viasna on patreon

Крымінальны пераслед і асуджэнне грамадзян па палітычных матывах: аналіз тэндэнцый 2022 года

2023 2023-01-06T09:05:00+0300 2023-01-06T14:31:25+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zahop-ulady-sud-1.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На працягу ўсяго перыяду 2022 года Праваабарончы цэнтр "Вясна" збіраў інфармацыю пра крымінальны пераслед і асуджэнне грамадзян па палітычных матывах.

За 2022 год у Беларусі судамі рэпрэсаваныя ў крымінальным парадку не менш за 1242 чалавекі (інфаграфіка)

Дадзеныя, сабраныя "Вясной", аб вынесеных прысудах, іх геаграфіі, тэрмінах, артыкулах і суддзях.

Адметнымі асаблівасцямі рэпрэсій, якія праводзілі суды ў мінулым годзе ў параўнанні з папярэднім, сталі наступныя тэндэнцыі:

  • на працягу ўсяго 2022 года ўлады актыўна выкарыстоўвалі ўнесеныя ў 2021 годзе змены ў Крымінальны кодэкс для ўзмацнення рэпрэсіўнага ўздзеяння на беларускае грамадства. Яшчэ на этапе падрыхтоўкі і абмеркавання падрыхтоўкі законапраекта ПЦ “Вясна” адзначаў рэпрэсіўную мэту дадзеных паправак;
  • змены ў Крымінальным кодэксе дазволілі ўладам часцей выкарыстоўваць меру стрымання ў выглядзе заключэння пад варту ў дачыненні да грамадзян, якія абвінавачваюцца ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК), дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь (арт. 369-1 КК) і здзеку з дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 КК). Практыка ўзяцця пад варту абвінавачаных па названай катэгорыі спраў стала магчымай пасля павелічэння верхняга памеру санкцый дадзеных артыкулаў, што перавяло дадзеныя склады злачынстваў з катэгорыі злачынстваў, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі ў катэгорыю менш цяжкіх злачынстваў. Змест паняцця дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь увогуле быў пашыраны, зрабіўшы немагчымым публічна ацэньваць і крытыкаваць працэсы, якія адбываюцца ўнутры краіны без рызыкі наступлення крымінальнай адказнасці па дадзеным артыкуле;
  • на працягу 2022 года зафіксаваны факт прыцягнення да крымінальнай адказнасці за паўторнае парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў без дазволу органа выканаўчай улады (арт. 342-2 КК);
  • на працягу 2022 года зафіксаваныя не менш за два выпадкі змены прысудаў першай інстанцыі ў бок змяншэння тэрміну пазбаўлення волі фігурантам пратэсных спраў на тры месяцы ў кожным выпадку на стадыі апеляцыйнай інстанцыі. Юліі Лаптановіч тэрмін зняволення ў пяць гадоў зніжаны да чатырох гадоў і дзевяці месяцаў, штраф паменшаны з васьмідзесяці да пяцідзесяці базавых велічынь. Паўлу Кучынскаму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі апеляцыйная інстанцыя змяніла з пяці гадоў на чатыры гады і дзевяць месяцаў пазбаўлення волі. Апеляцыйная інстанцыя змяніла прысуд першай інстанцыі ў частцы віду і памеру дадатковага пакарання, дадаўшы асуджанаму штраф у памеры ста дваццаці базавых велічынь. Праваабаронцы зафіксавалі адзін выпадак павелічэння тэрміну пакарання з аднаго да двух гадоў пазбаўлення волі Сяргею Ляліну Магілёўскім абласным судом па выніках апеляцыйнага пратэсту. “Вясне” вядома пра два выпадкі прынясення пратэсту ў парадку нагляду ў дачыненні да Аляксея Махнача ў Мінскім гарадскім судзе і Яўгена Буйніцкага ў Гродзенскім абласным судзе. У сувязі з тым, што на этапе нагляднай вытворчасці ўдзельнічае абмежаванае кола суб'ектаў крымінальнага працэсу, вынікі наглядных пратэстаў на дадзены момант не вядомыя.
  • на працягу года зафіксаваны адзін факт спынення крымінальнага пераследу з фармулёўкай аб апраўданні за недаказанасцю ўдзелу ў здзяйсненні злачынства па абвінавачванні ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 424 КК (Злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі). Пры гэтым фігурант гэтай справы асуджаны па абвінавачванні ў фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання на чатыры гады пазбаўлення волі;
