viasna on patreon

Новыя абвінавачанні палітвязням і пагаршэнне ўмоў утрымання: хроніка пераследу 15-16 студзеня Дапоўнена

2023 2023-01-16T12:37:00+0300 2023-01-17T09:24:41+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/baudzej-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 15-16 студзеня 2023 года збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

ГУБАЗіК затрымаў праграміста па "справе ЧКБ"

Як паведамляе «Наша Ніва», на «пакаяльным» відэа сілавікоў — 33-гадовы Міхаіл Баўдзей. Усе ягоныя сацсеткі закрытыя, таму пра яго вельмі мала інфармацыі, акрамя таго, што ён праграміст і працуе на ўласным ІП.

Калі верыць відэа сілавікоў, то мужчына перадаў у бот ЧКБ зусім нязначную інфармацыю — нейкае ўдакладненне. Таксама ў відэа прыводзіцца ягоны каментар, дзе ён жадае Украіне поспехаў у вайне, але сумняецца ў сіле ўкраінскай разведкі — і гэта быццам бы з'яўляецца «абразай расіянаў».


Спачтку арышт на 15 сутак, затым крымінальная справа

Праваабаронцам стала вядома, што пасля 15-суткавага адміністрацыйнага арышту супраць жыхаркі Мінска Алы Новікавай узбуджаюць крымінальную справу.

Спачатку тэлефон жанчыны праверылі і высветлілі, што яна  падпісаная на “экстрэмісцкі” тэлеграм-канал “Чкалава Інфа", дзе зрабіла рэпост. Ужо ў ІЧУ ў інтэрнэце знайшлі фота Новікавай з пратэстаў.


Палітвязня Сяргея Ярашэвіча збіраюцца судзіць за "за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі"

У траўні 2021 давераную асобу Ціханоўскай Антаніну Канавалаву разам з яе палітзняволеным мужам Сяргеем асудзілі  да 5,5 годоў калоніі па справе «Арміі з народам». Іх абвінавацілі ў «падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках» і ў «падрыхтоўцы беспарадкаў». У Антаніны і Сяргея на волі засталіся двое маленькіх дзяцей: Ваня і Насця.

Вядома, што ў жніўні адміністрацыя ваўкавыскай калоніі змяшчала Сяргея ў ШІЗА, а потым яго перавялі ў ПКТ.

26 студзеня палітвязня пачнуць судзіць паводле ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Справу будзе разглядаць суддзя Ваўкавыскага раёна Мікалай Сяргейка.


Палітвязня Івана Андрушойця змясцілі ў ПКТ

Іван Андрушойць — фігурант «справы ўзлому кампутарнай сістэмы Мінгарвыканкама», які знаходзіцца за кратамі ўжо 26 месяцаў. Яго абвінавацілі паводле шасці артыкулаў Крымінальнага кодэкса.

Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, "абвінавачаныя з дапамогай шкоднаснага ПЗ атрымалі доступ да кампутарных сістэм КУП "ЦІТ Мінгарвыканкама" і ГУУС Мінгарвыканкама, што пацягнула за сабой парушэнне нармальнай працы прадпрыемстваў і дзяржорганаў, а таксама гэтыя асобы скапіявалі і выдалілі файлы розных фарматаў і ўнеслі ў іх загадзя ілжывую інфармацыю".

У судзе Заводскага раёна Мінска 28 студзеня 2022 яму агучылі прысуд — 3,5 гады калоніі.

У траўні 2022 года Івана этапавалі ў бабруйскую калонію № 2. Стала вядома, што адміністрацыя калоніі змясціла Івана ў ПКТ да заканчэння тэрміну.


Сяргею Ціханоўскаму прад'яўлена новае абвінавачанне

Па дадзеных следства, палітвязень падчас адбыцця тэрміну «сістэматычна дапушчаў непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, правакаваў канфлікты, у тым ліку з сукамернікамі. За гэта неаднаразова падвяргаўся спагнанням».

Сяргей Ціханоўскі. Фота: svaboda.org, Уладзь Грыдзін

Дзеянні Ціханоўскага кваліфікаваны па ч.2 арт.411 (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы) Крымінальнага кодэкса Беларусі.


Суд у Гомелі адхіліў скаргу Ларысы Шчыраковай на ўтрыманне пад вартай

Суд Навабеліцкага раёна Гомеля 16 студзеня разгледзеў скаргу былой журналісткі Ларысы Шчыраковай на ўтрыманне пад вартай. Судовае пасяджэнне вёў суддзя Аляксандр Зінчук. Скарга не задаволена, Шчыракова па-ранейшаму застаецца ў СІЗА-3.

Ларыса Шчыракова ў судзе. Фота са старонкі ў фэйсбуку Андрэя Мядзведзева.

Дэталі разбіральніцтва невядомыя, паколькі суд прайшоў у закрытым рэжыме.


Чарговага беларуса затрымалі пасля вяртання з Польшчы

Мужчыну завуць Дзмітрый Палішэвіч. Яго затрымалі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў (арт.19.11 КаАП), абразу Аляксандра Лукашэнкі (арт. 368 КК РБ) і супрацоўнікаў міліцыі (арт. 369 КК РБ).

Вядома, што напярэдадні Дзмітрый вярнуўся ў Беларусь з Польшчы.

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства