viasna on patreon

Пачаўся суд над вядомым гарадзенскім журналістам і сябрам "Саюзу палякаў Беларусі" Андрэем Пачобутам Дапоўнена

2023 2023-01-16T09:33:56+0300 2023-01-16T17:57:33+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/pachobut-sud-4.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Андрэй Пачобут

Андрэй Пачобут

Гродзенскі абласны суд пачынае 16 студзеня разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да вядомага гарадзенскага журналіста і сябра "Саюзу палякаў Беларусі" Андрэя Пачобута. Разгляд справы журналіста неаднаразова пераносілі: спачатку працэс прызначалі на 28 лістапада, затым на 9 студзеня, цяпер — на 16 студзеня 2023 г.

Судовы працэс вядзе суддзя Дзмітрый Бубенчык.

Палітзняволенага журналіста абвінавачваюць у закліках да дзеянняў абмежавальнага характару, якія скіраваныя на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу), а таксама ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці (ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса).

Андрэй Пачобут быў затрыманы 25 сакавіка 2021 года ў Гародні пасля ператрусу ў сваім доме. Затым яго даставілі ў Цэнтральны апарат Следчага камітэту ў Мінску, дзе адбыўся допыт. Яго пакінулі пад вартай у СІЗА-1 на Валадарскага напачатку ў статусе падазраванага па крымінальнай справе паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэксу. Пазней быў пераведзены ў жодзінскую следчую турму № 8. Зараз - у турме №1 Гародні.

У абвінавачанні супраць журналіста гаворыцца, што Пачобут у медыях назваў агрэсіяй напад СССР на Польшчу ў 1939 годзе. Акрамя гэтага яму інкрымінавалі заявы ў абарону польскай меншасці ў Беларусі, артыкулы ў Gazeta Wyborcza пра беларускія пратэсты ў 2020-м і тэкст у Magazyn Polski, напісаны ў 2006 годзе і прысвечаны Анатолю Радзівоніку, аднаму з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падполля на Гродзеншчыне. Таксама вядома, што ўвосень 2021 года Пачобут адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі.

4 кастрычніка 2022 г. КДБ дадаў журналіста ў "Спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці".

У сярэдзіне жніўня 2022 года, калі Пачобут пачаў знаёміцца са справай. Стала вядома, што палітвязню таксама выставілі абвінавачанне паводле ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы).

Андрэй Пачобут у судзе
Андрэй Пачобут у судзе

У Пачобута маюцца сур’ёзныя праблемы са здароўем, пры гэтым яго змяшчалі ў карцар. Журналісту практычна блакуюць перапіску, асабліва на польскай мове.

Раней, у 2013 годзе, Андрэй Пачобут быў асуджаны з адтэрміноўкай прысуду паводле крымінальнай справы за нібыта паклёп на Аляксандра Лукашэнку. Быў вызвалены ад адбыцця пакарання ў сувязі з тым, што ён не парушаў заканадаўства - паклёпу ў ягоных словах новы суд не знайшоў. 

Як стала вядома, судовы працэс будзе праходзіць у закрытым рэжыме.  На гэтым настаяў бок пракуратуры. На працэс спачатку пусцілі толькі бліжэйшых сваякоў і некалькіх актывістаў. Пазней ўсіх выставілі ў калідор. Журналісту можа пагражаць ад 5 да 12 год пазбаўлення волі.

Тым часам МЗС Польшчы заклікала ўлады Беларусі вызваліць Анджэя Пачобута і зняць з яго і Анжалікі Борыс палітычна матываваныя абвінавачанні.

«Міністэрства замежных спраў з расчараваннем успрыняло інфармацыю аб пачатку ў Беларусі судовага працэсу над Анджэем Пачобутам. Абвінавачанні супраць яго лжывыя і палітычна матываваныя».

Арышт і суд над Анджэям Пачобутам МЗС называе «чарговым прыкладам выкарыстання сістэмы правасуддзя як інструмента з парушэннем усіх дэмакратычных прынцыпаў, а таксама адзін з элементаў антыпольскай кампаніі».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства