Хутка пачнуць судзіць "рэйкавых партызанаў" з Бабруйску. Аднаго з іх паранілі падчас затрымання
У Магілёўскім абласным судзе 23 студзеня распачынаецца суд над бабруйскімі "рэйкавымі партызанамі" Дзмітрыем Клімавым, Уладзімірам Аўрамцавым, Яўгенам Мінкевічам. Іх затрымалі ў ноч на 30 сакавіка 2022 года. Паводле версіі абвінавачвання, яны датычныя да знішчэння двух рэлейных шаф сігнальнай ўсталёўкі пад Асіповічамі. Падчас затрымання Дзмітрый Клімаў быў паранены сілавікамі. Бабруйчанаў будуць судзіць па пяці цяжкіх артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за "акт тэрарызму", "здраду дзяржаве" і "ўдзел у тэрарыстычнай арганізацыі". Суддзя Ігар Шведаў будзе разглядаць гэтую справу ў закрытым рэжыме. Ім пагражаюць вялікія турэмныя тэрміны.
Што здарылася вясной 2022 года?
У ноч на 30 сакавіка 2022 года пры сілавой падтрымцы САХРа былі затрыманыя трое "рэйкавых партызанаў" з Бабруйску. Пра гэта 6 красавіка паведаміла МУС. На аператыўнай здымцы ў аднаго з іх перабінтаваныя калені, і ён з цяжкасцю адказвае на пытанні аператыўнікаў, у другога кроў на твары, а трэці моцна напалоханы. Па інфармацыі ведамства, "падчас затрымання мужчыны аказалі актыўны супраціў і паспрабавалі ўцячы". Сілавікі ўжылі зброю на паражэнне. Адзін з затрыманых быў паранены і нейкі час знаходзіўся ў лячэбнай установе. Іншым аказана меддапамога на месцы. Як вынікае з аператыўнага відэа, пры затрыманні быў паранены Дзмітрый Клімаў. На відэа затрымання ў яго перавязаныя калены, а ў ізалятары ён кульгае.
Бабруйчанаў змясцілі пад варту. За кратамі яны знаходзяцца 10 месяцаў.
Па якіх артыкулах іх будуць судзіць?
Палітвязням інкрымінуецца адразу пяць артыкулаў Крымінальнага кодэкса:
- ч. 3 арт. 289 — акт тэрарызму арганізаванай групай;
- ч. 2 арт. 290-4 — удзел у арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці;
- ч. 1 арт. 356 — здрада дзяржаве;
- ч. 4 арт. 309 — наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў злучэння;
- ч. 2 арт. 406 — неданясенне аб злачынстве.
Раней па артыкуле за "ўдзел у арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці" судзілі толькі фігурантаў "справы АГСБ". Бабруйскіх партызанаў судзяць за сувязь з ByPOL і план "Перамога".
Што адметна, "рэйкавых партызанаў" не ўнеслі яшчэ ні ў "Спіс экстрэмістаў", ні ў "Спіс тэрарыстаў".
Што вядома пра палітвязняў?
28-гадовы Дзмітрый Клімаў у мінулым працаваў кіроўцам у некалькіх арганізацыях і таксістам. Таксама ён працаваў у Калінкавіцкім Дэпартаменце аховы з пачатку 2017 года да траўня 2018-га, а затым прапаршчыкам міліцыі да звальнення ў жніўні. Дзмітрый жанаты, у яго ёсць чатырохгадовая дачка.
27-гадовы Уладзімір Аўрамцаў вучыўся ў Бабруйскім вучылішчы алімпійскага рэзерву і ў БДАТУ. Ён займаўся барацьбой і выступаў на спаборніцтвах па грэплінгу — чэмпіянаце Беларусі і ADCC Belarus Open. Уладзімір працаваў трэнерам у Бабруйскім фітнес-цэнтры "Ева".
28-гадовы Яўген Мінкевіч, як і Уладзімір Аўрамцаў, скончыў вучылішча алімпійскага рэзерву — ён адвучыўся ў МДПУ імя Шамякіна на факультэце фізічнай культуры. Ён працаваў санітарам у бабруйскай хуткай дапамогі, а таксама таксістам ў розных сэрвісах.
Падтрымайце палітвязня лістамі салідарнасці, пасылкамі і грашовымі пераводамі: Турма №4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А (Яўгену Віктаравічу Мінкевічу, Дзмітрыю Аляксандравічу Клімаву, Уладзіміру Аляксандравічу Аўрамцаву)