viasna on patreon

Затрыманні актора, айцішніка і святара, абвінавачанні адвакату Бяляцкага: хроніка пераследу 4-5 студзеня Дапоўнена

2023 2023-01-05T10:36:00+0300 2023-01-05T18:25:23+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/statkevich-max.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 4-5 студзеня 2023 года збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Палітвязня Мікалая Брэдзелева перавялі ў Баранавічы

У Мінскім гарадскім судзе ў кастрычніку да 4 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму асудзілі 35-гадовага палітзняволенага кіраўніка ўпраўлення сувязяў з грамадскасцю кампаніі A1 Мікалая Брэдзелева.

Яго абвінавацілі ў прадастаўленні грашовых сродкаў для свядомага забеспячэння дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання (арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса) — блогеру Антону Матольку. Пасля затрымання Мікалая ў снежні 2021 года стала вядома, што сілавікі яго збівалі. 

Да разгляду апеляцыйнай скаргі яго перавялі ў баранавіцкі СІЗА.


Сілавікі затрымалі жыхара Гродна Яўгена Конанава

Як паведамляе @Grodno_grab, яго абвінавачваюць у распаўсюдзе «экстрэмісцкіх матэрыялаў» ва «Укантакце».

Яўген — былы супрацоўнік ГрДМУ і патолагаанатам. Па версіі сілавікоў, ён звольніўся з-за палітычнай пазіцыі і шукаў працу ў не дзяржаўнай установе.


Затрымалі мінскага айцішніка — магчыма, за перапіску ў карпаратыўным чаце

Па інфармацыі @devby, яго імя — Максім Статкевіч.

Сілавікі пішуць, што нагодай для затрымання стала перапіска ў працоўным чаце, якой падзяліліся калегі хлопца. Аднак калегі Максіма сумняваюцца, што нехта спецыяльна пераслаў сілавікам паведамленні Статкевіча — тэлефон маглі праверыць пасля затрымання.


МУС апублікавала прозвішчы людзей, якія нібыта маюць дачыненне да «экстрэмісцкага фармавання» «Дапамога»

Яшчэ ў кастрычніку 2022 году ў спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў», што публікуецца на сайце МУС, трапіла арганізацыя «Дапамога», якая дзейнічае ў Літве. Праваабаронцы заўважылі, што нядаўна ў спіс унеслі змены і дадалі прозвішчы людзей, якія нібыта маюць дачыненне да гэтай арганізацыі.

У спісе — больш за 20 прозвішчаў, сярод якіх палітзняволеныя Аніта Бакуновіч, якую затрымалі пры спробе перасекчы мяжу з Літвой, і былы мытнік Мікалай Куляшоў, які дапамагаў беларусам бегчы праз мяжу. Таксама ў спісе — айцішнік Аляксей Кавалеўскі, які пасля чатырох месяцаў на «Валадарцы» ўцякаў з краіны, але стаў фігурантам справы «рэйкавых партызан». Яго гісторыю мы распавядалі раней.


Адваката Віталя Брагінца абвінавачваюць паводле 4 артыкулаў

Віталя Брагінца затрымалі 23 траўня. Спачатку яго двойчы запар арыштавалі на 15 сутак па адміністрацыйных справах. Цяпер стала вядома, што яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы), ч.1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел ў ім) і ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Ён абараняў некаторых палітвязняў, у тым ліку старшыню Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага.

Справу будуць разглядаць у Мінгарсудзе 16 студзеня. Працэс будзе весці суддзя Алена Ананіч.


У Мінску затрыманы актор

Раніцай 4 студзеня сілавікі затрымалі 52-гадовага актора тэатральна-музычнага калектыву «Пуговицы» Андрэя Трызубава.

Прычына затрымання і яго месцазнаходжанне невядомыя.


Судовы працэс над Анджэем Пачобутам перанеслі

Як стала вядома Беларускай асацыяцыі журналістаў, судовы працэс над Анджэем Пачобутам чарговы раз пераносіцца — цяпер на 16 студзеня.

Раней пачатак працэсу прызначалі на 28 лістапада, але потым працэс адклалі. Анджэй Пачобут за кратамі ўжо амаль два гады — з 25 сакавіка 2021 года.


ГУБАЗіК затрымаў святара Дыянісія Карасталёва

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне святара, які ў мінскім храме іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць» «маліўся за воінаў і абаронцаў Украіны».

Як пішуць сілавікі, святар «мае нацыяналістычныя татуіроўкі, распаўсюджвае бчб-сімволіку і адпаведныя ідэі, а таксама гуляе ў кампутарныя гульні пад дзіўным нікам» («PICAPS MachoBY»).


Затрыманы чарговы айцішнік

У Мінску супрацоўнікі міліцыі 5 студзеня затрымалі яшчэ аднаго працаўніка IT-сферы Мінскага гарадскога тэхнапарка 28-гадовага Паўла Кутаса.

Прычыны затрымання невядомыя. Меркавана, затрыманне звязанае з каментарамі ў сацыяльных сетках.


«Пол Первого» і «Новая Беларусь» — чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў

Сёння адбылося чарговае папаўненне Рэспубліканскага Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў. У яго трапілі:

Telegram-канал «Пол Первого»;
Youtub-канал «Олег Козлов»;
TikTok-акаўнт «Зорнае Гестапа»;
Платформа «Новая Беларусь» з усімі сацсеткамі.


У Гродне затрыманы 34-гадовы Андрэй Цярэшка

Сілавікі паведамляюць, што мужчына нібыта далучыўся да плана «Перамога», быў падпісаны на «экстрэмісцкія» каналы і ў 2020 годзе адпраўляў інфармацыю ў чат-бот Nexta.

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства