viasna on patreon

У Мінску па "справе Вясны" судзяць чатырох праваабаронцаў. Анлайн Дапоўнена

2023 2023-01-05T10:43:26+0300 2023-03-28T13:37:20+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sud_viasna_9.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Ленінскага раёна Мінска сёння, 5 студзеня, распачынаецца суд "па справе Вясны". Паводле ч. 4 арт. 228 ("кантрабанда арганізаванай групай") і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса ("фінансаванне групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак") судзяць чатырох праваабаронцаў:  старшыню Праваабарончага цэнтра "Вясна" і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, яго намесніка Валянціна Стэфановіча і каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміра Лабковіча, а таксама завочна Змітра Салаўёва, які вымушаны быў пакінуць Беларусь. Справу прызначаная разглядаць суддзя Марына Запаснік, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае пракурор Аляксандр Кароль. Трое палітзняволеных вясноўцаў утрымліваюцца пад вартай з 14 ліпеня 2021 года — ім пагражае ад 7 да 12 гадоў зняволення. Суд адкрыты — мы онлайн сочым за ходам судовага працэсу.

Вясноўцы на судзе 5 студзеня
Вясноўцы на судзе 5 студзеня

Адвод суддзі, хадайнінцтвы і беларуская мова. Што адбываецца на судзе?

Суд праходзіць у адкрытым рэжыме. Праваабаронцы ў залі суда ўтрымліваюцца ў кайданках і за кратамі. На суд прыйшло каля 30 чалавек, усіх не прапусцілі. Спачатку запусцілі прапагандыстаў, сваякоў, потым астатніх. Спаслаліся на ковідную рассадку, хаця ўсе без масак. Каля 10-12 чалавек не пусцілі, сярод іх прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса.

Усіх прысутных запісалі ў асобны спіс. На суд прыйшлі прадстаўнікі дзяржаўных СМІ і прапагандысты. Алесь Бяляцкі, Уладзь Лабковіч і Валянцін Стэфановіч размаўляюць з суддзёй на беларускай мове. На судзе праваабаронцы заяўляць хадайніцтвы — весці судовы працэс на беларускай мове і зняць кайданкі, бо гэта прыніжае іх годнасць. Суддзя не задаволіла першае хадайніцтва, а другое нават не разглядала.

Алесь Бяляцкі напачатку суда заявіў, што пракурор Аляксандр Кароль таксама павінен выкарыстоўваць у судзе беларускую мову.

"Абвінавачаным было прад'яўленае абвінавачванне на рускай мове. Вы можаце выкарыстоўваць любы з двух дзяржаўных моў, суд вас зразумее", – так абгрунтавала суддзя Запаснік адмову весці судовы працэс на беларускай мове.

Бяляцкі заявіў яшчэ адно хадайніцтва — даць перакладчыка з рускай на беларускую, матываваўшы гэта тым, што ў недастатковай ступені валодае рускай мовай. На гэта абвінавачанаму адказалі, што ён знаёміўся з матэрыяламі крымінальнай справы на рускай мове і пытанняў пра разуменне ў яго не ўзнікла. Суд гэтае хадайніцтва не задаволіў.

Па справе ўсяго 283 тома матэрыялаў справы па 300 старонак — гэта рэкорд па аб'ёме па "палітычнай" справе ў Беларусі. Алесь Бяляцкі заявіў, што не паспеў азнаёміцца з больш за 70 тамоў матэрыялаў крымінальнай справы. Бяляцкі прасіў даць яму час на азнаямленне з матэрыяламі справы. Суд заявіў, што ў яго было дастаткова часу (месяц) для азнаямлення з матэрыяламі справы, і няма падставы для прадастаўлення яму дадатковага часу для азнаямлення. 

Па справе праходзяць каля 100 сведак, было праведзена 120 ператрусаў па ўсёй краіне. Інтарэсы на судзе Змітра Салаўёва прадстаўляе прызначаны следствам адвакат. Алесь Бяляцкі выказаў недавер Марыне Запаснік і заявіў ёй адвод. Валянцін Стэфановіч падтрымаў яго. Чакана хадайніцтва было адхілена.

Хадайніцтвы аб змене меры стрымання

Вясноўцы на судзе 5 студзеня

Абаронца Алеся Бяляцкага заявіла хадайніцтва аб змяненні яго меры стрымання на незвязаную з пазбаўленнем волі. Абаронца прывяла ў якасці аргументу сардэчна-судзінкавае захворванне Бяляцкага. Пракурор Аляксандр Кароль у сваю чаргу заявіў што "матэрыялы справы сведчаць пра тое, што Бяляцкі можа схавацца ад правасуддзя", і ён "не бачыць падстаў для змены яму меры стрымання"Марына Запаснік не задаволіла хайніцтва. Праваабаронца застаецца за кратамі ўжо 18-ы месяц. Такое ж хадайніцтва заявіла абаронца Валянціна Стэфановіча. Суддзя чакана адмовіла ў задавальненні хадайніцтва, матываваўшы гэта тым, што адна з артыкулаў, якая інкрымінуецца Бяляцкаму, адносіцца да катэгорыі цяжкіх. Акрамя таго, на думку суда, існуе верагоднасць таго, што абвінавачаны паспрабуе схавацца ад суда.

На суд па "справе Вясны" прыйшла таксама прапагандыстка Алена Красоўская, якая раней называла сябе праваабаронцай, а цяпер піша артыкулы для "Беларусь Сегодня". Яна і цяпер з залі суда піша арыткул на SB.BY пра суд над вясноўцамі.

Валянцін Стэфановіч заявіў хадайніцтва, каб Красоўскую выдалілі з працэсу, бо яна давала паказанніпа справе як сведка пад іншым прозвішчам – "Карповіч". Але суддзя не задаволіла гэтае хадайніцтва, бо нібыта гэта здагадкі праваабаронцы. Але было пацверджена, што сапраўды прозвішча і імя некаторых сведак мянялі "з-за іх бяспекі".

На працэсе прыступілі да следства. Пракурор Кароль зачытваў абвінавачванне праваабаронцам паўгадзіны. Потым на судзе абвясцілі перапынак на абед, пасля якого дзяржаўны абвінаваўца працягнуў зачытваць абвінавачванні яшчэ на паўтары гадзіны.

Пасля таго, як праваабаронцам зачыталі абвінавачванні, Алесь Бяляцкі заявіў, што яму не ў поўнай меры зразумеў тэкст, бо ён быў агучаны на рускай мове. Суддзя сказала, што гэта можна расцэньваць як зацягванне працэсу. Бяляцкі адказаў, што гэта парушэнне яго правоў.

Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч не прызналі віну ні па адным артыкуле Крымінальнага кодэкса, якія ім ставяцца ў віну.

На працэсе вызначылі наступны парадак судовага следства: адразу дапытаюць сведак, потым вывучаць пісьмовыя матэрыялы справы, і пры неабходнасці рэчавыя, і апошнюю чаргу дапытаюць саміх праваабаронцаў.

На судзе ўжо пачалі дапытваць першага сведку па справе – заснавальніка і галоўнага рэдактара "Народнай волі" Іосіфа Сярэдзіча. Ён дае паказанні на беларускай мове і кажа, што паколькі не з'яўляўся супрацоўнікам "Вясны", таму не ведае пра дзейнасць арганізацыі. Суд цікавіць супрацоўніцтва газеты і Праваабарончага цэнтра наконт артыкулаў у "Народнай Волі" на праваабарончую тэматыку.

Астатнія сведкі, якіх планавалі сёння дапытаць, не з'явіліся ў суд. Двое з іх знаходзяцца за межамі Беларусі, а адзін не прыйшоў па стане здароўя. Суд вырашыў абвясціць іх паказанні, дадзеныя падчас следства. Першымі зачыталі паказанні праваабаронцы "Вясны" Алены Лапцёнак, якую таксама затрымлівалі 14 ліпеня 2021 года.

У судзе абвешчаны перапынак да заўтра – 6 студзеня 10:30.

У чым абвінавачваюць праваабаронцаў? 

Вясноўцы на судзе 5 студзеня
Вясноўцы на судзе 5 студзеня

Згодна з версіяй абвінавачвання, праваабаронцы "дзейнічаючы ў складзе арганізаванай групы з 4 красавіка 2016 года да 14 ліпеня 2021 года пад умовай выкарыстання на тэрыторыі Беларусі для незаконнай дзейнасці і фінансавання ПЦ "Вясна", а таксама іншых арганізацый абнаявілі грошы, якія паступілі ад розных структур і фондаў на банкаўскія рахункі кантраляванай імі замежнай арганізацыі. Затым з дапамогай іншых асоб, дзейнічаючы з адзіным намерам, забяспечылі незаконнае перамяшчэнне наяўных на тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі наяўных сродкаў у буйным памеры праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза ў агульнай суме не менш за 201 тыс. еўра і 54 тыс. долараў ЗША шляхам іх паэтапнага перамяшчэння праз мяжу без дэкларавання".

Паводле матэрыялаў справы, "яны ж ва ўказаным складзе, а таксама з іншымі асобамі наўмысна ажыццявілі падрыхтоўку грамадзян для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фінансаванне і матэрыяльнае забеспячэнне такіх акцый пад выглядам праваабарончай і дабрачыннай дзейнасці, у тым ліку ад імя ПЦ "Вясна", незарэгістраванага фонду "BY_HELP", у перыяд з траўня 2020 года па 14 ліпеня 2021 года".

У прыватнасці, праваабаронцам ставяцца ў віну:

  • аплаты штрафаў за асобных асоб, "прыцягнутых на падставе судовых рашэнняў, якія ўступілі ў законную сілу, да адказнасці за адміністрацыйныя правапарушэнні, звязаныя з парушэннем грамадскага парадку і ўстаноўленага на тэрыторыі краіны парадку кіравання; іншыя правапарушэнні, учыненыя ў сувязі з выразам пратэсту на дзеянні дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь";
  • выплаты такім асобам грашовых кампенсацый за сродкі, затрачаныя імі на аплату штрафаў;
  • аплаты замест некаторых асоб, "якія ўчынілі названыя адміністрацыйныя правапарушэнні, рахункаў за харчаванне ў месцах адбыцця спагнанняў у выглядзе адміністрацыйных арыштаў";
  • аплаты працы адвакатаў, "у тым ліку за абарону ў крымінальных працэсах шэрагу асоб, прызнаных падазраванымі і пасля прыцягнутых у якасці абвінавачаных па крымінальных справах, звязаных з грубым парушэннем грамадскага парадку, выразам пратэсту на дзеянні дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь".

