Затрыманне экс-кандыдата ў прэзідэнты, ціск на палітвязняў, "экстрэмісцкія" матэрыялы: хроніка пераследу 11-12 студзеня Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 11-12 студзеня 2023 года збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
"Укантакце" пачаў масавую блакіроўку беларускіх "экстрэмісціх" суполак
10 студзеня паведамлялася пра блакіроўку суполак «Вясны», «Зеркало», «Медыязоны», «Белсату» і іншых беларускіх арганізацый і СМІ.
11 студзеня стала вядома пра блакіроўку на тэрыторыі Беларусі буйной суполкі «Типичный Борисов», якая мае больш за 81 тысячу падпісантаў. Інфармацыйныя прадукцыя гэтай старонкі была прызнаная «экстрэмісцкімі матэрыяламі» напрыканцы 2021 году.
Чарговы чат беларускай дыяспары быў прызнаны "экстрэмісцкім"
Згодна з рашэннем суда Баранавіцкага раёну і Баранавічаў ад 5 студзеня, інфармацыйная прадукцыя тэлеграм-чата «BelPoznan Навіны + Важнае» прызнаная «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
30 лістапада «экстрэмісцкімі матэрыяламі» быў прызнаны Telegram-чат «Беларусы Вроцлава». Ён стаў першым чатам беларускай дыяспары, які ўлады прызналі «экстрэмісцкім». Пазней улады прызналі «экстрэмісцкай» Instagram-старонку беларускай дыяспары ў Аўстрыі.
Таксама сёння спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнілі telegram-каналы і чаты «Витебск Герцена», «ЧАТ БЕЛАРУСЬ СЕЙЧАС», «Фаниполь Бай.Обсуждения», «Черкассы/Чечино».
Палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына змясцілі ў карцар на 7 сутак
Там палітвязень захварэў і быў вымушаны звярнуцца да медыкаў.
"Фэльчар агледзеў Дзяніса і прыняў рашэнне перамясціць яго ў карантын, перапыніўшы такім чынам адбыццё «пакарання» ў карцары. Прычым фізічны стан Дзяніса быў настолькі кепскім, што медык дазволіў яму ўдзень ляжаць на ложку. Сам Дзяніс казаў, што адчувае праблемы з дыханнем, магчыма гаворка йдзе пра віруснае рэспіраторнае захворванне", – піша жонка Івашына.
Падтрымайце палітвязня: Турма №1, 230023, Гродна, Кірава, 1, Дзянісу Яўгенавічу Івашыну
Напісаць анлайн
Шэсць дзён няма ніякай сувязі з расійскай праваабаронцай, затрыманай пасля суда па «справе Вясны» — да яе не пускаюць адваката
Адвакатка расійскай праваабаронцы і журналісткі Кацярыны Яньшынай, якая супрацоўнічае з Мемарыялам, паведаміла, што яе не пускаюць сустрэцца з падабароннай.
Як паведамляе @polniypc, спачатку супрацоўнікі ІЧУ на Акрэсціна зусім адмаўлялі, што праваабаронца знаходзіцца там. Пасля апраўдвалі адмову тым, што ўсе следчыя кабінеты занятыя. Некалькі разоў яны прызначалі новы час для наведвання, але кожны раз у выніку пераносілі. Адвакату так і не ўдалося патрапіць у ІЧУ. З Кацярынай няма ніякай сувязі ўжо 6 дзён.
Праваабаронцу і журналістку, якая супрацоўнічае з «Мемарыялам», затрымалі пасля першага судовага пасяджэння па «справе Вясны». Пазней яе арыштавалі на 15 сутак.
Затрымалі былога кандыдата ў прэзідэнты і кіраўніка арганізацыі "Гавары Праўду" Андрэя Дзмітрыева
Пра гэта 11 студзеня паведаміла @mediazona_by са спасылкай на яго калегу. Падрабязнасці затрымання пакуль невядомыя.
UPD. Андрэй Дзмітрыеў знаходзіцца на Акрэсціна
Пра гэта паведамляе @nashaniva са спасылкай на яго суполку ў фэйсбуку.
Прычына затрымання невядомая.
Сілавікі затрымалі прадпрымальніка, які нібыта "пералічваў грашовыя сродкі фонду BYSOL"
Пра гэта паведамляе @mediazona_by са спасылкай на праўладныя тэлеграм-каналы.
Паводле сілавікоў, супраць затрыманага распачалі крымінальную справу аб фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці (артыкул 361-2 КК). На «пакаяльным» відэа ён кажа, што «пералічваў грашовыя сродкі фонду BYSOL».
UPD. Па інфармацыі @flagshtok, затрыманы — Юры Ташкінаў.
60-гадоваму вязню ў СІЗА-3 не перадаюць лекі і не выдаюць дазвол на іх атрыманне
60-гадовага Гомельскага барда Аляксея Ільінчыка затрымалі ў жніўні 2022 і змясцілі ў СІЗА-3, дзе ён утрымліваецца дагэтуль. Прычына затрымання невядомая.
Як паведамляе «Гомельская Вясна», цяпер Аляксей утрымліваецца ў санчастцы, дзе для яго не прымаюць медпрэпараты і нават не даюць дазвол на іх атрыманне. Адміністрацыя СІЗА тлумачыць гэта тым, што, нібыта, усе неабходныя прэпараты для яго лячэння ёсць і дапамога аказваецца.
ГУБАЗіК затрымаў праграміста нібы за перадачу дадзеных у "Чорную кнігу Беларусі"
На «пакаяльным відэа» аб гэтым распавядае затрыманы. Акрамя перадачы інфармацыі ў ЧКБ пра супрацоўніка АМАПу, мужчына пакідаў каментары ў пратэсных чатах пра дзеянні беларускіх уладаў і аб расейскіх ваенных на тэрыторыі Беларусі.
Палітвязня Яўгена Прапольскага ўтрымліваюць у ПКТ
Яўгена асудзілі да 8 гадоў калоніі па справе «ўдзельнікаў чата». На судзе ен распавёў пра катаванні: «Мяне прымушалі пісаць чыстасардэчнае прызнанне на імя начальніка УСК. Мне пагражалі, катавалі — білі маім электрашокерам. Добраахвотна я не пісаў заяву. Потым у мяне праблемы са здароўем былі: было дрэнна, кружылася галава, была адбітая нага».
Напачатку жніўня з палітвязнем цалкам знікла сувязь — лістоў ад яго не было, спатканняў з ім не давалі, у самой калоніі сваякам нічога не казалі. У адным з тэлеграм-чатаў, звязаных з бабруйскай ПК № 2, з'явілася інфармацыя, што Яўген нібыта спрабаваў збегчы з калоніі — аднак родныя не верылі ў гэта. У жніўні стала вядома, што яго бесперапынна ўтрымлівалі ў ШІЗА два месяцы запар.
Цяпер хлопца ўтрымліваюць у ПКТ, адкуль ён павінен выйсці праз тыдзень.
Падтрымайце палітвязня: ПК № 2. 213800, Бабруйск, Сікорскага, 1, Яўген Уладзіміравіч Прапольскі
Напісаць анлайн
Інфармацыя дапаўняецца