  • у чэрвені, ліпені, жніўні, верасні і снежні зафіксаваныя факты спынення крымінальнай вытворчасці ў дачыненні да чатырнаццаці чалавек па дыфамацыйных складах злачынстваў. У трынаццаці з іх фігуранты абвінавачваліся ў абразе прадстаўніка ўлады, яшчэ ў адным – абразе прэзідэнта. У большасці выпадкаў спынення крымінальнага пераследу мела месца фармулёўка "Заканчэнне тэрмінаў даўнасці прыцягнення да адказнасці", а ў адным у сувязі з уступленнем у сілу заканадаўчага акта, які ліквідуе каральнасць дзеі;
  • практыка прымянення мер крымінальнай адказнасці па палітычна матываваных крымінальных справах у 2022 годзе пайшла па шляху прымянення судамі да апанентаў улады больш суровых відаў пакаранняў і больш працяглых тэрмінаў зняволення. Яскравым прыкладам дадзенай тэндэнцыі з'яўляецца артыкул 341 КК (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці), які да зменаў у КК меў толькі тры віды санкцый: грамадскія працы, штраф і арышт да трох месяцаў. Пасля змяненняў у 2021 годзе санкцыя зведала дапаўненні ў бок больш суровых відаў мер адказнасці, а таксама іх памеру пры захаванні ранейшага аб'ектыўнага боку складу злачынства, прадугледжанага дадзеным артыкулам. Санкцыя артыкула 341 КК дапоўнілася папраўчымі работамі, абмежаваннем і пазбаўленнем волі да трох гадоў. Дадзены артыкул актыўна прымяняецца для пераследу грамадзян за надпісы пратэстнага характару. Разам з узмацненнем жорсткасці санкцыі быў уведзены і стакратны памер кампенсацыі шкоды ў грамадзянска-прававым парадку;
  • пераслед крытыкаў улады ў 2022 годзе меў тэндэнцыю да выкарыстання больш цяжкіх складаў злачынстваў. Улады актыўна выкарыстоўвалі артыкул, які прадугледжвае адказнасць за распальванне варожасці (арт. 130 КК) у дачыненні да грамадзян, якія актыўна крытыкуюць ў публічнай прасторы прадстаўнікоў улады і дзяржаўныя органы. У перыяд з верасня па кастрычнік 2022 года колькасць вядомых ПЦ “Вясна” асуджаных, у абвінавачванні ў якіх меўся артыкул 130 КК, складала 25% і 20% адпаведна. Улады актыўна выкарыстоўвалі артыкул, які прадугледжвае адказнасць за распальванне варожасці, у дачыненні да асоб, якія ў негатыўным ключы крытыкавалі гібель супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка ў перастрэлцы з IT-спецыялістам Андрэем Зельцэрам. Варта адзначыць, што менавіта ў дачыненні да грамадзян, асуджаных за каментары па факце гібелі супрацоўніка КДБ Федасюка, у пераважнай большасці выпадкаў разам з асноўным пакараннем у выглядзе пазбаўлення волі суды ўжывалі дадатковае пакаранне ў выглядзе 100 базавых велічынь штрафу. Пры гэтым звестак аб удзеле законнага прадстаўніка Дзмітрыя Федасюка хоць бы ў адным працэсе ў якасці грамадзянскага істца не маецца;
  • выкарыстанне ўладамі больш цяжкіх складаў злачынстваў для рэпрэсій у дачыненні да грамадзян з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй адбылося за кошт адвольнага пашырэння і тлумачэння дзеянняў, якія падпадаюць пад катэгорыю экстрэмісцкай дзейнасці. Яскравым прыкладам дэманстратыўнай нядбайнасці да нарматворчай тэхнікі з боку ўладаў і наступнай правапрымяняльнай практыкі з'яўляецца склад злачынства, які актыўна выкарыстоўваецца, прадугледжаны артыкулам 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), які прадугледжвае адказнасць у тым ліку за “іншае ўцягванне асобы ў экстрэмісцкую дзейнасць, навучанне, а роўна іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці”. Падобная прававая канструкцыя аб'ектыўнага боку складу злачынства супярэчыць прынцыпу прававой дакладнасці. У тэорыі крымінальнага права пры фармуляванні аб'ектыўнага боку складу злачынства, замацаванні канкрэтнага віду крыміналізуемых дзеянняў, прынята пазбягаць адкрытага пераліку дзеянняў, якія фарміруюць аб'ектыўны бок складу злачынства. Дадзены падыход знайшоў адлюстраванне ў публікацыях беларускіх навукоўцаў-прававедаў. Так, В. В. Хілюта ў публікацыі "Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці: пытанні прымянення крымінальнага закона" адзначае, што "падыход да тлумачэння тэрміна "іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" павінен быць абмежавальным" [матэрыял апублікаваны ў сістэме ilex.by па стане на 12 верасня 2022 г.];