"Для інфармацыйнага суправаджэння сваёй дзейнасці яны выкарыстоўвалі інтэрнэт-рэсурсы ПЦ "Вясна" ў сацыяльных сетках і мэсэнджарах", — гаворыцца ў абвінавачванні.

На падставе пастановы старшыні Следчага камітэта са згоды Генеральнага пракурора ў дачыненні да Зміцера Салаўёва праводзіцца спецыяльная вытворчасць. Крымінальная справа знаходзілася ў вытворчасці Галоўнага ўпраўлення па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі Следчага камітэта.

Узмацненне абвінавачванняў, поўная ізаляцыя, Нобелеўская прэмія міра: паўтара гады ў зняволенні

У "чорную сераду" 14 ліпеня 2021 года па ўсёй Беларусі былі затрыманыя адзінаццаць праваабаронцаў-вясноўцаў, а таксама два былых сябры "Вясны". Ператрусы адбыліся ў офісе "Вясны" на Мяржынскага ў Мінску, гарадзенскім офісе арганізацыі, асветніцкай пляцоўцы "Тэрыторыя правоў". У межах крымінальнай справы ў ІЧУ на Акрэсціна ў якасці падазраваных змясцілі шэсць праваабаронцаў: старшыню "Вясны" Алеся Бяляцкага, намесніка старшыні "Вясны" Валянціна Стэфановіча, каардынтара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміра Лабковіча, праваабаронцу Алену Лапцёнак, каардынатара кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэя Палуду, журналіста Сяржука Сыса, валанцёрку Яўгенію Бабаеву. Таксама затрымалі жонку Уладзіміра Лабковіча Ніну

"Мы будзем побач, нават калі будзем сядзець". Распавядаем пра шасцярых праваабаронцаў-вясноўцаў, якія апынуліся за кратамі 14 ліпеня

Распавядаем пра справу «Вясны» і пра нашых затрыманых калегаў і каляжанак.

У хуткім часе Алесю Бяляцкаму, Валянціну Стэфановічу, Уладзіміру Лабковічу выставілі абвінавачванні па ч. 2 арт. 243 КК, і трох вясноўцаў змясцілі пад варту. Праваабаронцаў абвінавачвалі ў тым, што яны "не зарэгістравалі арганізацыю, якой яны кіруюць, ва ўстаноўленым парадку ў якасці юрыдычнай асобы, а таксама ў якасці падаткаплацельшчыка, і не прадставілі адпаведныя звесткі ў падатковыя органы, чым схавалі ад падатковых органаў звесткі аб ажыццяўлёных выплатах, асобаў, якія выплацілі ад імя арганізацыі працы (якія аказалі паслугі) і ўхіліліся ад прызнання арганізацыі падатковым агентам". Год яны ўтрымліваліся ў СІЗА-1 у поўнай ізаляцыі і дрэнных умовах, якія вельмі пагоршылі здароўе праваабаронцаў.

Напрыканцы верасня крымінальную справа ў дачыненні да праваабаронцаў паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (нявыплата падаткаў) спынілі. Але Алеся Бяляцкага, Уладзіміра Лабковіча і Валянціна Стэфановіча не вызвалілі з-пад варты — ім выставілі новыя больш жорсткія абвінавачванні. Цяпер іх абвінавачваюць у кантрабандзе (незаконным перамяшчэнні праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза ў буйным памеры наяўных грашовых сродкаў арганізаванай групай) паводле ч. 4 арт. 228 Крымінальнага кодэкса і фінансаванні групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Вядома, што прэтэнзіі дзяржавы застаюцца ўсё да той жа сумы грошай, якая фігуравала ў абвінавачванні за неуплату падаткаў, але цяпер дзеянні праваабаронцаў у адносінах да іх вырашылі кваліфікаваць па-іншаму. Тром палітзняволеным вясноўцам цяпер пагражае ад 7 да 12 гадоў зняволення. 

7 кастрычніка стала вядома, што старшыня Праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі разам з украінскім “Цэнтрам грамадзянскіх свабод” і расійскім “Мемарыялам” стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру. 10 снежня ў Міжнародны дзень правоў чалавека ў Осла адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння Нобелеўскай прэміі міру. Праваабаронца не змог асабіста атрымаць узнагароду, бо ўтрымліваецца за кратамі, таму прэмію замест Бяляцкага атрымала ягоная жонка Наталля Пінчук.


Цяпер палітзняволеным вясноўцам вельмі патрэбная салідарнасць і падтрымка! Зрабіць гэта можна лістамі, пасылкамі і грашовымі пераводамі: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму, Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу, Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства