ресничками”, а металічным шчытом з 20 адтулінамі дыяметрам 1,5 сантыметраў. Святло не трапляла ў камеру прыкладна ніколі”, - распавядае Алена.

“Агулам, за ўвесь тэрмін пад вартай у дачыненні мяне фізічнага і псіхалагічнага гвалту не прымянялі. Але было непрыемна, калі вадзілі на сустрэчы з адвакатам. У калідоры супрацоўнікі СІЗА маглі падвысіць голас, абразіць за “неналежныя паводзіны”, напрыклад, за павольную хаду”.

Медычная (не)дапамога ў СІЗА-1

valadarka_3.jpg
Фота: скрыншот "Замок на замке. Специальный репортаж".

“З медычнай дапамогай у СІЗА агромністая праблема. Яна там не тое, каб пакідае жадаць лепшага. Там калі выжывеш, ужо будзе добра. Відавочна, што большасць медперсанала – гэта не лекары, а сярэдні медперсанал, фельчары, якія і аказваць дапамогу. Да нас лекар прыходзіў вельмі рэдка і каб да яго патрапіць, патрэбна была надзвычайная нагода. Медагляд праводзяць праз “кармушку” (маленькае вано для падачы ежы ў дзвярах камеры. – заўв. рэд.), скаргі вязняў на здароўе медперсанал не хвалююць. Пералік лекаў вельмі маленькі, прызначаюць іх дзіўным чынам. Напрыклад, падчас упершыню выяўленай артэрыяльнай гіпертэнзіі не прызначаюць базісную тэрапію, ніяк не карэктуюць лекаванне. Або чалавек скардзіцца на тахікардыю. Магчыма, лагічна было б даць яму метапралол, а ў СІЗА выпісваюць капрапрыл. Падобнае прызначэнне прэпаратаў і не здзіўляе, бо там працуюць пераважна фельчары. Праўда, пару разоў за чатыры месяцы няволі нас наведваў тэрапеўт”.

Псіхіятрычная (не)дапамога

“Перыядычна камеру наведваў псіхіятр, які адначасова з’яўляецца начальнікам медычнай часткі. З намі сядзела непаўнагадовая дзяўчына, якую пазней асудзілі паводле арт. 328 (Незаконны абарот наркатычных сродкаў. – заўв. рэд.). У яе была наркатычная залежнасць, таму зняволенай прызначалі псіхатропныя прэпараты. У выніку прызначэння ёй дзіўнай схемы гэтых лекаў, у суседкі з’явіліся балючыя спазмы цягліц, якія доўгі час самастойна не праходзілі. Медперсанал ніяк на гэта не рэагаваў. “Прадольны” (дзяжурны ў калідоры. – заўв. рэд.) вырашыў націснуць “трывожную” кнопку. Тады дзяўчыне нарэшце дапамаглі. Яшчэ двое сутак у яе з’яўляліся спазмы, але медперсанал лічыў, быццам яна сімулюе”.

Для больш поўнага разумення стану меддапамогі ў СІЗА, Алена дадаткова тлумачыць сітуацыю з суседкай.

“Чалавека трэба вывесці з камеры і правесці нармалёвы агляд. Не прызначаць ін’екцыі галаперыдолу, як гэта зрабілі дзяўчыне. Таксама ёй увялі дыязэпам, каб купіраваць спазмы, але не забралі пад нагляд у медкорпус, а пакінулі ў камеры, каб мы самі яе даглядалі”.

(Не)кансультацыі тэрапеўтаў

“У сукамерніцы выявілася ў грудзях утварэнне, якое трэба было дыягнаставаць. У яе была магчымасць аплаціць дыягностыку ў медцэнтры, куды яе маглі б транспартаваць. Жанчына нават дамаглася ад Следчага камітэту дазволу на транспартыроўку. Але супрацоўнікі СІЗА-1 проста не сталі гэтым займацца”.

Чытво ў камеры

У камеры Алена чытала дзяржаўную газету “СБ. Беларусь сегодня”, “Беларусы і рынак”, замаўляла кнігі ў мясцовай бібліятэцы. Жанчына кажа, што з волі перадаваць кнігі вельмі складана. Спачатку трэба, каб гэтая літаратура патрапіла ў бібліятэку СІЗА, і ўжо адтуль яе замаўляць. Але ў тамтэйшай бібліятэцы даволі шырокі выбар, можна пачытаць нават Святлану Алексіевіч ці Андруся Горвата.

“Спіс кніг у нас быў, магчыма, “зайшоўшы” з іншай камеры дзякуючы чыімсьці сваякам”.

