Затрыманы пачынальнік беларускага LiveJournal, абвінавачанне за прапаганду беларускай культуры: хроніка пераследу 10 студзеня Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 10 студзеня 2023 года збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Следчы камітэт скончыў расследаванне справы ў дачыненні да адваката Аляксандра Данілевіча
Аляксандра Данілевіча абвінавачваюць у тым, што ён заклікаў да санкцый у дачыненні да беларускага спорту і займаўся «дыскрэдытацыяй айчынных прадпрыемстваў перад замежнымі партнёрамі».
«Падчас расследавання ўстаноўлена, што, нягледзячы на наяўнасць вышэйшай юрыдычнай адукацыі і практыкі ў прававой сферы, адвакат вырашыў аказаць падтрымку экстрэмістам і прыхільнікам прававога нігілізму», — гаворыцца ў паведамленні СК.
Дзеянні Данілевіча кваліфікаваны следствам па наступных артыкулах Крымінальнага кодэкса Беларусі:
- ч.6 арт. 16 і ч.3 арт. 361 (дапамога ў закліках да мер абмежавальнага характару);
- ч.1 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Расследаванне крымінальнай справы завершана, матэрыялы перададзены пракурору для накіравання ў суд.
Затрымалі аднаго з пачынальнікаў беларускамоўнага ЖЖ Івана Марозава
Мяркуючы па відэа сілавікоў, мужчыне закідаюць удзел у пратэстах у 2020 годзе. А таксама відавочна жартаўлівы каментар пра тое, што ён атакаваў бы хаймарсамі спецназ, каб яны стаялі ў яго гаражы, паведамляе «Наша Ніва».
Фігурантак «справы TUT.ВY» Алену Талкачову, Вольгу Лойку і Кацярыну Ткачэнку абвясцілі ў вышук
Іх затрымалі 18 траўня 2021 года ў межах крымінальнай справы, пачатай супраць TUT.BY за ўхіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса), але потым ім змянілі меру стрымання.
Яны не з'явіліся 9 студзеня на судовы працэс па «справе TUT.ВY», бо з'ехалі за мяжу.
Як паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы, крымінальная справа ў дачыненні да іх вылучана ў асобную судовую вытворчасць. Яны абвешчаныя ў вышук.
Палітвязню Паўлу Белавусу прад'яўлена абвінавачанне
Як паведамляе Следчы камітэт, Павел Белавус «пад выглядам культурна-гістарычнага развіцця ў розных агульнадаступных сацыяльных сетках і на сайтах распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму, мэтай якіх была змена дзяржаўнай улады ў Беларусі».
Паведамляецца, што Павел «стымуляваў варожасць суайчыннікаў у адносінах да Радзімы. Сваімі злачыннымі дзеяннямі Белавус на працягу дзесяці гадоў ставіў пад пагрозу знешнюю і ўнутраную бяспеку дзяржавы».
Па выніках расследавання 35-гадоваму палітвязню прад'яўлена абвінавачанне паводле ч.1 арт.356 (здрада дзяржаве), ч.1 арт.342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч.3 арт.361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), ч.1 арт.361-1 (кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем).
«Укантакце» заблакаваў суполку «Вясны» на тэрыторыі Беларусі
Тэхпадтрымка сацсеткі спасылаецца на падпункт 1.3 пункта 1 арт. 38 Закона «Аб сродках масавай інфармацыі».
У гэтым падпункце гаворка ідзе пра інфармацыю, «накіраваную на прапаганду вайны, экстрэмісцкай дзейнасці ці якая змяшчае заклікі да такой дзейнасці, парнаграфіі, гвалту і жорсткасці, у тым ліку якая прапагандуе ці падахвочвае да самагубства, іншай інфармацыі, распаўсюджванне якой здольна нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам РБ».
Яшчэ VK заблакаваў старонку выдання «Зеркало» і канала "Белсат" на тэрыторыі Беларусі таксама па патрабаванні Мінінфарма. Пра гэта паведамляе @zerkalo_io.
У Светлагорску на працоўным месцы затрымалі мужчыну
У мінулую пятніцу ў КЖУП «Светач» прыйшлі сілавікі і затрымалі супрацоўніка Уладзіміра Адзінца. Яму апранулі кайданкі і павезлі, меркавана, у РАУС.
Папярэдне вядома, што прычынай сталі каментары ў сацыяльных сетках. Далейшы лёс Уладзіміра высвятляецца.
Выдавецтва "Янушкевіч" пазбавілі выдавецкай ліцэнзіі ў Беларусі
"Выдавецтва „Янушкевіч“ пазбаўлена выдавецкай ліцэнзіі ў Беларусі. У судовым парадку. Найверагодней, быў прыменены арт. 33 Закона аб выдавецкай справе. Калі не памыляемся, такое здараецца ўпершыню ў найноўшай гісторыі", — паведамляе Тэлеграм-канал выдавецтва.
Выдавецтва займаецца выданнем кніг на беларускай мове.
Палітзняволенай Сафіі Сапезе адмовілі ў памілаванні
Пра гэта распавёў @mediazona_by яе адвакат Антон Гашынскі.
Нагадаем, Гродзенскі абласны суд 6 траўня 2022 году асудзіў Сафію Сапегу да 6 гадоў калоніі. Палітзняволеную абвінавацілі адразу паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Таксама з яе спагналі на карысць пацярпелых матэрыяльную кампенсацыю маральнай шкоды на агульную суму 167 500 рублёў.
Сафію затрымалі 23 траўня 2021 года разам з Раманам Пратасевічам — самалёт авіякампаніі Ryanair, у якім яны ляцелі, прымусілі зрабіць пасадку ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск».
Інфармацыя дапаўняецца.