  • поўнамаштабнае ўварванне арміі Расійскай Федэрацыі на тэрыторыю Украіны, а таксама саўдзел Беларусі шляхам прадастаўлення сваёй тэрыторыі, аб'ектаў ваеннай і грамадзянскай інфраструктуры, паветранай прасторы ў вайне на баку агрэсара наклала свой адбітак на практыку рэпрэсій, якія атрымалі новы віток з 24 лютага 2022 года;
  • з моманту пачатку вайны ва Украіне ў структуры рэпрэсій больш ярка выяўленым стаў геаграфічны фактар. Асноўная частка крымінальных спраў, звязаных з перадачай інфармацыі Telegram-каналам аб месцах дыслакацыі падраздзяленняў і перамяшчэнні ваеннай тэхнікі Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі класіфікавалася ўладамі як садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці і ў большасці выпадкаў фіксавалася на тэрыторыі Гомельскай вобласці. Гэта абумоўлена як тым, што аб'екты ваеннай і грамадзянскай інфраструктуры, якія знаходзяцца на тэрыторыі Гомельскай вобласці, падаваліся беларускімі ўладамі для патрэб дзяржавы-агрэсара, так і тым, што менавіта з Гомельскай вобласці ажыццяўлялася ўварванне Расійскай Федэрацыі ва Украіну на кіеўскім і чарнігаўскім напрамках;
  • прэс-служба Генеральнай пракуратуры паведамляла пра затрыманне грамадзяніна, падазраванага ў здрадзе дзяржаве: збіраў, фіксаваў і аналізаваў інфармацыю разведвальнага характару аб аб'ектах ваеннай інфраструктуры і тэхнікі, у тым ліку аб беларускіх ваенных аб'ектах. Прэс-рэліз, размешчаны на афіцыйным сайце ведамства, не раскрывае канкрэтыкі аб тым, ці збіраў затрыманы інфармацыю аб вайсковых падраздзяленнях Расійскай Федэрацыі, якія дыслакуюцца на тэрыторыі Гомельскага і Рэчыцкага раёнаў, але факт таго, што пасля ён з выкарыстаннем месенджара Telegram перадаў атрыманую інфармацыю ў чат-бот, кантраляваны замежнай арганізацыяй дазваляе зрабіць выснову аб тым, што тэндэнцыя выкарыстання больш цяжкіх складаў злачынстваў мае ўстойлівы характар. Звесткі аб тым, што ў абвінавачванні шэрагу грамадскіх дзеячаў маецца артыкул 356 КК, які прадугледжвае адказнасць за здраду дзяржаве (Мікалая Аўтуховіча, Андрэя Аляксандрава, Дзяніса Івашына, Кацярыны Бахвалавай, Алега Малчанава, Дзмітрыя Равіча, Дзяніса Дзікуна і дзевяці фігурантаў “Рабочага руху”) дазваляюць зрабіць выснову аб выкарыстанні дадзенага складу злачынства для найбольшага пагаршэння прававога становішча апанентаў улады;
  • з моманту пачатку буйнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну тэрыторыя Беларусі выкарыстоўвалася як плацдарм для ўварвання на ўкраінскую тэрыторыю і абстрэлу яе грамадзянскай інфраструктуры з беларускіх палігонаў. Першыя дні вайны суправаджаліся разавымі актамі прамога дзеяння на чыгунцы з боку грамадзян, якія спрабавалі перашкодзіць перакідцы войскаў і перавозцы снарадаў шляхам падпалу рэлейных шаф, знішчэння батарэйна-рэлейных шаф ля чыгуначных пераездаў, заклікамі прывесці ў непрыдатнасць сродкі тэлефоннай і тэлеграфнай сувязі, камутацыйныя серверы і праграмныя камутатары, якія выкарыстоўваюцца для забеспячэння бяспечнага руху чыгуначнага транспарту Беларускай чыгункі. Улады ў якасці інструмента пераследу за заклікі і акты прамога дзеяння на чыгунцы выкарыстоўвалі артыкулы, якія прадугледжваюць адказнасць за наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін (арт. 309 КК) і акт тэрарызму (арт. 289 КК). Улічваючы антываенны характар гэтых дзеянняў, накіраваны на зніжэнне і прадухіленне ахвяр сярод мірнага насельніцтва ва Украіне ад наступстваў расейскай агрэсіі з тэрыторыі Беларусі, а таксама агнястрэльныя раненні фігурантаў гэтай катэгорыі спраў пры затрыманні, сляды ад катаванняў на целе затрыманых і дэманстратыўнае ігнараванне гэтых фактаў з боку органаў пракуратуры вынікае адназначная выснова аб тым, што беларускія ўлады выкарыстоўвалі інструментар артыкулаў 289 КК і 309 КК у дачыненні да сваіх грамадзян фактычна праводзячы палітыку заахвочвання злачынстваў супраць бяспекі чалавецтва і ваенных злачынстваў у дачыненні да грамадзянскага насельніцтва Украіны з боку дзяржавы-агрэсара – Расійскай Федэрацыі;
  • з моманту пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне зведала істотнае змяненне прававая практыка прымянення артыкула 361-3 КК (удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка альбо падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу). У распараджэнні ПЦ "Вясна" маецца некалькі прысудаў па дадзеным артыкуле, якія суды выносілі ў дачыненні да беларускіх грамадзян у перыяд з 2018 па 2020 гады за непасрэдны ўдзел ва ўзброеным канфлікце на баку самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік. Кожны з асуджаных за ўдзел ва ўзброеным канфлікце на баку сепаратыстаў на працягу перыяду ад трох месяцаў да двух гадоў асуджаўся да пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі ад двух да двух гадоў і шасці месяцаў. Такая ж практыка маецца і ў дачыненні да грамадзян, якія прынялі ўдзел ва ўзброеным канфлікце на баку Украіны.
  • З пачаткам вайны на афіцыйных рэсурсах праваахоўных органаў публікаваліся паведамленні аб затрыманні грамадзян, якія мелі намер далучыцца да палка імя Кастуся Каліноўскага, якое ўваходзіць у склад Узброеных Сіл Украіны. Пасля грамадзяне асуджаліся за падрыхтоўку (ч. 1 арт. 13 КК) да ўдзелу ва ўзброеным фарміраванні і былі асуджаныя да пазбаўлення волі на тэрмін ад двух да двух гадоў і шасці месяцаў.
  • Злачынства (прадугледжанае арт. 361-3 КК - заўв.) прызнаецца завершаным з моманту заяўна-фактычнага далучэння (ўступлення) у склад ўзброенага фарміравання. Не ўтварае прыкмет аб'ектыўнай супрацьпраўнасці дадзенага злачынства ўдзел у названых фарміраваннях па гуманітарных меркаваннях, а не ў якасці баявой адзінкі ўзброенага фарміравання, напрыклад, у мэтах аказання медыцынскай дапамогі [Навукова-практычны каментар да Крымінальнага кодэксу – Мінск: Нацыянальны Цэнтр прававой інфармацыі – 2019].
  • Зыходзячы з інфармацыі, размешчанай у прэс-рэлізах Вярхоўнага суда і Генеральнай пракуратуры, аб асуджэнні грамадзян за падрыхтоўку да ўдзелу ва ўзброеным фарміраванні і, як правіла, іх затрыманні пры спробе перасячэння дзяржаўнай мяжы вынікае выснова, што дадзеныя грамадзяне асуджаныя па артыкуле за падрыхтоўку (ч.1 арт. 13 КК) да здзяйснення дзеянняў, забароненых, арт. 361-3 КК.
  • Папярэдняя злачынная дзейнасць, як правіла, валодае меншай грамадскай небяспекай па параўнанні з скончаным злачынствам. Таму ацэнка судом характару і ступені грамадскай небяспекі дзеянняў, учыненых вінаватым, мае істотнае значэнне для індывідуалізацыі пакарання. Так, падрыхтоўка да злачынства караецца мякчэй, чым замах на злачынства [Навукова-практычны каментар да Крымінальнага кодэксу – Мінск: ГІУСТ БДУ – 2010].
  • Такім чынам, назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя да асуджэння грамадзян за падрыхтоўку да дзеянняў, забароненых арт. 361-3 КК, да такіх жа тэрмінаў пакарання, як і за паўнавартасны ўдзел ва ўзброеным фарміраванні без упаўнаважання дзяржавы, што несумяшчальна з нормай ч. 1 арт. 67 КК аб тым, што пры прызначэнні пакарання за няскончанае злачынства ўлічваюцца характар і ступень грамадскай небяспекі дзеянняў, учыненых вінаватым, ступень ажыццяўлення злачыннага намеру і абставіны, у сілу якіх злачынства не было даведзена да канца;
  • увядзенне ў крымінальна-працэсуальнае заканадаўства інстытута спецыяльнай вытворчасці, які прадугледжвае магчымасць разглядаць крымінальныя справы ў дачыненні да фігурантаў, якія знаходзяцца па-за зонай дасяжнасці афіцыйнага Мінска, дазваляе адзначыць устойлівую тэндэнцыю актыўнага выкарыстання ўладамі манаполіі на ўсталяванне правілаў гульні ва ўнутрыпалітычным полі. З улікам паведамленняў вышэйшых службовых асоб, прыцягненне фігурантаў да крымінальнай адказнасці не з'яўляецца галоўнай прычынай падобнай заканадаўчай навелы. Асноўнай прычынай прыняцця змяненняў у крымінальна-працэсуальнае заканадаўства з'яўляецца адчужэнне актываў грамадзян, якія знаходзяцца за межамі Беларусі, у інтарэсах дзяржавы.
dadatak-1.png
Скрыншот з сайта sk.gov.by