Калі ў камеры няма свайго спісу кніг, то яго, як належала б, супрацоўнікі не выдаюць. Як кажа Алена, трэба ўспамінаць, што ты хочаш пачытаць. Супрацоўнік бібліятэкі развозіць па калідоры пэўны набор кніг. У яго можна паспрабаваць замовіць кнігі любімага аўтара. Або замовіць паводле жанру, напрыклад, дэтэктыў.

Як даведаліся пра вайну

“Аб пачатку вайны мы даведаліся з газет. Падрабязнасці мы даведваліся з лістоў, якія прыходзілі адной жанчыне. Канешне, у камеры немагчыма было  даведацца пра ўвесь трагізм сітуацыі ва Украіне: колькі ўсяго ахвяр, колькі месцаў зруйнавана”.

Суд

“Нічога не прадракала “хіміі” з накіраваннем”

Перад адпраўкай у суд у камеры праводзяць вобшук і асабісты дагляд, падчас якога трэба распрануцца дагала і некалькі разоў прысесці. Уся працэдура з Аленай праходзіла з адчыненымі дзвярыма, і патэнцыйна любы чалавек з калідора мог яе ўбачыць.

На суд Алену везлі пад канвоем. Рукі ўвесь час былі ззаду ў кайданках, хоць у гэтым не было патрэбы. Перавозілі стоячы ў т.з. “стакане” (камера на адну асобу. – заўв. рэд.) аўтазаку. З рукамі за спінаю складана трымаць раўнавагу і падчас руху транспарту можна грукнуцца галавою аб жалезныя сценкі камеры. Падчас працэсу жанчына не магла ўзяць паперы па справе, каб з імі азнаёміцца.

Увесну Алену асудзілі па “народным” артыкуле (342 КК) на тры гады “хіміі”.

Гэта быў тыповы “палітычны” суд. Жанчыну абвінавацілі ў масавых беспарадках, выхадзе на праезную частку падчас Маршу і перашкодзе руху грамадскага транспарту. Алена кажа, што папярэдне дарога была перакрыта супрацоўнікамі ДАІ.

“Тое, што нам дадуць тры гады зняволення, было абсалютна чакана. Улічваючы, што ў мяне і сяброўкі было па 4-5 эпізодаў. Але я зусім не чакала, што прызначаць “хімію”.

Пасля

Пасля абвяшчэння прысуду Алена вярнулася на працу. Жанчына спадзявалася, што там і застанецца адбываць “хімію”. Але неўзабаве ёй паведамілі, што не будуць працягваць працоўную дамову.

Жанчыну чакала паездка на тры гады ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, дзе для “палітычных” адмыслова ствараюць дрэнныя ўмовы. Таму Алена прыняла рашэнне з’язджаць з Беларусі.

“Я разумела, што калі мяне зловяць, я “залячу” ў калонію. Але амаль тое ж мяне чакала і на “хіміі” (цяпер у папраўчых установах існуе практыка пераводу “палітычных” з “хіміі” у калонію нібы за злоснае непадпарадкаванне – арт. 411 УК РБ. – заўв. рэд.). Таму асабліва не было чаго губляць. Зрэшты, у мяне, як лекарцы, верагоднасць дрэннага выніка 50/50. Ён альбо адбудзецца, альбо не”.

Напрыканцы размовы Алена ўзгадвае адзін выпадак.

“Аднойчы ў калідоры СІЗА мы выпадкова ўбачыліся з сяброўкай, з якой нас разам судзілі. Было радасна ўбачыць, што яна жывая і здаровая. І няёмка, што мы знаходзімся ў такім стане. Мы дагэтуль з ёй не перажылі тое, што з намі адбылося”.

Цяпер Алена знаходзіцца ў адной з краін ЕС. Яна вырашыла адстойваць свае правы і з дапамогаю супрацоўнікаў Юрыдычнай службы “Вясны” даслала зварот у Камітэт па правах чалавека.


Камітэт па правах чалавека – орган, які складаецца з незалежных экспертаў, што манітораць выкананне дзяржавамі-удзельніцамі Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Нагадаем, Беларусь дэнансавала Факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Рашэнне аб выхадзе Беларусі з Факультатыўнага пратакола набудзе моц 8 лютага 2023 года. Да гэтай даты вы можаце падаць зварот у КПЧ і абскардзіць несправядлівы прысуд.

Калі вы хочаце падаць зварот у ААН і вам патрэбна дапамога праваабаронцаў, звяжыцеся з намі праз Telegram @zvarot96 ці Email zvarot@spring96.org.

FAQ: дэнансацыя Факультатыўнага пратакола і скаргі ў Камітэт па правах чалавека ААН

Нядаўна стала вядома, што Савет Міністраў ініцыяваў прыняцце законапраекта "Аб дэнансацыі Рэспублікай Беларусь Факультатыўнага пратакола да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства