Больш "тэрарыстаў", больш "экстрэмістаў", больш крыміналак: хроніка пераследу 13 студзеня Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 13 студзеня 2023 года збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У тым ліку і за фота з Хілары Клінтан — узбудзілі крымінальную справу на Андрэя Дзмітрыева
Былы кандыдат у прэзідэнты Андрэй Дзмітрыеў затрыманы па крымінальнай справе — СК паведаміў, што палітык часта ездзіў за мяжу.
Следчы камітэт паведамляе, што Дзмітрыеў нібыта ўдзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту, таму стаў падазраваным паводле «народнага» арт. 342 Крымінальнага кодэкса.
Ведамства піша, што палітык «599 разоў перасякаў дзяржаўную мяжу Беларусі, з іх 33 - пасля 2020 года. Следства мяркуе, што наяўнасць кантактаў у Дзмітрыева з прадстаўнікамі Захаду і ЗША можа сведчыць аб каардынацыі яго «палітычнай» дзейнасці з-за мяжы».
У канцы снежня затрымалі экспертку па этыкеце Аксану Зарэцкую
Сілавікі затрымалі экспертку па этыкеце Аксану Зарэцкую. Адбылося гэта яшчэ летась у снежні.
Па інфармацыі праваабаронцаў, культуралагіня знаходзіцца ў СІЗА-1 на Валадарскага. Аксана — член асноўнага складу Каардынацыйнай Рады, трэнерка па этыкеце і бізнэс-камунікацыях, магістарка педагогікі.
Падрабязнасці і прычыны затрымання Зарэцкай пакуль невядомыя.
У «тэрарыстычны спіс» дадалі яшчэ трох чалавек — цяпер у ім 250 беларусаў
Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы яшчэ трох чалавек.
Сярод іх палітзняволены супрацоўнік EPAM Сяргей Кірэенка, а таксама Міхаіл Шакураў і Мікалай Амельчанка.
Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 996 чалавек, з іх 250 — беларусы.
Каналы былога кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Алега Казлова прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі»
Пра гэта паведамляе @mediazona_by
У тэлеграме на яго падпісаны 36 чалавек, а на ютубе — 41.
КДБ перадаў у генпракуратуру «справу ўдзельнікаў злачыннай групы, абвінавачаных у тэрарызме»
У якасці абвінавачаных па крымінальнай справе праходзяць 18 чалавек: Вадзім Пракоп'еў, Дзяніс Хаміцэвіч, Ігар Чамякін, Віталь Вайцяховіч, Анастасія Вайцяховіч, Уладзіслаў Вайцяховіч, Вольга Вайцяховіч, Сяргей Лісоўскі, Аляксей Міхайлаў, Дзмітрый Невяркевіч, Эдуард Пястрак, Вольга Петух, Мікалай Рой, Уладзімір Савянкоў, Сяргей Сакалоў, Дзяніс Філончык, Павел Чыхінскі і Пётр Юркевіч.
У адносінах да ўсіх абвінавачаных прыменена мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту (у дачыненні да Вадзіма Пракоп'ева, Дзяніса Хаміцэвіча і Ігара Чамякіна — завочна).
Жыхара Слоніма затрымалі за захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў у Facebook
Днём 11 студзеня каля пад’езда дома на вуліцы Яршова ў Слоніме работнікі міліцыі затрымалі слонімскага актывіста Паўла Севасцьяна.
«Недзе ў гадзін 14-ць я ішоў дамоў, калі ля пад’езда дома пачуў вокрык: “Стой!”. Калі азірнуўся, то ўбачыў, што трое ў балаклавах бягуць у мой бок. На мяне надзелі кайданкі, пасадзілі ў машыну і павезлі ў райаддзел міліцыі.
Потым участковы склаў пратакол паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП, і мяне змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання."
Ютуб і тэлеграм-канал жыхара Хойнікаў прызнаныя экстрэмісцкімі фармаваннямі
Жыхар Хойнікаў Алег Казлоў у сваіх каналах дзяліўся з нешматлікімі падпісчыкамі думкамі на грамадска-палітычныя тэмы.
У ютубе з пачаткам расейскай агрэсіі размясціў некалькі відэа з рухам расейскай тэхнікі.
Абнаўляць свае сеткі Алег Казлоў перастаў у верасні 2022 года. Дзе ён знаходзіцца сёння, невядома.
У Бабруйску затрымалі дырэктара крамы за выказванне ў падтрымку Украіны
Праваабаронцам стала вядома, што з 14 снежня ў ІЧУ утрымліваюць жыхара Бабруйскага раёну Сяргея Герасiменю.
38-гадовага мужчыну абвінавачваюць у распальванні міжнацыянальнай варожасці за выказванне ў падтрымку украінскіх вайскоўцаў.
Мужчыну трымаюць у холадзе, яму не даюць матраса і падушкi.
Адразу 12 кніг прызналі «экстрэмісцкімі»
У «спіс забароненай літаратуры» рашэннем суда Цэнтральнага раёну Менска трапілі:
«Беларусь превыше всего! (О национальной беларуской идее)», Анатоль Тарас;
«Год 1942 – учебный», Уладзімір Бешанаў;
«Забытая Беларусь», Вадзім Дзеружынскі;
«Запiсы таварыства аматараў беларускай гiсторыi iмя Вацлава Ластоўскага. Выклiкi "рускага свету" i Беларусь. Выпуск. 6», Анатоль Тарас;
«Большая кровь: Как СССР победил в войне 1941 – 1945 гг.», Сяргей Захарэвіч;
«Нацыянальна-культурнае жыццё на Беларусi ў часы вайны (1941 – 1944 гг.)», Леанід Лыч;
«Постсоветский транзит: между демократией и диктатурой: Сборник статей», Анатоль Тарас;
«Праблемы гуманiтарная бяспекi Беларусi: Матэр'ялы навукова-практычнай канферэнцыi»;
«Тень Победы», Віктар Сувораў;
«Страницы прошлого: статьи по истории Беларуси», Анатоль Тарас;
«Трансфармацыi ментальнасцi беларусаў у IXX ст. – Матэр'ялы навукова-практычнай канферэнцыi»;
«Кто, как и зачем убил Вильгельма Кубе», Алег Усачоў.
Праваабаронцам стала вядома, што паўтара месяца таму ў Мінску быў затрыманы Сяргей Козел. Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА-1
Да затрымання Сяргей працаваў настаўнікам гісторыі ў мінскай школе № 30. Мужчына скончыў гістфак БДУ і яшчэ са школьных гадоў вельмі захапляецца вывучэннем гісторыі.
Затрымалі экскурсаводаў Алеся Варыкіша, Наталлю Жданок ды Івана Сацукевіча
Яны ехалі з экскурсіяй больш за 80 чалавек на абрад «Калядных цароў» у вёску Семежаў Менскай вобласьці. Па дарозе іх арыштавалі, паведамляе @radiosvaboda.
У Магілёве затрымалі прафесара, доктара сацыялагічных навук Юрыя Бубнова
Папярэдне, гэта здарылася яшчэ 12 студзеня — вучонага затрымалі прама на кафедры ўніверсітэта, дзе ён працуе.
Юрый Бубноў — загадчык кафедры гуманітарных дысцыплін, доктар сацыялагічных навук. Яго партрэт знаходзіцца на дошцы гонару ветэранаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта тэхналогій.
У Магілёве Бубноў вядомы як эксперт-сацыёлаг, адзін са стваральнікаў Цэнтра гарадскіх ініцыятыў і фестывалю «Дранік-фэст», піша @MAYDAYMog.
У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 30 чалавек — цяпер у ім 2311 чалавек
13 студзеня МУС чарговы раз абнавіла «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Акрамя іншых, у спіс дадалі журналістку Ксенію Луцкіну, былога ўдзельніка «Дома-2» Давіда Анташвілі, кіроўцу таксі з Ліды Эдварда Вільчэўскага, экскурсаводку Аксану Манкевіч.
Інфармацыя дапаўняецца.