  • намеснік старшыні Вярхоўнага суда Сяргей Кандрацьеў, каментуючы ўнясенне правак у крымінальна-працэсуальнае заканадаўства аб завочнай вытворчасці, адзначыў:
ustauka-2.png
Скрыншот з сайта court.gov.by

  • Супастаўляючы каментар намесніка старшыні Вярхоўнага суда з тым, што судовыя пасяджэнні ў парадку завочнага вядзення ў дачыненні да адміністратараў Telegram-канала “Чорная кніга Беларусі” праходзілі ў закрытым рэжыме, складана знайсці логіку ў тым, што разгляд завочных крымінальных спраў у закрытых судовых пасяджэннях акажа істотнае прафілактычнае ўздзеянне і на іншых грамадзян”;
  • рыторыка вышэйшых службовых асоб за апошнія два гады звялася да тэзіса аб тым, што ўсе змены ў заканадаўства варта праводзіць так, каб «не паўтарыўся жнівень 2020 года».15 лютага 2022 года першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда Валерый Калінковіч на прэс-канферэнцыі па выніках дзейнасці сістэмы судоў агульнай юрысдыкцыі заявіў:
ustauka-3.png
Скрыншот з сайта belta.by

  • Такім чынам, можна адзначыць, што кіраўніцтва Вярхоўнага суда вылучае з агульнага масіву злачынстваў крымінальныя справы, звязаныя з крызісам легітымнасці беларускіх уладаў. У сувязі з гэтым застаецца адкрытым пытанне аб тым, чаму сістэма судоў агульнай юрысдыкцыі не выкарыстоўвае інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі пры разглядзе пратэсных крымінальных спраў і не транслюе ўвесь ход іх разгляду на сваім афіцыйным рэсурсе. Онлайн-трансляцыі судовых слуханняў па пратэсных крымінальных справах у такім выпадку выконвалі б у поўнай меры мэты крымінальнай адказнасці ў выглядзе агульнай прэвенцыі, замацаванай у ч. 2 арт. 44 КК: крымінальная адказнасць мае на мэце выпраўленне асобы, якая ўчыніла злачынства, і папярэджанне здзяйснення новых злачынстваў як асуджаным, так і іншымі асобамі.
  • на працягу ўсяго 2022 года ПЦ "Вясна" фактычна штодня фіксаваў факты прыняцця рашэнняў аб слуханні палітычна матываваных крымінальных спраў у закрытым судовым пасяджэнні па самым шырокім спектры складаў злачынстваў, якія выкарыстоўваюцца для рэпрэсій:

- распальванне расавай нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці (ч. 1 і ч. 3 арт. 130);

- паклёп (арт. 188);

- перашкода законнай прафесійнай дзейнасці журналіста (арт. 198);

- незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватнага жыцця і персанальных дадзеных (ч. 1 арт. 203-1);

- наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне чужой маёмасці (ст. 218);

- ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў (ч. 2 арт. 243);

- стварэнне злачыннай арганізацыі альбо ўдзел у ёй (арт. 285 КК);

- акт тэрарызму (арт. 289);

- пагроза здзяйсненнем акту тэрарызму (ч. 2 арт. 290);

- стварэнне арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці альбо ўдзел у ёй (ч. 2 арт. 290-4);

- масавыя беспарадкі (арт. 293);

- незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў (ч. 2 арт. 295);

- наўмыснае прывядзенне ў непрыгоднасць транспартнага сродку або шляхоў паведамленні (ч. 4 арт. 309);

- апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці (арт. 341);

- арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх (ч. 1 арт. 342);

- мадыфікацыя кампутарнай інфармацыі (ч. 2 арт. 350);

- неправамернае завалоданне кампутарнай інфармацыяй (арт. 352);

- здрада дзяржаве (арт. 356);

- акт тэрарызму ў адносінах да дзяржаўнага або грамадскага дзеяча (ч. 1 арт. 359);

- заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы (ч. 3 арт. 361);

- стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім (ч. 1 арт. 361-1);

- фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 арт. 361-2);

- фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання (арт.361-2);

- удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка ці падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-3);

- садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 арт. 361-4);

- гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364);

- умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 365);

- гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак (ч. 1 арт. 366);

- паклёп у дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (арт. 367);

- абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (арт. 368);

- абраза прадстаўніка ўлады (арт. 369);

- дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь (арт. 369-1);

- здзек над дзяржаўнымі сімваламі (арт. 370);

- незаконнае збіранне альбо атрыманне звестак, якія складаюць дзяржаўныя сакрэты (ч. 1 арт. 375-1);

- пагроза ў дачыненні да суддзі (арт. 389);

- абраза суддзі (арт. 391);

- перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў (ч. 3 арт. 426);

  • Такім чынам, улады пазбаўляюць значную частку рэпрэсаваных грамадзян гарантый на публічнае судовае разбіральніцтва, ствараючы перадумовы да зніжэння даверу як да вынікаў разгляду пратэстных крымінальных спраў, так і ў цэлым – судовай галіны ўлады як да прававога інстытута дзяржавы.

Файлы

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства